Аляксандр Гелагаеў «Беларусь з выхадам да мора»? Як Чарнагорыя прайшла шлях ад «славянскіх пацалункаў» да NATO

гісторык, вайсковы аглядальнік

5 чэрвеня Чарнагорыя афіцыйна стала 29-м сябрам Паўночна-Атлантычнага Альянсу – у сераду яе сцяг уздымецца каля штаб-кватэры НАТО ў Бруселі.

Аднак усяго дзесяцігоддзе таму краіна, якая знаходзілася пад моцным культурным і палітычным ціскам вялікадзяржаўнай Сербіі, афіцыйна лічыла заходнія краіны ворагам і нават войскамі падтрымлівала «старэйшага брата» у войнах з Харватыяй і Босніяй.

У «Славянскім саюзе»

Чарнагорыя – былая рэспубліка сацыялістычнай Югаславіі, якая даўжэй за ўсіх захоўвала федэратыўныя сувязі з Сербіяй. І дагэтуль прасербскія, прарасейскія і антызаходнія настроі ў Чарнагорыі дастаткова моцныя. Дастаткова адзначыць, што чарнагорцы – не складаюць колькаснай большасці ва ўласнай краіне – з 620 тысяч жыхароў іх толькі 279 тысяч (45 адсоткаў). Другая па колькасці этнічная група – сербы (178 тысяч ці 28 адсоткаў). З 81-го дэпутата парламента краіны толькі 46 прагаласавалі за ўступ у НАТО, астатнія ў знак пратэсту пакінулі залю.

«Ліхія 90-я»: злева Міла Джуканавіч, справа Слабадан Мілошевіч.

У 1990-я падчас войнаў у Харватыі і Босніі чарнагорскія вайскоўцы пры фармальным нейтралітэце сваёй рэспублікі дапамагалі сербскім узброеным фармаванням і нават нападалі на суседні харвацкі Дуброўнік. Баснійскіх уцекачоў арыштоўвала чарнагорская паліцыя і адпраўляла ў сербскія канцлагеры, дзе шмат хто з баснійцаў сталі ахвярамі катаванняў і нават былі забітыя.

Толькі ў 2006 годзе, калі Сербія прайграла ўсе войны і змірылася з паразай, Падгорыца абвесціла незалежнасць і выйшла з саюзу з Белградам.

Той жа самы чарнагорскі прэмʼер Міла Джуканавіч, які нязменна кіраваў краінай з 1991 па 2016 год, выступаў супраць выхаду з Югаславіі і кляўся ў братэрстве сербскаму прэзідэнту Слабадану Мілошэвічу, абвесціў эканамічныя рэформы, дазволіў вольны абарот нямецкіх марак, а потым і еўра, паставіў на чарнагорскую незалежнасць і шчыльную супрацу з Захадам.

Венецыянская Рэч Паспалітая

Чарнагорыя таксама як і Сербія лічылася да апошняга часу вельмі прарасейскай краінай – і сотні тысяч заможных турыстаў з Расеі апошнія 20 год пакідаюць тут грошы і набывалі жытло нездалёк ад цёплага Адрыятычнага мора. Палітычныя і культурныя сувязі з Масквой тут сягаюць у старажытнасць – Масква не толькі стала адным з патронаў першай чарнагорскай незалежнай дзяржавы, аднак цар Пётр Першы тут вучыўся ў чарнагорскіх маракоў, а лёс краіны быў шчыльна звязаны з поспехамі расейскай арміі на Балканах у войнах супраць Асманскай імперыі.

Аднак гісторыя краіны не арыентаваная толькі на ўсход – у часы Сярэднявечча, калі туркі захапілі сухапутную горную частку Чарнагорыі, узбярэжжа захавала свабоду і стагоддзямі было часткай хрысціянскага Захаду.

У бітве пры Лепанта (1571 год), калі хрысціяне паўднёвай Еўропы нанеслі першую вялікую паразу асманскаму флоту, удзельнічалі і чарнагорскія караблі.

У бітве пры Лепанта (1571 год), калі хрысціяне паўднёвай Еўропы нанеслі першую вялікую паразу асманскаму флоту, удзельнічалі і чарнагорскія караблі.

Фактычна ў 15 стагоддзі мясцовыя купецка-рыбацка-пірацкія гарады ўвайшлі ў хаўрусніцкія зносіны з Венецыянскай рэспублікай, знаходзіліся пад яе пратэктарам і культурным уплывам. Акрамя таго, хоць зараз большасць чарнагорцаў праваслаўныя, каталіцтва – старажытная і неадʼемная частка гісторыі краіны.

Дагэтуль у старажытным горадзе Катор муніцыпальныя ўлады кожны афіцыйна дзякуюць мясцоваму каталіцкаму біскупу падчас галоўнага гарадскога свята – за прыбыццё венецыянскага флоту, які дапамог жыхарам адбіцца ад асманскага нападу.

«Чорны легіён» супраць «ЧНР»

Курс у бок НАТО, які пачаўся ў 2009 годзе, не быў простым для краіны, дзе Расея мае значны ўплыў. У 2015-2016 гадах, калі перспектыва ўваходу ў альянс стала блізкай да рэалізацыі, у этнічна і рэлігійна стракатай краіне ўзнік палітычны крызіс. У гарадах адбываліся буйныя акцыі пратэсту, якія прыйшлося разганяць паліцэйскім з ужываннем слезацечнага газу.

Акрамя таго, як звычайна, Масква адразу знайшла «няякасным» чарнагорскае віно, якое прадаецца ў Расеі мільёнамі бутэлек.

Байцы чарнагорскага антытэрарыстычнага падраздзялення. Фота US Army

16 кастрычніка 2016 году – у дзень парламенцкіх выбараў – была арыштаваная група грамадзянаў Сербіі і Чарнагорыі, у тым ліку былы кіраўнік сербскай жандармерыі (аналагу нашых падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння МУС). Чарнагорыя абвінаваціла Маскву ў спробе арганізацыі перавароту – у змове ўдзельнічалі грамадзяне Расеі і Сербіі, у тым ліку тыя, хто ваяваў супраць Украіны на Данбасе.

Планавалася, што змоўшчыкі пераапрануцца ў форму паліцыі, захопяць парламент і забʼюць прэмʼер-міністра Джуканавіча – таго самага, які так доўга быў «чарнагорскім Лукашэнкам».

Ёсць меркаванне, што Джуканавіч выжыў, бо апошнія 20 год не саджаў чарнагорскіх нацыяналістаў у турмы, а спрыяў іх службе ў паліцыі, арміі і спецслужбах.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

іншыя запісы
Каментары