Алесь Кіркевіч Бог савецкіх перамогаў – мёртвы. Ягоная царква пустая…

журналіст, літаратар

Нарэшце ўлягліся жарсці вакол фотаздымку дзяўчыны ў карункавай чорнай бялізне на фоне абеліску на плошчы Перамогі. Цяпер на сітуацыю можна зірнуць без эмоцыяў.

Нагадаем, што здымак усплыў ў акаўнце прэс-сакратара МУС з прапановай у бок чытачоў выбраць алгарытм дзеянняў адносна «злачынцы»: «знайсці ды пакараць» або «зразумець і дараваць» – такая вось дылема. У каментарах у розных медыях, куды пасля перавандраваў здымак, было яшчэ весялей: «прастытутка!», «паказвае … перад помнікам!», «дзяды ваявалі…» або «малайцом!», «за ГЭТА дзяды таксама ваявалі!.».

Што ў выніку? Як па мне, дык Віялета Аттаева (тая самая мадэлька) здзейсніла ці не самы рэзанансны акт антысаветызму за апошні час. Хай неасэнсавана. Хай без лішніх словаў і лозунгаў. Хай яна безпартыйная і далёкая ад «Маладога Фронту» альбо КХП-БНФ. Так нават лепш.

Насамрэч дзяўчына яскрава і ненавязліва паказала пазіцыю сучаснай моладзі адносна «міфу перамогі» ды яго служыцеляў. Аказалася, што плошча Перамогі, збудаваная нібы храм пад адкрытым небам, пусты! Бог савецкіх перамогаў – мёртвы. Яго там няма.

Так, у Беларусі не валяць помнікі Леніну, не ламаюць і не абліваюць шыльды памяці чэкістаў ды сумнеўных вызваліцеляў фарбай. Мо’ і добра, што не абліваюць ды не ламаюць. Больш патрыётаў на свабодзе, а не ў турмах, ды і міліцыю ілюзія спакою і лаяльнасці цалкам задавальняе. Але лаяльнасць – ілюзорная. Гэта маўклівы ігнор або нават негатыў. Маўляў, так, стаяць гэтыя ўсе леніны-калініны, мы штодня ходзім побач, а нехта ў час студэнцтва нават пад прымусам кветачку прынясе (зразумела, не на свае грошы купленую).

Але ўсё гэта згубіла свой галоўны атрыбут: сакральны страх. Няма ўжо ані страху, ані паўрэлігійнага шчэму ў сэрцы, калі краем вока мянчук бачыць зоркі ды чырвоныя сцягі. А калі гэтага няма, то ўвесь «тэатр перамогі» ды «камуністычныя карагоды» вакол правадыра пралетарыяту не маюць сэнсу.

Важны момант: фармат учынку. Егіпецкай стэле з зоркай, выкананай у форме самі ведаеце чаго, супрацьпастаўленая дзячына: маладая і прыгожая. Бо ў Беларусі, чытай, краіне спакою, было ўжо ўсё – страх, гвалт, супрацьстаянне, салідарнасць… А зараз ёсць і прыгажосць.

І не трэба казаць пра «знявагу да ахвяраў вайны і ветэранаў». Чаму? Бо помнік зусім не ахвярам і ветэранам прысвечаны. Помнік – Савецкай імперыі ды яе вайсковай моцы. Помнікі людзям, пагадзіцеся, выглядаюць троху па-іншаму.

А міліцыі хацелася б параіць лепш пашукаць вандалаў, якія валяць драўляныя крыжы ў Курапатах. Або тых, хто расцягвае на метал крыжы ды агароджы з унікальных па мерках краіны старых каталіцкіх могілак у Горадні. Тут жа не пра «абразлівае» фота размова, але пра канкрэтную матэрыяльную шкоду.
Дзе гэтыя людзі? Дзе публічныя працэсы? Што з імі зрабіць: «знайсці ды пакараць» або «зразумець і дараваць»?.. Савецкі міф, відаць, дагэтуль даражэйшы ўладам і праваахоўнікам за памяць пра рэальных людзей ды культурныя каштоўнасці.

іншыя запісы
Каментары