Аляксандр Фядута Чаму АМАП не выпісаў «дубіналу» для «дармаедаў»?

паліткансультант

Я такі стары, што памятаю менскія мітынгі 1991 года. Я цяпер не пра ўзрост фізіялагічны – пра палітычны ўзрост. Вось я іх памятаю – сакратар ЦК ЛКСМБ. Хто яшчэ іх памятае?

Першы намеснік старшыні Савету Міністраў Міхаіл Мясніковіч, сакратар камітэту камсамолу педуніверсітэта Ігар Карпенка, галоўны інжынер заводу «Гарызонт» Уладзімір Сямашка, дэпутаты Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка і Анатоль Лябедзька, першы сакратар Савецкага райкаму КПБ Сяргей Калякін. Іншых ужо проста няма, а рэшта не займаецца палітыкай.

Мітынгі тады былі двух тыпаў – «пяціадсоткавыя» ды «дэпартызацыйныя». «Пяціадсоткавыя» – мітынгі рабочых менскіх заводаў. Спачатку паднялі кошты на харчы – харчоў больш не стала. Потым паднялі іх яшчэ на пяць адсоткаў – увялі так званы «прэзідэнцкі падатак» – фіксаваную суму, што адлічвалася ад кожнай пакупкі ў рэзервовы фонд прэзідэнта СССР. І вось гэтыя пяць адсоткаў і ўзарвалі сітуацыю. Рабочыя выйшлі на плошчу.

Ішлі калонамі, памятаю. На чале – старшыні прафкамаў (тыя, хто кеміў, што інакш у крэсле не ўсядзіш). Завадскія брамы адкрывалі ім на загад дырэктараў, якія баяліся, што закрытыя на тэрыторыі прадпрыемства (а ўстаноўка была менавіта такая) рабочыя і абсталяванне пачнуць граміць, і з адміністрацыяй адносіны паспрабуюць высветліць.

Калоны ішлі дакладна – на плошчу Леніна, да Вярхоўнага Савету. Па дарозе жанчыны, якія ўзялі торбы, адставалі: зазвычай днём выкідалі дэфіцытныя харчы, так што быў шанец нешта прынесці ў хранічна пустую лядоўню. Але бoльшая частка ўсё-такі заставалася на месцы.

Іх не білі: рабацяг не пераможаш.

Услед за рабочымі пачаліся студэнцкія мітынгі. Яны праходзілі на плошчы Якуба Коласа. Яно і зразумела: побач былі політэхнічны інстытут, інстытут фізкультуры, МРТІ, недалёка Лінгвістычны ўніверсітэт ды тэатральна-мастацкі. Студэнтаў было менш, і патрабаванні ў іх ужо былі іншыя: пераважна пра дэпартызацыю (выгнанні з ВНУ парткамаў і камітэтаў камсамолу), выключэнне з інстытуцкіх праграмаў ідэалагічных дысцыплінаў, удзеле студэнтаў у выбарах рэктараў.

Іх таксама не білі, бо, верагодна, баяліся справакаваць рабочых, што незадоўга да таго ўсё ж сышлі з плошчы: вечна ня пастаіш, ды і харчы ў працоўныя сталоўкі ды завадскія буфеты пачалі падвозіць па ільготных коштах (урад распарадзіўся). А вось у абарону дзяцей рабочыя выйшлі бы напэўна.
Таму студэнтаў, што вылучалі палітычныя патрабаванні, не чапалі. На плошчы дзяжурылі разумныя людзі: міністр адукацыі Міхаіл Дзямчук, ягоны памочнік Аляксандр Казулін, а таксама старшыні студэнцкіх прафкамаў, што з палёгкай назіралі за тым, што адбываецца.

Сумяшчэння палітычных і эканамічных патрабаванняў на плошчы тады не адбылося. Сістэма ацалела – проста таму, што ўсе апынуліся не гатовымі да падзення пясчынкі, якая выклікала пакуль яшчэ – не лавіну, але ціхую эрозію глебы. І самыя рабочыя апынуліся не гатовымі. І ўлада. І апазіцыя.

Хоць тая апазіцыя на плошчы была. Дэпутаты Вярхоўнага Савету выходзілі са сваіх кабінетаў, размаўлялі з рабочымі. Я асабіста бачыў, як прамчаўся да іх Станіслаў Шушкевіч разам з Барысам Гюнтэрам, Валянцінам Голубевым, Сяргеем Навумчыкам. Потым слухаў аднойчы выступ Зянона Пазняка. Але рабочыя ўсё роўна сышлі. Супрацьстаянне ва ўладзе не асацыявалася яшчэ ў іхнай свядомасці з пяціадсоткавым «прэзідэнцкім» падаткам. Прывезлі харчы – ну вось і добра.

А студэнты пасля сесіяў разʼехаліся па дамах.

А потым – яшчэ потым – быў путч. І ягоная параза.

Вось Лукашэнка гэта памятае вельмі добра. Памятае, чым сталася для ўлады павышэнне коштаў на каўбасу ўсяго на 5%.

Ці памятае?

Памятаў. Адсюль усе заявы пра неабходнасць любым коштам выплачваць рабочым заробак, захоўваць працоўны тыдзень, хоць бы і скарочаны. Адсюль і кантрактная сістэма: утрымаць ад магчымых пратэстаў пагрозаю страты працы. Адсюль і адмова ад прыватызацыі машынабудаўнічых ды іншых заводаў – гэтага ўсебеларускага «фамільнага срэбра», якое ўжо наагул нагадвае беларускія манеты, што чарнеюць на вачах.

Цяпер сітуацыя змянілася. Цягам апошніх дзесяці гадоў на буйных дзяржаўных прадпрыемствах ішлі бясконцыя скарачэнні. Тыя, што засталіся рабочыя бачылі, што іхны заробак, нягледзячы на гэта, не падвышаецца. Кошты раслі. Працоўнае месца страціла сваю прывабнасць.

Але на вуліцы не выходзілі. Навошта? Губляць яшчэ было што, а сітуацыю ўсё роўна не зменіш. Гэтых жа, студэнтаў, што выходзілі на плошчу, яшчэ ў дзясятым годзе дубінкамі адлупцавалі, разам з іхным паэтам. Патрабавалі нешта незразумелае. А тут вось усё зразумела: прымушаюць плаціць падатак! Мы плаціць не будзем! Мы – не дармаеды!

Праблема ў тым, што працоўнае месца страціла сваю прывабнасць не толькі для саміх рабочых, але і для дырэктараў заводаў, і для чыноўнікаў. І ў наступны раз, калі чарговы дэкрэт закране не толькі скарочаных раней і тых, што не знайшлі працы, але і ўсіх іншых, дырэктары не проста адкрыюць завадскія брамы, а пакажуць самую наўпроставую дарогу ў новую рэзідэнцыю кіраўніка беларускай дзяржавы.

І побач з рабочымі апынуцца тыя, каго лупцавалі ў 2010 годзе. З зусім ужо палітычнымі патрабаваннямі.

І саюз рабочых і студэнтаў можа апынуцца нашмат страшнейшы за «союз меча и орала» – апоры цяперашняй улады, якая трымаецца на сілавіках і прапагандыстах.

іншыя запісы
Каментары