Аляксандр Тамковіч Чаго баіцца Той-Каго-Нельга-Не-Называць

публіцыст, пісьменнік

Даўно заўважана, што, калі да словаў актуальнага кіраўніка краіны дабаўляць адмоўная «не», то атрымаецца тое, што ёсць на самой справе. Гэта я ўзгадаў «мантру» адносна вяртання на «зімовыя кватэры» (пасля вучэнняў «Захад 2017») расейскіх войскаў. Тэза паўтаралася так часта, што можна было падумаць наконт «агаворак па Фрэйду».

Чалавек звычайна паўтарае тое, чаго вельмі баіцца.

А ён, на мой погляд, баіцца больш шчыра, чым апаненты з так званай «пятай калоны», бо добра ведае, беларускі кароль – самы голы ў свеце. Гэта толькі звонку выглядае, што АГЛ вельмі круты і кантралюе ў Беларусі ўсё – ад асемянення калгасных кароў да дубінак «сілавікоў». На самой справе – усё з дакладнасцю наадварот.

Крамлю дастаткова «пашавяліць пальцам» і «ўсенароднаабраны» стане «ўсенароднапрагнаным»…

Другая справа, што пакуль калонія цалкам задавальняе метраполію. За гады свайго кіравання Той-Каго-Нельга-Не-Называць не толькі зрабіў з беларусаў «расейцаў са знакам якасці», але і аддаў Крамлю рэальную беларускую ўладу.

Колькі б не павышаліся заробкі і пенсіі міліцыянтаў або вайскоўцаў, у гадзіну «Ч» яны выканаюць загад не з Драздоў, а з Рублёўкі. АГЛ гэта ведае дакладна, бо сам знішчаў усё нацыянальнае, называючы яго «бэнээфаўскім».

Высновы з падзей часоў «хросных бацькаў» у Крамлі зрабілі даволі канкрэтныя – які сэнс «мачыць у сарціру», калі прасцей банальна купіць.

І яны купляюць.

І не толькі на макраэканамічным узроўні.

За час кіравання Лукашэнкі, расейцы скупілі амаль усю (пераважна самую дарагую) беларускую нерухомасць. А ўсе беларускія санаторыі і месцы адпачынку літаральна «заточаныя» пад іх грошы.

Распавядалі, што па пятніцам і панядзелкам у галоўным аэрапорце краіны літаральна процьма дарагіх машын. З Масквы «старэйшыя браты» на выходныя прылятаюць адпачыць у сваіх катэджах і пагуляць у казіно (хутка будзе Лас-Менск), а праз пару дзён вяртаюцца «рубіць бабло».

Менш за ўсё, аўтару гэтых радкоў хацелася б праслыць русафобам. Добра разумею, што ёсць пуцінская Расея і ўся астатняя. На жаль, апошняй пакуль вельмі мала, але справа зусім не ў гэтым. Сутнасць у тым, што натаўскіх салдат у Беларусі пакуль ніхто не бачыў, а «зялёных чалавечкаў» – колькі заўгодна. І не факт, што яны тут толькі таму, што беларусам нехта пагражае…

«Няўлоўны Джо» з анекдоту таму і няўлоўны, што яго ніхто не ловіць…

Прынамсі, у 1994 годзе партыйнаму намеклатуршчыку Кебічу таксама казалі, што «усё пад кантролем». Рэальна ж адбылося тое, што мы назіраем ужо 23 гады. Не дапамаглі нават «засосныя» пацалункі са светлай памяці Чарнамырдзіным.

Добра памятаю, як пасля першых прэзідэнцкіх выбараў у кабінеты «новых» стаялі літаральна чэргі тых, хто яшчэ ўчора кляўся ў «вечнай любові і вернасці» Вячаславу Францавічу.

Той-Каго-Нельга-Не-Называць іх таксама бачыў і добра разумее, што яго здадуць яшчэ хутчэй, чым некалі здавалі Кебіча.

Дарэчы, тады сітуацыя была значна прасцей, чым зараз, бо адно мець справу з крыху цвярозым Ельцыным, і зусім другое – з былым кадэбэшнікам Пуціным. Асабліва, калі ўлічыць, што там «былых» не бывае па вызначэнні.

Цалкам падзяляю думку, што тэзу пра магчымая невяртанне расейскіх войскаў каталізуе той, хто імі камандуе.

Навошта, скажыце?

Адказ просты – каб яшчэ больш напужаць напужанага і зноўку паказаць, хто «у хаце» рэальны гаспадар. А яшчэ для таго, каб напужаць увесь астатні свет. Маўляў, калі Вы не адменіце санкцыі, з дапамогай зброі мы «адменім» вас.

Магчыма, некаторым гэта думка падасца спрэчнай, і не дай Бог яе зняпраўдзіць практыка, але я лічу, што расейскія войскі пасля вучэнняў у поўным складзе не застануцца на нашай тэрыторыі. І гэта зусім не заслуга апазіцыі або ўлады. Яны сыдуць таму, што няма сэнсу захопліваць яшчэ раз ужо захопленае.

І апошняе. Я бы не стаў так бяздумна смяяцца з Вейшнорыі перш за ўсё таму, што з ёй звязаная не толькі нейкая абстрактная геапалітыка, але і пэўныя надзеі цэлага пакалення.

 

іншыя запісы
Каментары