Зміцер Ягораў «Белсат па-расейску»: Здрада? Перамога?

рэдактар belsat.eu

«Ну што, пачалося?» – 31 траўня большасць калегаў прыходзяць у рэдакцыю з такім пытаннем. «Пачалося» – адказваю. Мы ведаем і гатовыя атрымаць дозу крытыкі, скепсісу, і нават праклёнаў да пятага калена ў адказ на навіну пра вяшчанне на расейскай мове. Мы гатовыя выслухаць і чакаем на момант, калі жарсці супакояцца і нас таксама пачуюць. Гатовыя слухаць?

Што здарылася? Наш ньюсрум запускае міжнародную тэлепраграму на расейскай мове. На нашым, беларускамоўным канале. Гэта НЕ азначае «пераход “Белсату” на расейскую мову». Гэта НЕ азначае русіфікацыю. Гэта значыць толькі тое, што ёсць: у эфіры зʼявіцца 10-15-хвілінная праграма пра падзеі ў свеце і на пост-савецкай прасторы.

Здрада?

Тады я вам распавяду яшчэ пра адну «здраду».

Падумайце пра адну краіну, якая раптам запускае не 15-хвілінную праграму, а цэлы тэлеканал для іншых. На мове, якую нават не разумеюць грамадзяне, з кішэні якіх дасталі грошы і аддалі «чужакам». «Лепш купіце абсталяванне ў дзіцячую больніцу! Здрада!»

– такія меркаванні пры жаданні лёгка знайсці – пра «Белсат». У польскамоўным сегменце Тўітэру, напрыклад.

Мільёны долараў пайшлі за гэтыя гады на «Белсат». Пры тым Польшча ніколі не спрабавала выкарыстоўваць нас, як рупар прапаганды. І толькі таму дзясяткі прафесійных беларускіх журналістаў пагадзіліся працаваць на «Белсаце».

Цяпер кожную раніцу, калі я заходжу ў ньюсрум, я за руку вітаюся з новымі працаўнікамі. Ігарам і Машай. Яны не беларусы. Ігар прыехаў з Казахстану. Маша – з Расеі.

Абодва ведаюць, як выглядаюць вочы людзей, атручаных прапагандаю, як бʼе паліцэйскі дручок, як людзей кідаюць у аўтазакі, саджаюць за вальнадумства.

Ці Ігар і Маша для мяне – ворагі? Ці падаць ім руку – здрада? Даць ім магчымасць казаць на сваёй мове праўду для сваіх суграмадзянаў – здрада?

Ці «Белсат» – гэта толькі для беларусаў і больш ні для каго? «Telewizja Polska», у склад якой фармальна ўваходзіць «Белсат», такім чынам мусіла б быць толькі для палякаў?

15 хвілінаў эфіру па-расейску на «Белсаце» зрусіфікуюць вас і вашых дзяцей? Калі так, вазьміце добрую беларускую кнігу і на гэтыя 15 хвілінаў выключыце тэлевізар і пачытайце сваім дзецям услых.

А нам, белсатаўцам, пакіньце права на салідарнасць з Ігарам і Машай ды такімі, як яны. Пакіньце нам, белсатаўцам, права вырашаць, як нам працаваць, якія праграмы выпускаць. Палякі не ўказваюць нам, на якой мове і што казаць у эфіры.

Дзе можна глядзець “Белсат” праз спадарожнік

Для большасці белсатаўцаў пытанне мовы – прынцыповае. І вельмі асабістае. Мы гадуем сваіх дзяцей па-беларуску – гэта асабісты выбар кожнага. Калі мы робім праграму па-беларуску – гэта таксама выбар кожнага. Нікога з журналістаў, якіх я ведаю, якія працуюць па-беларуску, не атрымаецца змусіць перайсці на расейскую. Бо гэта– прынцыповае і асабістае.

А што будзе далей з моўным пытаннем на «Белсаце» – чытайце ў інтэрвʼю з Агнешкаю Рамашэўскай.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары