Віктар Шукеловіч Беларусь мае больш агульнага з «нямецкім светам», чымся з «русским миром»

літаратар, журналіст

У Нямеччыне даўней дахі таксама крылі саломаю

Быць з вёскі – гэта непрэстыжна, пра гэта нельга гаварыць уголас ці пахваліцца ў кампаніі, мяркуе яшчэ шмат хто ў Беларусі. Прычым, калі ў нашай краіне ўсё яшчэ адхрышчваюцца ад вясковасці, то ў Нямеччыне аўтэнтычная сельская культура – падстава для гонару і магчымасць зарабіць.

Напрыклад, у шмат якіх гаспадарках у Шварцвальдзе, якія прымаюць турыстаў, адмыслова захоўваюцца прылады, побытавыя рэчы ды здымкі яшчэ з XIX стагоддзя. Прычым, усё гэта сапраўднае, не купленае ці змайстраванае, а атрыманае ў спадчыну ад прадзядуляў.

Асабліва мяне ўразіў этнаграфічны музей Шварцвальду у мястэчку Гутах. Першае, што мне ў ім кінулася ў вока, – гэта надзвычай старыя пабудовы, сабраныя ў адным месцы. Найдаўнейшая спаруда паходзіць ажно з 1599 года, з часоў, калі існавала Вялікае Княства Літоўскае. Дрэва – недаўгавечны матэрыял, але ў гэтых дамах без перапынку жылі людзі цягам стагоддзяў, таму, імаверна, іх перыядычна рамантавалі.

Местачковы дом у Шварцвальдзе і жанчына ў традыцыйным строі

Усе тутэйшыя дамы маюць адмысловую страху, уласцівую толькі гэтаму рэгіёну, – са схіламі на чатырок баках. Страха – саламяная або з чароту, як некалі было ў беларускіх вёсках і цяпер толькі дзе-нідзе захавалася на Палессі.

Ад беларускіх хатаў гэтыя пабудовы адрозніваюцца сваймі вялікімі памерамі – у Шварцвальдзе семʼі былі некалі надзвычай шматдзетнымі, а пад адным дахам жылі адразу некалькі пакаленняў. У тым жа будынку звычайна трымалі таксама гавяду ды захоўвалі сена пад страхою, на вышках.

У дамах часам можна пабачыць фатаграфіі іх апошніх гаспадароў, якія жылі тут да 1960-1970 гадоў. Узнікае ўражанне, што зараз зарыпяць сходы і са спальні спусціцца прыгорбленая нямецкая бабуля ў традыцыйным строі.

Злева жанчына з нямецкім галаўным уборам, справа – беларускі строй. Ілюстрацыя справа з кнігі Міхася Раманюка «Беларускія народныя строі»

Жанчыны Шварцвальду некалі вельмі любілі прыстройваць свае капелюшы чырвонымі пампонамі, ці «бумбулямі», як хацелася б мне сказаць. Маладзіцы насілі галаўныя ўборы, якія нагадваюць птушыныя гнёзды, аздобленыя рознакаляровымі шкельцамі ды пацеркамі. Вельмі папулярны быў у рэгіёне чорны колер. Мяне нават моцна здзівіла, што нават нарачоныя спраўлялі вяселле ва ўсім чорным. Як мне патлумачылі, выяўлялі адданасць чорнаму колеру перадусім пратэстанты, у этыцы якіх амаль усё – барвы, строі ды забавы – было марнасцю.

Маладыя ў чорным ды бамбулі, якія сталі візітоўкаю Шварцвальду

У некаторых дамах у музеі на сталах стаяць кветкі, нібы гаспадары толькі на некалькі гадзін выехалі на жніво ці касавіцу. На другім паверсе аднаго з дамоў чуваць гучны голас. «Уф», «уф», – вухкае нехта зверху. Падымаюся і заходжу ў малы пакойчык, з якога ідзе гук. У пакоі стаяць крэслы перад тэлевізарам, у якім транслюецца відэазапіс: сівая бабуля распавядае, як малою дзяўчынкаю жыла і працавала ў гэтым доме, як выглядаў штодзённы дзень і святкаванне нядзелі ў ейнай вялікай сямʼі, дзе кожны меў свае заданні і абавязкі. Невядома, ці жывая яшчэ гэтая пані, але ейныя ўспаміны ўсцяж бытуюць у гэтым доме.

Злева – у нямецкай хаце, справа – у беларускай. Фота справа з Беларускага дзяржаўнага музею архітэктуры і побыту ў Азярцы.

Шмат што ў побыце шварцвальдскіх баўэраў і беларускіх гаспадароў падобнае: драбіністыя вазы, куфры, цапы, граблі і гэтак далей. Як і ў Беларусі, у кожнай хаце тут пераважаюць прылады з дрэва. «Драўляная цывілізацыя» – гэтак можна акрэсліць традыцыйную вёску як у Беларусі, гэтак і ў Нямеччыне.

Нямецкія драбіністыя вазы такія самыя як і беларускія

У музеі можна купіць таксама тканыя паясы, узоры на якіх вельмі нагадваюць беларускія.

Нямецкія паясы ды куфар цяжка адрозніць ад беларускіх

Папулярныя сярод моладзі ў Нямеччыне таксама аналагі нашых вышымаек – вопратка з прынтамі ў стылі традыцыйнага нямецкага адзення.

Мая ж кашуля, пашытая паводле старых беларускіх узораў, збіла з панталыку расейцаў, якія прынялі мяне за немца. Відаць, усё беларускае больш пасуе да «нямецкага свету», чымся да «русского мира».

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары