Эдуард Пальчыс Чаму Беларусі тэрмінова неабходны сумесны ТБ-канал з Украінай?

экстрэміст, былы палітвязень

Пасля шэрагу прапагандысцкіх укідаў на расейскім ТБ, ды скандальнага прыезду Уладзіміра Салаўʼёва, вядомыя беларускія журналісты і дзеячы выказалі думку, што Беларусь зусім няздольная да інфармацыйнай абароны.

Пра гэта я пытаўся давесці ўсім з 2014-га году, калі супраць нас упершыню пачалі ладзіць інфармацыйныя атакі. Бо мы апынуліся ў патавай сітуацыі.

Ад самага пачатку свайго прыхода да ўлады, Аляксандр Лукашэнка зрабіў усе, каб кантраляваць асноўныя сродкі масавай інфармацыі. Тэлеканалы, радыё, дзяржаўныя газеты былі пастаўленыя пад жорсткі ідэалагічны кантроль. Незалежная прэса адціснутая ў андэрграўнд, была пазбаўлена роўных правоў і канкурэнтназдольнасьці.

Незалежныя журналісты дагэтуль зʼяўляюцца пастаяннымі ахвярамі спецслужбаў усіх відаў. Яны і знікалі, іх і арыштоўвалі, і збівалі. Апошнім часам іх любяць штрафаваць, асабліва журналістаў-фрылансераў.

І КДБ малайчынкі, яны 20 год упарта шлі да сваёй мэты, у выніку чаго медыйная пляцоўка была зачышчаная. Ніхто не прадстаўляе сурʼёзную сілу, нават у інтэрнэце, бо заўсёды каго-небудзь можна заблакаваць і адключыць. Ці завесці крымінальныя артыкулы.

radi

Нават «Аўтарадыё» прыкрылі толькі з-за рэкламных запісаў альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты.

Але якраз у гэты момант, і настаў век інфармацыйных войнаў і сацыяльных сетак. СБ і БТ ужо недастаткова для сучасных рэаліяў. Тым больш, калі гутарка вядзецца пра інфармацыйную абарону краіны.

На расейскі холдынг ВГТРКРоссия1», «Россия24», «РТР-Планета» і інш.) выдаткоўваецца столькі ж грошаў, як на ўвесь беларускі спорт, культуру і сродкі масавай інфармацыі разам. Нашыя дзяржаўныя СМІ працуюць не паводле рынкавых правілаў і таму выдаюць замест нармальнага кантэнту банальны шлак. Тое ж беларускае тэлебачанне набывае ўкраінскія забаўляльныя тэлеперадачы, бо свае не карыстаюцца поспехам.

22
Прыблізна мільярд долараў выдаткоўваецца на расейскую прапаганду

І вось мы апынуліся ў сапраўднай пастцы. Незалежныя СМІ катавалі дзесяцігоддзямі. Прафесійнай журналістыкі ў краіне няма. Блогераў можна пералічыць на пальцах адной рукі. Дзяржаўныя СМІ абсалютна няздольныя супрацьстаяць крамлёўскай прапагандысцкай машыне. БРСМ лёгка прайграе ўмоўнаму «Ольгино».

І ў сістэмы застаецца толькі тры выхады:

1) Лібералізацыя медыйнага поля

Але гэта гучыць пакуль вельмі фантастычна. Наадварот, як мы бачым, з цягам часу заканадаўства і практыка толькі пагаршае стан беларускага інтэрнэту і свабоды слова. Дастаткова ўзгадаць блакаванні незалежных сайтаў напрыканцы 2014-га, калі адбывалася чарговая дэвальвацыя. Ці пераслед фрылансераў цягам апошніх двух гадоў.

2) Допуск у краіну трансляцыі ўкраінскіх тэлеканалаў і радыё

Шмат хто з беларусаў удзельнічае ў украінскіх ток-шоу, таму ў нашай аўдыторыі таксама ёсць спакуса сачыць за «X-factor Украіна», а ня толькі за расейскім «Голасам». Тым больш, што такім чынам нам непатрэбна траціць мільёны долараў на адказ расейскай прапагандзе, бо каналы нашых суседзяў гэта зробяць задарма.
Гэты варыянт таксама малаверагодны, бо чаго нельга кантраляваць – таго непажадана дапускаць. «Нагледзяцца 95-га кварталу, а затым на Майдан пойдуць», – прыкладна так думаюць ідэолагі ад улады.

3) Стварэнне сумеснага беларуска-ўкраінскага тэлеканалу

У снежні 2014-га, падчас сустрэчы Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, апошні заявіў наступнае:
«У нас такі вопыт ужо ёсць. З нашымі каналамі працуюць сумесна тры ці чатыры расейскія. Чаму мы з Украінай не можам стварыць такое сумеснае супрацоўніцтва.Таму трэба гэта не забыць і зрабіць. Трэба вызначыць канал у Беларусі».
Але, чамусьці, і забылі, і не зрабілі. Сумесны тэлеканал стаў бы добрым адказам на ўсе захады расейскага ТБ. І беларускія ўлады, маючы права голасу, не так бы палохаліся «разгулу дэмакратыі на ТБ».

На жаль, мяркую, што нічога без штурхяля пад зад рабіцца ня будзе. Кардынальныя перамены заўсёды зʼяўляюцца вялізным стрэсам для нашай «неасавецкай» сістэмы, і яна будзе адцягваць вырашэнне праблемы да апошняга моманту. Пакуль, не стане зусім позна.

Эдурад Пальчыс, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары