Аляксандр Фядута Чаму нельга прадаваць свабоду і суверэнітэт

паліткансультант

14 снежня Дзяржаўная дума Расеі прыняла ў другім і адразу ж у трэцім, канчатковым чытанні Законапраект № 6095-7 «Пра ўнясенне зменаў у Федэральны закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» (пра ўдакладненні падставаў для заключэння кантракта аб праходжанні вайсковай службы)». Закон як закон – калі не ўдавацца ў падрабязнасці ягонага зместу.

Паводле гэтага закону падставаю для заключэння кантракту будзе гарачае жаданне прызыўніка паўдзельнічаць у антытэрарыстычнай ці міратворчай аперацыі за мяжою.

Не зразумелі?
Тлумачу.
Да прызыўнікоў прыходзіць маёр і кажа:

– Хлопцы! У нас тут абмежаваны кантынгент уведзены ў Сірыю. Ці ёсць добраахвотнікі заключыць кароткатэрміновы кантракт?
І вочы ў яго пры гэтым – добрыя-добрыя і ўважлівыя-уважлівыя. Прыкладна, як у тых ваенкомаў, што адпраўлялі спачатку савецкіх хлопцаў у Афганістан, а крыху пазней расейскіх – на першую сустрэчу з яшчэ не героем Расеі Рамзанам Кадыравым. І з іншымі тады яшчэ не героямі Расеі.

Вядома, знойдуцца і тыя, хто перад усім фронтам не зробіць кроку наперад. Але пазней іх пачнуць выклікаць да клапатлівага маёра па адным. І той патлумачыць: Радзіма чуе, Радзіма ведае, але пры гэтым мае патрэбу подзвігу. Да таго ж – кароткатэрміновы ўсё ж кантракт. На паўгода. Ок?

Хлопцу трэба будзе служыць яшчэ год. І ласкавы маёр лёгка можа напісаць яму такую характарыстыку, што будзе горш за любую Сірыю і нават Афганістан. Таму што – «Салдацкія маці» шмат пісалі пра гэта ў інтэрнэце – дзедаўшчыну ніхто ў расейскім войску пакуль перамагчы так і не здолеў. А ўжо свае, родныя «дзяды» пад маўклівым прыкрыццём зампаліта дастануць цябе нашмат прасцей і дакладней, чым стрэлы забароненай у Расеі (у адрозненні ад «дзядоў») Ісламскай дзяржавы.

І вось некаму ўжо падаецца: лепш жахлівы канец, чым бясконцы жах.
І ён зробіць крок наперад, каб падпісаць кантракт.

У Сірыю. Ці ў Афганістан. Ці куды яшчэ, дзе Расеі да зарэзу трэба давесці, што яна зʼяўляецца звышдзяржаваю.

Добра было контр-адміралу Дзянісу Беразоўскаму, які камандаваў Ваенна-марскімі сіламі Украіны і здрадзіў дзяржаве, якой прыносіў прысягу. Яго і прызначылі на адміральскую пасаду – намеснікам камандуючага Чарнаморскім флотам РФ. А ягонага былога намесніка віцэ-адмірала Сяргея Елісеева перакінулі туды ж на адміральскую пасаду на Балтыйскі флот. Але адміралы тыя не былі шарагоўцамі, і ім не прапаноўвалі адправіцца па кантракце шараговымі жаўнерамі ў Сірыю. Ці ў Афганістан. Ці кудысьці яшчэ, дзе страляюць зусім не халастымі патронамі…

Мне скажуць:
– Гэта ў Расеі.
Я адкажу:
– Так. Але калі ў Расеі ішлі чачэнскія войны, шматлікія беларускія маці дзякавалі Богу за тое, што ў нас – свая краіна.

Мне падаецца, менавіта пра гэта і варта цяпер казаць як мага грамчэй – каб маці чулі:
– У нас – свая краіна. І нашыя жаўнеры не ваююць у Сірыі. А менавіта для таго, каб яны не ваявалі ў Сірыі, у Эфіопіі, у Афганістане ды Чачэніі, нельга прадаваць свабоду і суверэнітэт. Нават за генеральскую, адміральскую ці маёрскую зарплату Расеі для іхных цяперашніх камандзіраў. Таму што адмірала сашлюць на Паўночны Ледавіты акіян. А шарагоўца пашлюць у Сірыю. Паводле кантракту, які ён падпіша ў добраахвотна-нязмушаным парадку.

«Как там в Сирии, мой Постум, или где-там?
Неужели до сих пор еще воюют

Божухна, толькі без нас!

Аляксандр Фядута, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары