Аляксандр Гелагаеў Беларус мае права на зброю. Пра што сведчыць і не сведчыць Лас-Вегас?

гісторык, вайсковы аглядальнік

59 чалавек загінулі ў выніку страляніны, якую ўчыніў 1 кастрычніка на канцэрце ў Лас-Вегасе амерыканскі пенсіянер Стывен Пэдак.

Дагэтуль прычыны дзеянняў Пэдака невядомыя, не паведамляецца, якую і адкуль ён атрымаў вінтоўкі, якія могуць весці аўтаматычны агонь. Аднак гэта ўжо стала нагодай для некаторых дзеячаў у ЗША пачаць абмеркаванне легальнага доступу грамадзянаў да пісталетаў і стрэльбаў.

Хоць права на валоданне зброяй беларусы амаль не маюць, аналагічныя спрэчкі зазнаў і беларускі сегмент інтэрнэту. Адныя без сораму лічаць сваіх суграмадзянаў недачалавекамі, быдлам, якому зброю нельга давяраць – «і нас па пʼяні перастраляюць, і саміх сябе». Іншыя лічаць, што праблема ў саміх нежывых металічных прадметах «няма зброі – няма праблемы».

Паспрабуем спакойна паглядзець на лічбы і міжнародны досвед.

Больш зброі – больш злачынстваў?

Здавалася б гэта лагічна: давайце забаронім людзям купляць пісталеты і вінтоўкі і забойстваў стане менш. Аднак статыстыка абвяргае гэтае меркаванне.

Гэтак, напрыклад, афіцыйны лідар у зброі на руках у насельніцтва – ЗША. Згодна з дадзенымі Міністэрства юстыцыі ЗША, зброі на руках у звычайных амерыканцаў болей, чым саміх жыхароў ЗША – 101,05 адзінкі на 100 чалавек.

Пры гэтым колькасць забойстваў, самазабойстваў ці выпадковых інцыдэнтаў, якія прывялі да смерці людзей складае ў ЗША 10,54 чалавека на 100.000 у год. Прыкладна дзве траціны гэтых інцыдэнтаў – вынік менавіта самазабойстваў, а не крымінальнай злачыннасці, сведчыць даследаванне Кангрэсу ЗША, якое было праведзенае ў 2012 годзе.

Збройны кірмаш у ЗША. Фота wikipedia.org

Возьмем, Гандурас, дзе зброі зусім няшмат – усяго 6,2 адзінкі на 100 чалавек. Гэтая краіна ні з кім не ваюе, не ведае ісламскага тэрарызму, зʼяўляецца даволі беднай і перажывае значныя сацыяльныя праблемы. У выніку ў ёй ад агняпальнай зброі гіне ў 10 разоў больш людзей, чым у ЗША – 67,18 асобы на 100.000 на год.

Ёсць больш блізкі да нас еўрапейскі прыклад – Чарнагорыя. Там пісталетаў і стрэльбаў на чалавека ў пяць разоў меней, чым у ЗША – 23,1 адзінкі на 100 жыхароў. Аднак узровень забойстваў з ужываннем агняпальнай зброі ненашмат меншы, чым у Злучаных Штатах – 8,91 на 100.000 у год.

Калі мы ўжо ўнутры ЗША будзем параўноўваць злачыннасць у больш і менш «узброеных» штатах, то прыйдзем да яшчэ больш ці цікавых назіранняў – часта атрымаецца, што злачынстваў, прычым найбольш цяжкіх, такіх як наўмыснае забойства ці згвалтаванне, больш тым, дзе абмежаванняў на валоданне зброяй больш.

Можна працягваць, але нават не ўлічваючы ўсіх забойстваў (пакуль мы казалі толькі пра забойствы і смерці ад агняпальнай зброі), атрымліваецца, што здольнасць грамадзянаў легальна набыць зброю ніяк не звязаная з узроўнем злачыннасці.

Самаабарона

Нават у зусім маленькай дзяржаве, якая, напрыклад, складаецца з аднаго гораду, нельга разлічваць на тое, што паліцыя ўратуе бяззбройнага грамадзяніна ці грамадзянку ад злачынцы. А ўлічваючы тое, што злачынца так ці інакш можа знайсці сабе зброю – хаця б кастэт ці нож – ці можна пазбаўляць грамадзяніна магчымасці на легальную самаабарону з максімальнай эфектыўнасцю?

У даследаваннях злачыннасці ў ЗША часта не згадваецца – а колькі магчымых ахвяраў усё ж такі змаглі абараніцца, маючы ў руках пісталет ці стрэльбу?

Амерыканская студэнтка вучыцца валодаць зброяй у ціры. Фота http://www.uatrav.com

Яшчэ ў 2013 годзе папярэдні прэзідэнт ЗША Барак Абама замовіў даклад пра ўжыванне зброі і ўзровень злачыннасці ў ЗША. Высновы, магчыма, былі нечаканымі пра прадстаўніка Дэмакратычнай партыі, які выступаў за абмежаванне доступу грамадзянаў да «агняпалу»:

«Даследаванні, якія наўпрост ацэньвалі рэальныя выпадкі выкарыстання агняпальнай зброі ў абарончых мэтах, паказалі, што яно стабільна падвышае бяспеку ахвяраў злачынстваў у параўнанні з іншымі метадамі самаабароны».

Прыкладна 500-600 злачынцаў у ЗША гінуць кожны год у выніку таго, што грамадзяне выкарыстоўваюць для самаабароны вінтоўкі ці пісталеты. Ацэнкі выпадкаў самаабароны, якія не прыводзяць да забойства злачынцы, вагаюцца ад дзясяткаў тысячаў да 2,5 мільёна ў год, бо не такія інцыдэнты часта проста не ўлічваюцца ў паліцэйскай статыстыцы.

Злачынцы ў ЗША называюць разам менавіта наяўнасць зброі ў патэнцыйных ахвяраў адным з найбольш важных стрымліваючых фактараў. Пры гэтым, канешне, самі злачынцы практычна ніколі не выкарыстоўваюць легальна набытую зброю, бо яе дастаткова лёгка адсачыць.

Руля ці стырно?

У штаце Невада, дзе законы пра валоданне зброяй «нагадваюць Дзікі Захад» і адбылася трагедыя з расстрэлам 59 асобаў, у 2016 годзе загінула ад рук забойцаў 7,6 чалавека на 100.000 насельніцтва. У горадзе Чыкага, дзе продаж зброі вельмі абмежаваны, адпаведны паказнікк складае 27,22 чалавека на 100.000.

Карыкатура з сайту прыхільнікаў вольнага гандлю зброяй

Безумоўна трэба разумець эмоцыі і гнеў людзей, спачуванні і слёзы – у гэтым няма нічога адмоўнага. Пакуль мы не пачынаем падпарадкоўваць нашыя думкі і дзеянні адным эмоцыям.

У ЗША кожны год на дарогах гіне каля 30.000 чалавек у выніку ДТП – гэта ў ТРЫ РАЗЫ больш, чым наўмысных забойстваў з выкарыстаннем агняпальнай зброі – аднак ніхто не заклікае забараніць аўтамабілі.

У Францыі летась мусульманскі тэрарыст выкарыстаў цяжкавік як зброю для тэракта – і забіў амаль 90 асобаў у Ніцы. Гэта амаль у два разы больш, чым забіў Пэдак у Лас-Вегасе. Але ніхто ў здаровым розуме не заклікае забараніць цяжкавікі.

Права шляхціча, права грамадзяніна

У даўнія часы ніхто не абмяжоўваў права нашых продкаў на валоданне зброяй. І яны не перабілі адзін аднаго. Тое, што жыхары Беларусі пакуль пазбаўленыя вольнага валодання зброяй – наступства 200-гадовай акупацыі, карных акцый, канфіскацый і вобшукаў, якія пачаліся са здушэння паўстання Касцюшкі, а закончыліся дзеяннямі савецкіх карных органаў.

Варта, каб цяпер незалежная нашая дзяржава і мы самі перасталі лічыць сябе паднявольным насельніцтвам, якое ўяўляе небяспеку для акупанта. Мы павінны лічыць сябе вольнымі грамадзянамі, зброя ў руках каторых – гэта фактар бяспекі для нашых суграмадзянаў, фактар нашай вонкавай бяспекі.

Інакш – як можна патрабаваць дэмакратыі? Калі грамадзяніну нельга даверыць пісталет ці стрэльбу, як яму можна дазволіць права вырашаць лёс усёй краіны на выбарах, служыць у арміі, кіраваць дзяржавай?

Бацька вучыць дачку валодаць цацачнай вінтоўкай падчас збройнага фэсту Нацыянальнай стралковай асацыяцыі. Фота (Reuters/Adrees Latif)

Зброя – гэта не пытанне эмацыйнай рэакцыі на тую ці іншую падзею, гэта пытанне логікі, статыстыкі, мэтаў, якія грамадству варта было б вырашыць.

Вучоба на афіцыйным палігоне ў ЗША. Фота Mitch Kezar/Design Pics/Getty Images

Калі мы хочам, каб беларус быў самастойным свядомым сваіх правоў грамадзянінам, гатовым абараніць сябе і сваю сямʼю, калі мы хочам, каб беларуска мела магчымасць даць рашучы адпор фізічна больш моцнаму рабаўніку ці гвалтаўніку, а любы агрэсар добра задумаўся наконт таго, ці варта акупіраваць краіну, дзе «ствол» ёсць у кожнай хаце, варта прадумаць пра вольны продаж агняпальнай зброі.

Для гэтага трэба будзе шмат працаваць, ствараць адпаведныя ўмовы – якія можна і варта абмяркоўваць – аднак, гэта, я спадзяюся, стане тэмай для наступных публікацый і шырокага абмеркавання ў грамадстве.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары