Аляксандр Фядута Чаго ўлады не разумеюць у Маршах недармаедаў

паліткансультант

Гісторыя з Лябедзькам і Рымашэўскім, якіх не пусцілі ў Берасце, паказала слабыя месцы палітычнага светаўспрымання не столькі апазіцыі (тут акурат усё зразумела), колькі беларускай улады.

Яна сама сябе ўспрымае як нешта адзінае, маналітнае, цэласнае, чым кіруюць праз адзіны цэнтр, – і па аналогіі з сабою фармуе ў сваёй запаленай свядомасці «вобраз ворага». Спачатку – таго, кім кіруюць з нейкага замежнага «абкаму» (вашынгтонскага, брусельскага або маскоўскага), потым – гэта ўжо на худы канец – з адзінага цэнтру.

Гэта значыць, улада прыдумала сабе «піраміду» апазіцыі, пры якой калі ўжо «вярхі» (Лябедзька і Рымашэўскі) не змогуць прыехаць, то «нізы» – рэгіянальныя маніфестанты – дакладна не папруць дэманстраваць сваю публічную нязгоду з уладай.

Інакш проста цяжка патлумачыць, чаму натоўп міліцыянтаў замест таго, каб прафілактычна змагацца са злачыннасцю, ловіць мала каму цікавых «канапных» палітыкаў з Менску на паўдарозе ў Берасце. Сэнс патлумачце, калі ласка. Вядома, пасля адкрыцця ў сталіцы помніка сабачку царскага гарадавога ўжо трэба не столькі тлумачыць свае дзеянні, колькі прад’яўляць грамадскасці даведку пра стан псіхічнага здароўя, але… Хацелася б, ведаеце. Раптам жыццё стане неяк больш зразумелым.

Тым не менш, відавочная для ўсіх уладная шызафрэнія ў дадзеным выпадку працуе на перамены. Раней большасць несталічных жыхароў успрымалі апазіцыю неяк адчужана, адасаблялі сябе ад «іх»: мы вось тут жывем, нам хрэнова, а «яны» там, у Менску, дурэюць, як могуць, і зрэдку наведваюцца арганізаваць у нас нейкія – таксама не зусім зразумелыя – акцыі.

Цяпер людзі ўбачылі: менскія апазіцыйныя «лідары» самі па сабе, а жыццё – уключаючы пратэсты – самое па сабе. Ёсць на мітынгу Лябедзька, няма на мітынгу Лябедзькі – мітынг можна праводзіць і без яго, бо ў прынцыпе мы, у Берасці (Горадні, Гомлі, Віцебску, Баранавічах, Слоніме, Верхнядзвінску, Пухавічах і г. д.) – ну проста нічым не горш. І нам ёсць, што сказаць, без, прабачце, Рымашэўскага.

Вядома, «если звезды зажигают, значит, это кому-нибудь нужно», а таму было б лепш, каб і сталічныя госці маглі прыняць удзел у акцыі, што адбываецца. Але можна абысціся і без іх.

А вось улада цэнтралізаваная настолькі, што без «галоўнага» сказаць проста нічога не можа. У Лідзе, падаецца, да прысутных ніхто не выйшаў, у Берасці мэр паводзіў сябе нясмела, нібыта міліцыя не ахоўвала яго спакой, а рыхтавалася яго арыштоўваць.

І вось гэта акурат зразумела: праява ініцыятывы да гэтага часу каралася настолькі жорстка, што апошнім чыноўнікам, які адважыўся выйсці да людзей і аддаць загад на фактычнае падаўленне пратэсту, быў тагачасны гарадзенскі губернатар Сямён Шапіра. Пасля яго гутаркі з кіроўцамі, што перакрылі ў 2011 годзе пераезд да памежнага пункту «Брузгі», ужылі газ. Але тое быў 2011 год, і Сямён Барысавіч дзейнічаў відавочна ў рамках  парадыгмы, што спусцілі яму з цэнтру.

Цяпер парадыгмы ніякай няма. Чыноўнікі на месцах бачаць, што волі да падаўлення пратэстаў як масавай з’явы наверсе не выяўляюць, таму выхопліваюць «сапраўдных буйных», якіх, на іхную думку, усё яшчэ мала. Але іх меркаванне не цалкам адпавядае рэчаіснасці: пенсіянерка, што прарывалася на мітынгу да мегафона, аказалася больш пераканаўчай не толькі за любога Лябедзьку, але нават і за любога Лукашэнку. Тым больш, што апошні, у прынцыпе, таксама ўсяго толькі пенсіянер. Толькі жыве значна лепш.

Глядзіце таксама:

іншыя запісы
Каментары