Аляксандр Гелагаеў Чым адказвае НАТО на вучэнні «Захад-2017»?

гісторык, вайсковы аглядальнік

Агрэсія Расеі супраць Украіны ў 2014 годзе прывяла не толькі да тысячаў смерцяў, лік якіх працягвае расце кожны тыдзень, але да рэзкага росту занепакоенасці іншых краінаў нашага рэгіёна магчымымі ваеннымі авантурамі Масквы. У самым уразлівым становішчы з краін НАТО аказаліся дзяржавы Балтыі і Польшча.

Вучэнні і «вучэнні»

Вялікія вучэнні і зборы рэзервістаў – традыцыйны ў 20 стагоддзі спосаб закамуфляваць падрыхтоўку і канцэнтрацыю войскаў да раптоўнай ваеннай аперацыі.

Гэтак, у верасні 1939 году менавіта «Вялікімі навучальнымі зборамі» была названа прыхаваная мабілізацыя Чырвонай арміі ў заходніх вайсковых акругах СССР – у войскі набіраліся жаўнеры, з цывільных прадпрыемстваў забіраліся аўтатранспарт і коні, канцэнтраваліся запасы рыштунку, боепрыпасаў ды фуражу.

Савецкі камбрыг Сямён Крывашэін і нямецкі генерал Гайнц Гудэрʼян падчас сумеснага параду ў Берасці ў 1939 годзе. Фота wikimedia.org

Праз 10 дзён сабраныя савецкія войскі па дамоўленасці з нацысцкай Нямеччынай увайшлі на заходнебеларускія і заходнеўкраінскія землі, якія тады належалі Польшчы. Пад выглядам вучэнняў летам 1940 года збіраліся савецкія войскі і каля межаў Латвіі, Летувы і Эстоніі, каб акупаваць і анэксаваць гэтыя краіны.

Маючы такі сумны гістарычны досвед суседзі Беларусі – Польшча, балтыйскія краіны, Украіна, якая сёння ваюе – з трывогай прыглядаюцца да беларуска-расейскіх вучэнняў «Захад-2017», якія адбудуцца ўвосень.

«Захад-2017»

Афіцыйна: стратэгічныя вучэнні Беларусі і Расеі, будуць праводзіцца ад Кольскай паўвыспы да Берасця. Беларускі элемент – геаграфічна адносна невялікі – не больш за 13 тысяч байцоў, у тым ліку каля 3 тысячаў расейскіх жаўнераў, паведамляў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў.

Беларуская бранятэхніка на вучэннях «Захад-2013». Фота http://vsr.mil.by

Аднак у цэлым у «Захадзе-2017» могуць прыняць больш за 100 тысяч расейскіх жаўнераў уздоўж расейскай заходняй мяжы, тысячы адзінак баявой тэхнікі і сотні самалётаў.

Беларускі бок адзначае чыста абарончую накіраванасць манеўраў і кажа, што за 50 дзён да пачатку манеўраў запросіць паглядзець на вучэнні ў Беларусі прадстаўнікоў НАТО.

Паўночна-атлантычная рашучасць

З 2014 году НАТО значна падвысіла актыўнасць вучэнняў на сваім усходнім флангу – яны сталі праводзіцца амаль без перапынку ў Балтыйскім моры, у Латвіі, Літве, Эстоніі, Польшчы, Нямеччыне, Румыніі і Балгарыі.

У Польшчы ў 2016 годзе прайшлі маштабныя манеўры «Анаконда», якія праводзіліся адначасова з паралельнымі вучэннямі ў краінах Балтыі, у паветры і ў моры. Падчас аперацыі адпрацоўвалася таксама максімальна хуткае перакідванне паветранага дэсанту з тэрыторыі ЗША ўва Усходнюю Еўропу – з планаваннем дзеянняў у паветры і імклівай высадкай адразу ў бой. Адпрацоўвалася мабілізацыя рэзервістаў, дапамога вялікай колькасці цывільных і вайсковых ахвяраў – вайна на Украіне навучыла НАТО, што Масква будзе масава выкарыстоўваць артылерыю і цяжкую бранятэхніку.

Брытанскія і нямецкія вайсковыя інжынеры разам будуюць мост падчас аперацыі «Анаконда» у 2016 годзе. Фота wikimedia.org.

