Алесь Кіркевіч Белсат жывы, а Вы?..

журналіст, літаратар

Пасля навіны аб тым, што кіраўніцтва каналу атрымала завярэнне з боку прэм’ера Польшчы аб тым, што Белсату нічога не пагражае, можна падвесці пэўныя вынікі.

Не столькі наконт унутрыпольскіх закулісных гульняў – на гэта ёсць свае эксперты – колькі наконт сітуацыі ў нашым беларускім патрыятычным сегменце, які павёў сябе надзвычай цікава.

Адразу пасля з’яўлення навіны пра магчымае закрыццё Белсату, як мы памятаем, каментатары падзяліліся на два лагеры. Адныя пачалі ствараць петыцыі, пісаць лісты і нават выходзіць на акцыі з адным патрабаваннем: «Белсат, жыві!»

Іншая частка, паціраючы рукі, задаволена выдыхнула: «Ну, нарэшце…» Нехта згадаў, што журналістам «…трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем», нехта пачаў рупіцца пра польскія грошы, на якія мы «не маем права», нехта наўпрост адрэзаў: Белсат нікому не патрэбны, яго не глядзяць, плёну няма.

Такое ўражанне, што паралельна з кампаніяй падтрымання запрацавала паралельная ініцыятыва: «Белсат, памірай!»

Давайце па чарзе. Заўвага кшталту «белсатаўцы маюць цешыцца, што вярнуцца ў Беларусь» – найбольш уразіла. Па-першае, большая частка калектыву і так працуе ў Беларусі, робячы матэрыялы з месца: як са сталічных судоў і мітынгаў, так і з рэгіёнаў з іх бясконцымі сацыяльнымі праблемамі. Хто і куды тут мае вяртацца?

Па-другое, варшаўская частка рэдакцыі выдатна спраўляецца і на сваім месцы. Зразумела, здаецца, што знаходжанне ў сталіцы суседняй дзяржавы – вымушаная мера: незалежнаму тэлебачанню ў Беларусі наўпрост не далі б паветра – студыяў, апаратуры, лагістычных магчымасцяў.

Калі ж нехта лічыць, што працуючы ў Варшаве журналісцкі калектыў адарваўся ад рэальнасці, то варта супакоіцца: для гэтага не трэба ехаць далёка. Ад рэальнасці можна збягаць і ў Менску, курсуючы паміж барам «Ў» і «Хуліганам», жывучы ў сваім утульным сусвеце, дзе ўсё файна: і беларусізацыя, і пацяпленне, і парады вышыванак…

А што з рэштай Беларусі? У Горадні ці Гомлі праводзяцца парады вышыванак? Або ведаюць на памяць усіх «свецкіх львоў» ды «іконаў стылю»?..

Эміграцыя ж можа быць і ўнутранай, прычым цалкам паспяховай. Можна жыць у Беларусі, працаваць журналістам, «змагацца», пішучы пра фестывалі мёду ды забегі дзядоў марозаў. І што? У чым тут гераізм або адданасць Бацькаўшчыне ды прафесіі?

Грошы-грошы-грошы… Колькі разумнікаў пачало адразу падлічваць польскія выдаткі ды бараніць польскі бюджэт. Маўляў, чужое, навошта браць або крыўдзіцца, калі не даюць? Скажыце, а рэшта незалежных СМІ існуе выключна на ўнутрыбеларускія ўліванні, за кошт рэкламы або за кошт продажу прадукту (газетаў, напрыклад)?

Не, бо краўдфандынгам можна пакрыць адзін праект, але не працу рэдакцыі. Бо прыватны бізнес калі ідзе на супрацу, даючы рэкламу, то ў мінімальным аб’ёме. Бо папяровыя газеты сталі прадуктам для публікі старэйшага веку і найчасцей непрыбытковыя.

Дык пра што размова? Ці гэта дрэнна, калі суседняя дзяржава дае рэсурс для адзінага беларускамоўнага тэлеканалу, які стаіць на незалежніцкіх пазіцыях? Або грошы – «брудная рэч» – у выпадку, калі яны ў чужой кішэні, а не ў тваёй?..

Аргумент пра непапулярнасць каналу наагул фантастычны. Зноў жа, ёсць Менск, а ёсць – Беларусь. І вось у гэтай Беларусі, якая знаходзіцца за межамі кальцавой, людзі глядзяць Белсат, усталяваўшы антэны на катэджах або вясковых хатаў. Прыкладаў – процьма.

Неяк у 2015-м на рынку давялося сустрэцца са старым знаёмым – дзядзькам сталага веку, «афганцам», з якім некалі працавалі на «пралетарскіх» працах год 6-7 таму. Дзядзька той з гонарам лічыў сябе «рускім афіцэрам» з-за чаго мы і сварыліся перыядычна. Думаю, ну, зараз пачнецца: Украіна, «крымнаш»…

Якім было маё здзіўленне, калі субяседнік пачаў апошнімі словамі ганіць Расею праз агрэсію ва Ўкраіне. Чаму? Вельмі проста. Жывучы пад Горадняй у двухпавярховым доме на чатыры ці шэсць кватэраў ён… глядзеў Белсат. Значыць – ёсць эфект, значыць працуе.

Ці варта ўзгадваць сотні сацыяльных праблемаў, вырашаных каналам? Калі людзі, трапіўшыя ў бяду – святло адключылі, дарога дрэнная, зносяць… – звярталіся да журналістаў каналу і ўсё вельмі хутка ставала на свае месцы.

Памятаю выпадак у Альшанцы пад Горадняй, калі ўся вёска апынулася без вады праз паломку. Месяц людзі мыліся, сціралі, мылі посуд дажджавой вадой або прывезенай з крыніцы за некалькі кіламетраў.

Сталыя жанчыны разводзілі рукамі ды канстатавалі, што нікому не патрэбныя: улады маўчаць, дзяржаўныя СМІ адмаўляюцца ехаць. Пасля матэрыялу на сайце каналу сітуацыя змянілася за дзень: усё направілі, вада пайшла.

І пасля гэтага нехта будзе казаць пра Белсат, далёкі ад народу, які «жыве прыпяваючы ў сваіх варшавах»? Вам не сорамна?

Уся сітуацыя аказалася цудоўным тэстам на салідарнасць. Вынікі хай кожны ўбачыць і ацэніць самастойна. Галоўны вынік – Белсат жывы, хэштэг, запушчаны ў сацсетках, апынуўся прароцкім. Але ці жывыя і ці гатовыя жыць разам у адной краіне са сваймі калегамі тыя, хто кінуўся пабіваць канал камянямі ў складаны момант – я ўжо і не ведаю…

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары