Аляксандр Гелагаеў Час палюбіць сваю армію

гісторык, вайсковы аглядальнік

«Праядаюць нашыя грошы», «бяздзельнікі», «саўкі», «здраднікі», «у першы дзень стануць на бок ворага» – гэта толькі некалькі прыкладаў таго, як многія звычайныя грамадзяне апазіцыйных перакананняў кажуць пра беларускую армію.

Такія словы кажуць нават тыя, хто называе сябе беларускім патрыётам, для каго армія як сродак захавання беларускай дзяржаўнасці павінна быць вялікай каштоўнасцю.

Паспрабуем прааналізаваць гэтую праблему і прапанаваць шляхі яе вырашэння.

Раскол у грамадстве

Рэзкая крытыка арміі і нават адмова лічыць яе хоць крыху сваёй беларускай – вынік цэлага шэрагу працэсаў, якія адбыліся і адбываюцца ў беларускім грамадстве. І першы з іх гэта паступовае адасабленне вайсковай інтэлігенцыі – афіцэраў – ад інтэлігенцыі цывільнай, і тых, хто вучыўся ці вучыцца ў вышэйшых навучальных установах – ад тых, хто не вучыўся і цалкам адслужыў тэрміновую службу.

Маладыя беларускія камандас. Фота: mil.by

У выніку стварыліся дзве групы насельніцтва, якія слаба адна адну разумеюць і маюць малы досвед агульнай працы дзеля нейкай агульнай мэты. Гэтае адасабленне стварае скажоныя ўяўленні адной групы пра іншую, непаразуменні, насцярожанасць і недавер.

Стварэнне празмерна зачыненай для цывільнага грамадства асобнай вайскова-міліцэйска-спецслужбісцкай касты шкодзіць і краіне ў цэлым, і гэтым прафесійным вайскоўцам.

Неразуменне таго, чым ёсць армія

Хіба што найбольш яскравы прыклад такога ўзаемнага непаразумення – гэта даволі агрэсіўная рэакцыя часткі цывільнага беларускага грамадства на вайсковыя парады, якія адбываюцца ў Менску, а таксама, напрыклад, на Дзень дэсантніка 2 жніўня, падчас якога ветэраны ПДВ гуляюць па беларускіх гарадах.

Цывільныя не разумеюць, якую ролю парады і карпаратыўны дух граюць у вайсковай традыцыі і культуры.

Не дапамагаюць са свайго боку і такія прадстаўнікі сілавікоў як сумнавядомы афіцыйны прадстаўнік Мінабароны палкоўнік Уладзімер Макараў, які не адчувае сваёй сувязі з Беларуссю, не ведае беларускай гісторыі і няздольны выбудаваць адэкватны дыялог з беларускім грамадствам. Замест таго, каб шукаць кропкі згоды, тлумачыць сваю пазіцыю, палкоўнік толькі павялічвае пагарду цывільнай часткі грамадства да вайскоўцаў, абʼяўляе крытыкаў злачынцамі і ворагамі ды псуе вобраз беларускай арміі і афіцэрства.

Не толькі ў Беларусі

Скажам шчыра, падобныя зʼявы назіраюцца і ў найбольш развітых краінах Захаду, у тым ліку ў ЗША. Там, леваліберальныя колы, якія парвалі з арміяй у часы Вʼетнамскай вайны, лічаць яе не столькі механізмам нацыянальнай абароны, колькі полем для сваіх сацыяльных эксперыментаў.

Трамп на парадзе ў дзень інаўгурацыі 20 студзеня 2017 году. Фота: wikimedia.org

Замест таго, каб думаць пра захаванне і падвышэнне эфектыўнасці арміі гульні ў палітыку «правоў меншасцяў» ствараюць для яе новыя і новыя праблемы, якія потым прыходзіцца гераічна перамагаць вайскоўцам. Прыклад падобнага неразумення сутнасці арміі адбыўся на днях, калі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што не збіраецца дазваляць служыць у арміі так званым трансгендэрам – людзям, якія адмаўляюцца прызнаваць свой біялагічны пол.