ЗША – ключавы чалец Паўночна-атлантычнага альянсу – ініцыявалі аперацыю «Атлантычная рашучасць» (Atlantic Resolve). Гэта ўжо не толькі вучэнні, але і адкрытае ўзмацненне сіл хаўруснікаў ува Усходняй Еўропе – сюды перакінутая амерыканская танкавая брыгада і дадатковыя сілы авіяцыі. У рамках аперацыі гэтыя сілы будуць мяняцца кожныя 9 месяцаў – такім чынам паступова большасць сіл амерыканскай арміі з часам атрымае досвед дзеянняў на еўрапейскім тэатры.

Таксама ў Польшчы і краінах Балтыі ствараюцца запасы амерыканскага цяжкага вайсковага рыштунку і боепрыпасаў – каб войскі, якія хутка прыбываюць па паветру войскі маглі ў мінімальны час быць гатовымі да бою, не чакаючы прыбыцця па моры і самалётамі сотняў і тысячаў тон грузаў.

Звон шабляў

У гэтым годзе адбыліся ці адбудуцца наступныя значныя сумесныя вучэнні войск НАТО і ЗША ў Еўропе, якія маюць дачыненне да абароны на ўсходнім флангу альянсу.

«Драўскі зубр» – адбываліся з 23 студзеня да 19 лютага ў Польшчы, дзе 4,5 тыс. жаўнераў вучыліся арганізоўваць засады і не трапляць у іх.

«Саюзніцкі дух» – каля 3 тысяч удзельнікаў з 12 краінаў вучыліся з 8 па 31 сакавіка сумесным дзеянням на нямецкіх палігонах.

Эстонскія і амерыканскія жаўнеры на вучэннях у Эстоніі 6 красавіка. Фота US Army.

«Скрыжаванне шабель» (Saber Junction) – каля 4,5 тысяч амерыканскіх жаўнераў і байцоў 11 іншых краін вучыліся дзейнічаць разам падчас наземных аперацый на палігоне ў Нямеччыне з 25 красавіка па 19 траўня.

«Арктычны выклік» (Arctic Challenge) – вучэнне з 22 траўня па 2 чэрвеня на тэрыторыі Нарвегіі, Фінляндыі і Швецыі. Пераважна датычыцца дзеянняў авіяцыі – у гэтым годзе ў паветра падымуцца больш за 100 самалётаў і верталётаў.

Амерыканскі знішчальнік F-15E Strike Eagle бачны з барта самалёта-запраўшчыка пасля перазапраўкі ў палёце над Фінляндыяй 25 траўня 2017 году. Фота US Air Force.

«Аб’яднаная рашучасць» (Combined Resolve) – 3,4 тысячы жаўнераў і афіцэраў з 10 краін вучацца сумесным дзеянням на нямецкіх палігонах з 19 красавіка па 16 чэрвеня.

«Шабельны ўдар» (Saber Strike) – развучваецца аперацыя па падтрымцы з тэрыторыі Польшчы войск у краінах Балтыі – высадка марской пяхоты, паветранага дэсанту, арганізацыя лагістыкі, фарсіраванне ракі. Вучэнне пачалося 28 траўня і закончыцца 24 чэрвеня.

«Ахоўнік з шабляй» (Saber Guardian) – праводзіцца летам у Вугоршчыне, Румыніі і Балгарыі з удзелам больш чым 25 тысяч вайскоўцаў з больш чым 20 розных краін. Адпрацоўваецца абарона паўднёва-усходняга флангу НАТО.

Аўстрыйскія камандас падчас вучэнняў Combined Resolve у 2014 годзе.

Бачна, што тэмп сумеснай працы вельмі высокі, аднак максімальная колькасць вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вучэннях адначасова – каля 30–35 тысяч чалавек.

Суадносіны сілаў паказваюць, што войскі НАТО нават у павялічаным складзе і на піке актыўнасці не пагражаюць Маскве – менш чым 10 тысяч дадатковых жаўнераў заходніх краін НАТО ў Усходняй Еўропе маюць чыста абарончы мэты і не могуць паспяхова атакаваць расейскую заходнюю групоўку войск, якая налічвае больш за 400 тысяч службоўцаў.

Аляксандр Гелагаеў

іншыя запісы
Каментары