Аляксандр Фядута «Бангалорцы», «дэлійцы» ды іншыя прадстаўнікі беларускага народу

паліткансультант

«Адліга» скончыцца 10 ліпеня», – лічыць калумніст belsat.eu Аляксандр Фядута. А што будзе далей? Сцэнары могуць быць рознымі. Але спадар Фядута робіць свае высновы. Не занадта вясёлкавыя.

Калі хтосьці не памятае, 10 ліпеня 1994 года адбыўся другі тур выбараў першага прэзідэнта Беларусі. Калі хтосьці не памятае, тады перамог Аляксандр Лукашэнка. Гэта я нагадваю на ўсялякі выпадак. Раптам?
Але тое, што цяперашняя палітычная «адліга» – яна ж «макеўская перабудова» – завершыцца менавіта 10 ліпеня 2017 года, з гэтай гадавінай, з майго пункту гледжання, ніяк не звязана.

Проста з 5 па 9 ліпеня 2017 года ў Менску будзе праходзіць сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Гэта прынцыпова важная падзея, якая павінна засведчыць абсалютную легітымнасць вынікаў рэферэндуму 1996 года, які, стала быць, выбудаваў – на абломках першай суверэннай Рэспублікі Беларусь – нормы дзеючай Канстытуцыі.

Менавіта таму – а зусім не ў сувязі з місіямі МВФ, візітамі бельгійскіх віцэ-прэмʼераў і польскіх віцэ-міністраў – улада ўтрымліваецца ад сурʼёзных спробаў раздушыць усялякі супраціў у краіне. А цяпер ёй гэтага ох як хочацца! На вуліцы беларускіх гарадоў пачалі выходзіць не разнастайныя недабіткі з «пятай калоны», а тыя, хто раніцай раскрывае лядоўню насцеж у пошуках белай мышы, якая там павесілася – бо ведае, што полка, на якой ляжаў яшчэ паўгода таму запаветны паўбатон каўбасы, пустая. І белую мыш, якая павесілася на гэтай паліцы, некаторым выявіць ужо прасцей, чым каўбасу.

Падзеі 25-о і 26-га сакавіка пакажуць, супакоіла гэтую катэгорыю раззлаваных недармаедаў абяцанне прэзідэнта перагледзець дэкрэт № 3 ці ж не супакоіла. Калі супакоіла, то далей усё зразумела. Хваля схлыне, у траўні беларусы ўстануць на градках у позе «дупай уверх» – калі градкі ў кагосьці засталіся, а там – у студэнтаў сесія, а там – сезон адпачынкаў…

І з 10 ліпеня прыкладна да канца верасня мёртвы зыб захісне сабой беларускую палітычную прастору. А там калі нешта і пачнецца, то кропкавыя і значна больш жорсткія ўдары, чым сёння, цалкам могуць загнаць незадаволеных эканамічнай палітыкай улады назад – да лядовень!

Гэта аптымальны для беларускага кіраўніцтва сцэнар. Але ён зусім не аптымальны для беларускай апазіцыі.

25 сакавіка адбудзецца канчатковае афармленне расколу ў апазіцыйнай, прабачце за выраз, эліце. Не на «чыстых» і «нячыстых» – хутчэй, на «бангалорцаў» (з гэтымі ўсё адносна зразумела) і «дэлійцаў» (калі хтосьці не памятае, менавіта Дэлі стаў цэнтрам паўстання сіпаяў у 1857-1859 гг. І калі «бангалорцы» строга выканаюць сваё абяцанне хадзіць на рэвалюцыю па ходніках, ды яшчэ і ў спецыяльна адведзенае для гэтага месца, то іх нават біць не будуць: няма за што. Да іх аднясем і тых, хто ў знак пратэсту супраць Бангалора наагул пасля мітынгу адправіцца піць каву ці піва.

А вось «дэлійцы»… Гэтым трэба трохі адрэналіну. Таму яны на Бангалор дакладна не пойдуць, а пойдуць у процілеглым кірунку, што было абяцана Міколам Статкевічам. Хапун у гэтым выпадку практычна непазбежны, таму што гэтай часткі грамадства трэба адчуванне перамогі. Хоць бы маральнай.

І тут магчымыя розныя сцэнары. Будзем спадзявацца, што ў дасведчанага «калонаважатага» Статкевіча хоць бы парачка сцэнароў на гэты выпадак маецца. Калі не – раю прадумаць як след. Таму што наступны раз і сімвалічнай даты можа не быць, і сітуацыя вакол дэкрэту № 3 рассмокчацца сама сабой. Ды і народ («дэлійцы» – яны такія) вырашыць, што яго ў чарговы раз кінулі на волю лёсу і зненавідзіць апазіцыю амаль у тым жа абʼёме, у якім ужо ненавідзіць улады, якія змарылі яго сваёй уяўнай безальтэрнатыўнасцю.

Калонку я дапісаў. Пайду глядзець у лядоўні – а раптам там і сапраўды – белая мыш загадала мне доўга жыць?!

іншыя запісы
Каментары