У выніку, не звяртаючы ўвагі на рэальную статыстыку праблем з псіхічным і фізічным здароўем, суіцыдамі і наркаманіяй сярод падобных людзей, леваліберальныя колы ў ЗША чарговы раз назвалі Трампа расістам, фашыстам і ледзь не Гітлерам. У той час як падаўляючая колькасць вайскоўцаў, якія разумеюць небяспеку для краіны і асабіста для сябе ад службы побач з «трансгендэрамі», выступае за забарону.

Гібрыдная вайна

Акрамя таго, што падобныя непаразуменні ці ўзаемнае нежаданне слухаць замінаюць гарманічнаму развіццю грамадства, яны прыводзяць да аслаблення чыста ваеннай здольнасці Беларусі абараняць сваю незалежнасць. Для пачатку адмова вялікай часткі інтэлігенцыі ад службы ў арміі, міліцыі, спецслужбах пазбаўляе армію значнай колькасці таленавітых і адукаваных людзей, зніжае сярэдні інтэлектуальны ўзровень службоўцаў.

Больш за тое, калі вайскоўцы і супрацоўнікі сілавых структур не будуць ведаць, што сіла, якая рана ці позна можа прыйсці да ўлады, падтрымлівае іх і абараняе іхныя інтарэсы, яны могуць стаць лёгкімі ахвярамі варожай прапаганды, як гэта адбылося з часткай жыхароў усходняй Украіны.

Расейскія жаўнеры без апазнавальных знакаў без бою бяруць украінскую вайсковую базу Перевальне ў Крыме 9 сакавіка 2014 году. Фота: wikimedia.org

Прарасейскія «ваенна-спартыўныя» клубы, якія дзейнічаюць у Беларусі, гэта таксама сімптом той жа хваробы – наша нацыянальная інтэлігенцыя часта займае антыармейскія і антываенная пазіцыі, што ў выніку шкодзіць усёй Беларусі.

І калі нехта схільны перабольшваць значэнне ўкраінскіх дабраахвотных батальёнаў у 2014 годзе, прыпісваючы ім, а не рэгулярнай арміі асноўную заслугу ў спыненні расейскай агрэсіі, то такім людзям варта ведаць – каб гэтыя дабраахвотнікі служылі ў украінскай арміі зімой-вясной 2014 году, былі афіцэрамі, мелі адпаведную прафесійную падрыхтоўку, а не вучыліся толькі на ўласных памылках у крывавых баях, то магчыма і Данбас, і Крым засталіся б цалкам украінскімі.

Што можа зрабіць грамадзянін, што павінна зрабіць дзяржава

Праблема патрабуе шагоў насустрач з абодвух бакоў – і з боку дзяржаўных уладаў, калі яны хочуць захаваць незалежнасць краіны, і з боку апазіцыйна скіраванай грамадскасці.

Берэт з Пагоняй на плячы беларускага дэсантніка на дзень Сіл спецыяльных аперацый.

Першым варта падумаць пра тое, як зрабіць армію больш беларускай і сімвалічна, і па сутнасці – каб беларус адчуваў сябе жаўнерам беларускай арміі, а не Чырвоназнамённай Беларускай вайсковай акругі СССР. Трэба падумаць, як максімальна павысіць прэстыж афіцэрскай і жаўнерскай службы.

Грамадству час зразумець свае памылкі ў адносінах да сваёй арміі, правільна паставіцца да яе як да неабходнага і своеасаблівага арганізму, які мае свае традыцыі, патрэбы і стыль мыслення.

Калі інтэлектуалы не возьмуць пад апеку і не палюбяць сваю армію, гэтых інтэлектуалаў адправіць у ГУЛАГ армія чужая, як гэта ўжо было ў гісторыі.

іншыя запісы
Каментары