Максім Чыгунка Блакаванне «Pornhub» у Расеі? Яшчэ 5 гадоў і Пуціну «кірдык»

публіцыст

Людзі сярэдняга веку дакладна памятаюць вядомую антыалкагольную кампанію, якую ў 1985 годзе распачаў Гарбачоў. Яна мела катастрафічныя наступствы для СССР: савецкі народ, які прымушалі працверазець, не вытрымаў сутыкнення з рэчаіснасцю, і імперыя развалілася як картачны домік.

Цяпер расейскія суды заблакавалі доступ на тэрыторыі Расеі да двух папулярных парнаграфічных сэрвісаў. Што адбудзецца, калі мільёны расейскіх мужчынаў, якія нырнулі ў глыбіні віртуальнага сексу, адарвуць вочы ад экрану і пабачаць нарэшце карупцыю, цынічную хлусню чыноўнікаў, неапраўданае ўварванне ва Украіну.

Дойдзе да іх нарэшце пах лёгкаўспламяняльнага тварагу і вапна ў малацэ, а таксама яны ўсвядомяць сотні праблемаў, якія цяпер існуюць у Расеі на фоне распальвання канфлікту з Захадам.

Ну і канешне ж, у часы гарбачоўскага «сухога закону» людзі таксама неяк давалі сабе рады. Вядомы расейскі пісьменнік і аматар алкагольных напояў Венядзікт Ерафееў на старонках сваёй паэмы «Масква – Петушкі» апісаў некалькі рэцэптаў кактэйляў, якія маглі б замяніць дэфіцытны алкаголь. І так паўсталі такія вынаходніцтвы як «Ханаанскі бальзам» (дэнатурат – 100 гр., палітура ачышчаная – 100 гр., аксамітнае піва – 200 гра) альбо легендарныя «Слёзы камсамолкі» (лаванда – 15 гр., вербена – 15 гр., «Лясная вада» – 30 гр., лак для пазногцяў – 2 гр., зубны эліксір – 150 гр., ліманад 150 гр.). Часам гэтыя кактэйлі па сваім эфекце і працягласці ўздзеяння выгадна адрозніваліся ад сваіх адпаведніках з крамы.

Гэтая расейская інавацыйнасць ва ўмовах дэфіцыту паказвае, што расейцы неяк дадуць рады і без «Pornhub». І, як і ў выпадку з алкаголем, чымсьці, па меншай меры часова, заменяць старонкі для дарослых.

Хаця гледзячы на рэцэпты савецкіх напояў, ажно страшна падумаць, як будуць выглядаць тыя парнаграфічныя сурагаты. Адзінае пытанне: на колькі хопіць замены?

На цікавы факт звярнулі ўвагу каментатары расейскага нацыяналістычна-постмадэрнісцкага парталу «Погром и Спутник». Блакаванне парнаграфічных сайтаў паспрыяе таму, што людзі пачнуць масава ўсталёўваць сабе розныя праграмы, што дазваляюць абыходзіць блакаду. Дазволяць яны аднак не толькі наведваць заблакаваную парнаграфію. Акрамя яе ў Расеі часта блакуюць старонкі, што маюць экстрэмісцкі змест – альбо часцей за ўсё тыя, што крытыкуюць вонкавую палітыку краіны ў адносінах да Украіны ды Сірыі. І так мільёны расейскіх мужчынаў знойдуць доступ не толькі да эратычнага зместу, але таксама і да звыклай «крамолы».

Атрымліваецца, што сёння блакуюць «Pornhub», а праз пяць гадоў апошні расейскі самалёт ганебна пакідае Сірыю, Сібір і Далёкі Усход абвяшчаюць незалежнасць, а на Чырвоную плошчу выходзіць нейкі новы Барыс Ельцын.

Максім Чыгунка

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары