Аляксандр Тамковіч Чым пахнуць смаргонскія грошы

публіцыст, пісьменнік

Рымскі імператар Ціт Флавій Вэспасіян, які першым прыдумаў платныя туалеты, сцвярджаў, што грошы не пахнуць. Напэўна, жыхары Смаргоні, што на Гарадзеншчыне, з гэтым не пагодзяцца. Для іх апошнія пяць год грошы пахнуць фармальдэгідам.

У 2012 годзе тут зʼявілася прадпрыемства «Кроноспан», якое эколагі лічаць адным з самых шкодных у свеце. Гавораць менавіта па гэтай прычыне ў цывілізаваных краінах іх заводы, скажам мякка, сталі не пажаданымі. А там, дзе тыя яшчэ працуюць, экалагічны маніторынг праводзіцца так жорстка, што можна нават гаварыць пра татальны кантроль.

Кампанія «Кроноспан» (Kronospan) паходзіць з Аўстрыі, выпускае добра вядомы ламінат, большасць якога экспартуецца ў Расею, што адразу вызывае пытанне – нашто вырубаць беларускія лясы, калі хапае расейскіх…

Даводзілася чуць (і шмат чытаць), што ў апошні час прадпрыемствы «Кроноспан» вельмі моцна «наслядзілі» у Румыніі і януковіцкай Украіне, што яны працуюць у «краінах трэцяга свету», дзе значна больш карупцыі і таталітарызму, дзе думаюць не пра здароўе нацыі, а пра асабісты гаманец.

Kronospan дыміць у Нямеччыне. Фота Werner Wilmes

Не буду сцвярджаць, што ўсё менавіта так і ёсць, бо да падобных высноваў здольны прыйсці толькі суд.

Бясспрэчны факт у іншым. За пяць год актыўнай дзейнасці, «Кроноспан» стаў адным з «лідараў» Гарадзенскай вобласці ў сэнсе парушэнняў экалагічных нормаў, і я не здзіўлюся, калі тое ж самае можна будзе сказаць і пра памеры ўсёй краіны…

Але справа не толькі ў гэтым. Сумная сутнасць у тым, што звычайна экалагічна шкодным прадпрыемствам значна больш выгадна рэгулярна сплачваць штрафы за экалагічныя парушэнні, чым адзін раз заплаціць за ліквідацыю іх прычыны.

Так павялося яшчэ з савецкіх часоў. На мой погляд, адбылося гэта па той прычыне, што кіраўнікі прадпрыемстваў шмат разоў аказваліся за кратамі за карупцыю і ніводнага за парушэнне экалагічных нормаў.

Трагедыі накшталт Чарнобыльскай катастрофы пакінем «за дужкамі».

Кіраўнікі звычайна адкручваліся штрафамі, якія білі не па асабістых кішэнях, а па рахунках структураў, якія яны і ўзначальвалі. Вядомы таксама выпадкі, каля карупцыя і экалагічныя парушэнні з’ўляліся часткамі аднаго лагічнага лунцужка

Як і мясцовых эколагаў мяне вельмі хвалюе, хто будзе адказваць за зробленае ў Смаргоні? Напрыклад, за тое, чаму дарогі вакол «Кроноспана», нагадваюць «пральныя дошкі», а беларускія лясы сібірскую тайгу пасля падзення Тунгузскага метэарыту?

Разумею, гэтыя словы могуць вызваць даволі нервовую рэакцыю, таму перш чым успамінаць «нячэсных» журналістаў, раю праглядзець відэа дарогі, па якой лесавозы возяць на прадпрыемства сыравіну.


Калі і пасля гэтага пытанні не знікнуць, запрашаю наведаць любімыя для ўсёй Смаргоні «Блакітныя азёры». Кажуць, за савецкім часам у гэтых мясцінах стаялі грозныя «СС-20», а, калі іх не стала, высветлілася, што там знаходзіцца адна з самых прыгожых прыродных перлінаў Беларусі.

У часы юнацтва, як рыбак, я шмат разоў бываў побач, аднак (большасць смаргонцаў таксама) нічога не ведаў пра азёры, якія пасля таго, як Беларусь пазбавілася ядравай зброі, сталі запаведнай зонай. Тое, што там можна ўбачыць сёння, прымушае ўспомніць словы папулярнай песняроўскай песні – «няма таго, што раньш было»…

Не буду зараз спрачацца з тымі, хто не бачыць залежнасці паміж чалавечым здароўем і фармальдэгідным пахам. Адзначу толькі, што многія лічаць фармальдэгід адным з самых небяспечных канцэрагенаў і называюць прычынай не толькі алергіі, але і астмы.

Менавіта па гэтай прычыне жытло (з большасці лецішча) па суседству з «Кроноспанам» каштуе «абы прадаць», а збіраць грыбы і ягады некаторыя мясцовыя жыхары не хочуць у радыусе 5-10 км ад прадпрыемства.

Пры жаданні на сайце вядомай «Зялёнай сеткі» можна знайсці яшчэ шмат «цікавага», і асабіста я паверу, што ніякай шкоды навакольнаму асяроддзю няма толькі тады, калі побач з прадпрыемствам пабудуюць свае дамы (і стануць там з дзецьмі жыць) яго кіраўнікі.

І яшчэ.

Добра разумею, «Кроноспан» – рабочыя месцы, добрыя заробкі (каля 1000 долараў) і паўмільярдныя (таксама ў доларах) падаткі (хацелася б даведацца, куды і каму ідуць гэтыя грошы), але не магу прыняць, калі за ўсё гэта трэба плаціць нечым такім, чаго не купіш за грошы…

Падобна на тое, што Смаргоні ў чарговы раз не пашанцавала. Пад час Першай сусветнай вайны там праходзіла лінія фронту, і з 16 тысяч жыхароў у горадзе засталіся жыць толькі 130 (!!!) чалавек.. Што будзе зараз – можна толькі гадаць.

Асабліва, калі панюхаць «дэнамінаваныя»…

Аляксандр Тамковіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары