Эдуард Пальчыс Чаму беларуская дыяспара не выкарыстоўвае свой патэнцыял?

экстрэміст, былы палітвязень

Ужо не раз сутыкаўся з меркаваннямі, што беларуская дыяспара зʼяўляецца своеасаблівым люстэркам беларускага грамадства. У параўнанні з тымі ж украінцамі, яна сябе амаль не праяўляе.

Згодна з перапісам 2011-га года ў Польшчы пражывае 47 тысяч этнічных беларусаў. Але чаму, напрыклад, у сітуацыі з «Белсатам» іх зусім не было чуваць?

Верагодна таму, што большасць беларусаў замежжа наўпрост не жадаюць займацца беларускімі пытаннямі і праблемамі. У Польшчы за невялічкі мітынг у падтрымку адзінага беларускамоўнага канала дакладна б нікога не затрымлівалі і ва аўтазак не кідалі б. Так нават і канапава-інфармацыйных дзеянняў з боку дыяспары не было чутно.

У замежжы налічваюць каля 3 мільёнаў беларусаў, якія стала не пражываюць на Радзіме. Але патэнцыял іх амаль што не выкарыстоўваецца ні дзяржавай, ні грамадствам.

Нярэдка тыя, хто зʼехаў, стараюцца максімальна адасобіцца ад свайго нацыянальнага мінулага. Такія эмігранты становяцца большымі «амерыканцамі», «палякамі», «немцамі», чым сапраўдныя «карэнныя жыхары».

Таму проста прызнаваць сябе беларусам па-за межамі Беларусі ўжо своеасаблівы гераізм.

Складваецца парадаксальная сітуацыя, калі галоўная адказнасць за актывізацыю дыяспары кладзецца на нашыя плечы (тых, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі). Бо мы самыя паказваем дрэнны прыклад таго, як выглядае кансалідаваная нацыя.

Спроба знішчыць «Белсат» – і аднекуль зʼяўляюцца хэйтеры, якія амаль адкрыта радуюцца гэтаму. Актывісты пачынаюць кампанію за захаванне беларускай мовы на таварах – пачынаюцца слёзы пра «каласальныя выдаткі бізнесу», «прымусовую беларусізацыю» і іншую лухту.

Вось сядзіць беларус у Польшчы, глядзіць на ўсё гэта з боку, і што яму думаць? Навошта яму займацца беларушчынай, калі ў беларускім грамадстве праз 25 год незалежнасці ідуць спрэчкі пра банальныя рэчы. Не пра кандыдатаў у прэзідэнты, не пра праграму эканамічнага развіцця, а пра тое, добрая ці дрэнная зʼява закрыццё адзінага беларускамоўнага ТБ?

Культура і брэнды як адзіны сродак

Brutto ў Канадзе

Адзінае, што цяпер яднае беларусаў за мяжой, – культурныя імпрэзы. Выступы музыкаў, тэатральныя пастановы, лекцыі цікавых асоб і гэтак далей. Яшчэ больш натхняе, калі замежныя грамадзяне пазітыўна ацэньваюць нашую культуру ці адзначаюць іншыя дасягненні беларусаў. Тады ўжо і эмігранту не так сорамна ў стасунках прызнавацца ў сваёй прыналежнасці да нацыі: «І я з гэтым звязаны». «World of Tanks? Так у мяне там сябра працуе», «БАТЭ? Так, мой брат зараз у Барысаве жыве, хочаш, папрашу даслаць фірмовы шалік?»
Бо заўсёды хочацца быць датычным да чагосьці прывабнага, пазітыўнага, моцнага і папулярнага, а не да «апошняй дыктатуры ў Еўропе».

Візы


Адмена віз для замежнікаў дае падставы для стварэння зусім іншай рэпутацыі Беларусі ў свеце. Эмігранты ў другім пакаленні, якія не маюць беларускага грамадзянства, цяпер атрымоўваюць шанец без праблем пазнаёміцца з родным краем сваіх бацькоў. Нават некаторыя галівудскія зоркі, якія маюць беларускія карані, у свой час самастойна наведвалі нашу краіну.
Таксама лягчэй будзе ствараць новыя разнастайныя рухі і арганізацыі дыяспары, праводзіць міжнародныя форумы і кангрэсы.

Стварэнне сваіх лабісцкіх суполак

На прыкладзе таго, як Канада актыўна падтрымлівае Украіну, мы бачым, як трэба працаваць з дыяспарай. Бо калі іншыя краіны вагаліся, канадскія армейскія самалёты ўжо сядалі з карыснымі грузамі ва ўкраінскіх аэрапортах. А цяперашні міністр вонкавых спраў Канады і ўвогуле мае ўкраінскае паходжанне.

Адкрыццё Беларусі для сусвету сіламі аднаго толькі нашага МЗС немагчыма. Тым больш, што Лукашэнка перад міністэрствам Макея ставіць больш прагматычныя задачы (прадай трактар!). Але трактар ніхто не купіць, пакуль свет не будзе ведаць, што гэта за краіна і нацыя такая. І першыя прадстаўнікі Беларусі перад сусветнай супольнасцю – наша дыяспара. Таму наперадзе шмат працы з абедзвюх бакоў.

іншыя запісы
Каментары