Аляксандр Гелагаеў Чэрвень 41-га. Гісторыя беларускіх атрадаў спецпрызначэння пачынаецца з вайны супраць СССР

гісторык, вайсковы аглядальнік

Камандас, сілы спецыяльнага прызначэння, дыверсанты, разведчыкі – як не называй гэтых байцоў, яны застаюцца гонарам любой арміі, бо самі задачы, якія перад імі ставяцца патрабуюць найлепшай псіхалагічнай, інтэлектуальнай і фізічнай формы.

Свята беларускіх камандас няма?

У Беларусі з 2007 году існуе асобны род войскаў – Сілы спецыяльных аперацый, які зараз абʼядноўвае паветрана-дэсантныя часткі і часткі спецыяльнага прызначэння. Галоўныя сярод іх – 38-я гвардзейская асобная дэсантна-штурмавая брыгада ў Берасце, 103-я гвардзейская асобная паветрана-дэсантная брыгада ў Віцебску і 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння.

Пры гэтым першыя дзве брыгады фактычна не прызначаныя для дзеяння ў тыле праціўніка – у Беларусі, як і ў СССР, як і ва ўсіх постсавецкіх краінах, няма паветраных транспартных сродкаў для поўнага паветранага дэсантавання.

Паказальныя выступы беларускіх дэсантнікаў 2 жніўня.

Фактычна, 38-я і 103-я брыгады выконваюць задачы наземнай мабільнай лёгкай пяхоты з некалькі лепшай падрыхтоўкай і матывацыяй, чым звычайныя механізаваныя брыгады. Паветрана-дэсантная падтрыхтоўка па вялікім рахунку зʼяўляецца пэўным сімвалам элітнасці і высокага маральнага духу гэтых вайсковых частках.

У той жа час 5-я брыгада і два асобныя атрады спецпрызначэння маюць задачы, якія патрабуюць сапраўды незвычайнай кваліфікацыі – разведка, дыверсіі, таемныя аперацыі ў тыле праціўніка, контр-дыверсійныя дзеянні. Гэта нашыя сапраўдныя беларускія камандас, беларускі аналаг брытанскіх SAS ці амерыканскіх «зялёных берэтаў».

Вучэнні сучасных беларускіх Сіл спецыяльных аперацый.

Аднак яны не маюць свайго свята – цяпер днём Сіл спецыяльнага прызначэння Рэспублікі Беларусь лічыцца 2 жніўня. То бок стары СССРаўскі «дзень дэсантніка» – дзень, калі 2 жніўня 1930-га году першыя савецкія дэсантнікі правялі вучэбны скок з парашутамі. Але нашы дэсантныя брыгады, спадкаемцы савецкіх ПДВ, як мы бачым, маюць іншае ад сапраўдных камандас прызначэнне і падрыхтоўку.

Паміж Гітлерам і Сталінам

Аднак існуе малавядомы шырокай публіцы і, мяркую, большасці саміх беларускіх камандас факт – беларускія падраздзяленні спецыяльнага прызначэння ўзніклі і ваявалі задоўга да таго, як у 1963 годзе ўзнікла на тэрыторыі Беларусі тая савецкая 5-я брыгада СпПр Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба, якая пазней стала базай для беларускай 5-й брыгады.

Перад Другой сусветнай вайной многія беларусы, зведаўшы чырвоны тэрор і польскі прыгнёт спадзяваліся на ўратаванне – хто з боку СССР, хто з боку Нямеччыны. Шмат хто разлічвалі на паўтарэнне вынікаў Першай сусветнай вайны – знясіленне і развал як заходняй, гэтак і ўсходняй імперыі, які б даў магчымасць народам Цэнтральнай Еўропы будаваць свае незалежныя дзяржавы.

Беларуская нацыяналістычная ўлётка

У 1939 годзе многія заходнія беларусы з радасцю сустракалі савецкія войскі, а ў 1941-м, зведаўшы «савецкага шчаслівага жыцця», ужо і заходнія, і ўсходнія беларусы часта віталі нямецкіх жаўнераў.

Курапаты – месца масавых расстрэлаў пад Менскам у 1930-я гады

Менавіта гэтыя думкі і адчуванні сталі грунтам для стварэння першых беларускіх падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння – у складзе элітнага палка нямецкай арміі «Брандэрбург-800».

«Беларускае войска спявае – у крывавы гатуецца бой»

Ішлі ў дыверсанты вясной 1941 году найперш беларусы – былыя жаўнеры польскай арміі, сярод якіх было дастаткова нацыянальна свядомых людзей. Можна меркаваць, што агульны лік беларусаў, якія рыхтаваліся да закіду ў тыл савецкіх войскаў, перавышаў 100 чалавек.

Вучэнні сучасных беларускіх Сіл спецыяльных аперацый.

Цяпер мы маем інфармацыю пра два беларускія дыверсійныя фармаванні таго часу – 1-ы Беларускі штурмавы звяз пад камандаваннем былога харужага Войска Польскага Уладзімера Качана і парашутны звяз пад камандаваннем былога капітана Юрыя Вежана.

Больш падрабязна вядомая гісторыя фармавання Уладзіміра Качана, дзякуючы дзённіку загадаў, які адлюстраваў штодзённую падрыхтоўку беларускіх камандас.

Гэтак дыверсанты вучыліся карыстацца нямецкай і савецкай зброяй, закладваць выбухоўку, карыстацца мапамі і маляваць іх, аказваць медычную дапамогу, рукапашнаму бою.

Зносяць Леніна ў Беластоку. Кадр з кінахронікі, 1941 год

Жаўнеры адчувалі сябе пачаткам будучага беларускага войска, і 8-га чэрвеня 1941 году прынялі прысягу на вернасць Беларусі. Без наяўнасці хоць нейкага беларускага вайсковага статуту перакладалі каманды з польскай і нямецкай моў.

Спецыяльна адбываліся заняткі ў сферы беларусазнаўства. Адзін з дыверсантаў – Браніслаў Даніловіч – нават напісаў песню, якая гімнам штурмавога звязу:

Чутны гоман – там войска спявае,
Увёсцы водгалас рэха чуваць.
Беларускі жаўнер прыбывае
Ў сваю вёску начлегам стаяць

Гэта ідзе першы звяз наш штурмавы,
Беларусь – родны край бараніць.
Хоча скінуць чужыя аковы
Ў вольным краі, каб вольным мог жыць

Людзі кветкамі іх абкідаюць,
А дзяўчаты цалункі ім шлюць
Яны з радасцю гэта прымаюць
Так прыгожа праз вёску ідуць.

Па кватэрах гаворка, шаптанні,
Прысяганні, у вачох поўна слёз, –
Ноч прайшла, надышло развітанне
Бо жаўнера такі ўжо лёс.

Беларускае войска спявае –
У крывавы гатуецца бой,
А дзяўчына жаўнера пытае,
Чаму браць ён ня хоча з сабой.

На парашуце – на Радзіму

Беларусы рыхтаваліся да бою ў вельмі складаных умовах усяго некалькі тыдняў. Першы дэсант адправіўся на тэрыторыю СССР 15 чэрвеня 1941 году, каб ажыццявіць дыверсію да чыгунцы Баранавічы-Стаўпцы, аднак не змог выканаць заданне, была выкрытая, вяла бой і патрапіла ў палон.

Другія групы на чале з камандзірамі Уладзімерам Качанам і Юрыям Вежанам скокнулі ў ноч 19 чэрвеня, а затым яшчэ ў ноч з 21-га на 22-гое чэрвеня. Такім чынам праўдападобна, што ў ноч, калі пачалася нямецкай-савецкая вайна, першымі на зямлю Беларусі ступілі беларусы-камандас.

Трафейны сцяг 132 канвойнага батальёна НКУС – яны таксама абаранялі Берасцейскую крэпасць. Цікава, што хлопец, які стаіць злева, былы чырвонаармеец ці дыверсант

Гэтым разам вядома пра як мінімум адну паспяховую дыверсію. Беларускія камандас уступілі ў вайну супраць СССР.

Назаўсёды ў гісторыі беларускай арміі

Колькі б не замоўчваліся непрыемныя для прыхільнікаў савецкай гісторыі факты, аднак факты застануцца фактамі – беларускія падраздзяленні спецыяльнага прызначэння нарадзіліся менавіта ў 1941 годзе як фармаванні беларускіх патрыётаў, ідэалам якіх была незалежная Беларусь.

Хутчэй за ўсё, яны не да канца разумелі сутнасць нацысцкага рэжыму, з якім пайшлі на супрацу, аднак гэта ніяк не адмяняе таго, што ваяваць яны пачалі супраць не менш злачыннай сілы – сталінскага СССР, які ўжо заліў крывёй і Усходнюю, і Заходнюю Беларусь.

Толькі ў лютым 1940 году камуністы адправілі ў ГУЛАГ больш за 50 тысяч жыхароў Заходняй Беларусі. Да вясны з іх загінула больш за 11.500 чалавек, у асноўным дзеці і старыя

Гісторык Юры Грыбоўскі, які найбольш падрабязна вывучыў тэму беларускіх камандас 1941-га году, адзначае, што гэтыя першыя беларускія камандас паклалі пачатак новаму (пасля перыяду БНР) этапу фармавання беларускага войска, адкрылі асобную старонку гісторыі беларускага войска – гісторыі беларускіх частак спецыяльнага прызначэння.

Мэтай жа гэтых мужчын і хлопцаў была вольная Беларусь без тэрору і злачынцаў – і гэта таксама гістарычны факт.

Падаецца, што не дата трэнавальнага скоку савецкіх дэсантнікаў, а дзень 8 чэрвеня, калі ўпершыню беларускія камандас прынялі прысягу на вернасць Беларусі, павінен быць святочнай датай беларускіх Сіл спецыяльных аперацый.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

іншыя запісы
Каментары