Зміцер Ягораў Апазіцыя без паэта

рэдактар belsat.eu

Як піша ў сваёй заяве Уладзімір Някляеў, вось ужо два гады беларуская апазіцыя не можа дамовіцца ды вылучыць адзінага на выбары. Таму ён сыходзіць. Што гэта – жаданне адхрысціцца ад кампаніі недамоваздольных калегаў у апазіцыі? Або гэты крок у бок, каб былы кандыдат на прэзідэнта не засланяў новага кандыдата ад «Гавары праўду» – Таццяну Караткевіч? Пэўна, найбліжэйшымі днямі мы пачуем больш разгорнутае тлумачэнне, а пакуль што спадар Уладзімір не выходзіць на сувязь з журналістамі.

Цяпер час падсумаваць, што гэта быў за апазіцыянер – Някляеў. Калі былы апазіцыйны палітык вырашыў узяць «медыйную паўзу», то гэткае падсумаванне можам зрабіць і мы.

Някляеў увайшоў на палітычную арэну напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў-2010. Ягонае высоўванне ў якасці кандыдата некаторы час было таямніцаю Полішынэля – усе разумелі, што менавіта на яго кандыдатуру працуе «Гавары праўду». У той час паміж Лукашэнкам і Крамлём быў разлад, расейскія каналы выпускалі адну за другім серыі «Хроснага Бацькі». Сваю заяву аб намеры балатавацца Някляеў зрабіў у эфіры радыё «Эхо Москвы». І адразу атрымаў ад «добразычліўцаў» недарэчны ярлык «стаўленіка Крамля».

Што мог запрапанаваць Някляеў-паэт і Някляеў-апазіцыянер? Прынцыповасць і сумленнасць. «Я прыйшоў, каб вы перамаглі», – шчыры адказ Някляева-паэта на пытанне, што ён робіць у палітыцы. Мы не перамаглі. А Някляева кінулі ў СІЗА КДБ.

«Някляеў жывы!» – ці вы памятаеце такія загалоўкі ў медыях праз тыдзень пасля Плошчы? Яго, збітага і паўпрытомнага, КДБ-істы зацягнулі ў «Амерыканку» проста са шпітальнага ложку. У тыя дні апасенні адносна ягонага жыцця былі небеспадстаўныя.

А перад гэтым была яркая перадвыбарчая кампанія. Так, з трэш-ляпамі кшталту падпісання пагаднення з катом. Але і з дэманстратыўным выхадам са студыі падчас так званых «дэбатаў» на БТ. Пасля Плошчы быў суд і вырак – 2 гады калоніі з адтэрміноўкаю. Іншы кандыдат – Мікалай Статкевіч – дагэтуль знаходзіцца ў калоніі. Менавіта Някляеў запрапанаваў высунуць Статкевіча адзіным кандыдатам на выбарах-2015.

Апазіцыю «закаталі ў бетон» выракамі і пазасудовым пераследам. Някляеў не ўцёк за мяжу і не выйшаў цішком з палітыкі праз «запасны выхад», не мармытаў на камеру БТ «працаўнікі міліцыі невінаватыя». Можна па-рознаму ацэньваць ягоную дзейнасць і выбарчую кампанію ў 2010, але нельга адмовіць у шчырасці. Цяпер ён абвесціў, што выходзіць з усіх апазіцыйных структураў.

Някляеў-паэт больш не хоча, каб яго звязвалі абавязкі, якія змушаны браць на сябе Някляеў-палітык. Але напэўна, мы яшчэ пабачым яго ў падчас кампаніі Таццяны Караткевіч.

Мы прызвычаіліся бачыць нашую апазіцыю такой, як гэтага хоча прапаганда. Слабой, без рэальнага ўплыву на якія-кольвек працэсы ў краіне, без дакладнай канцэпцыі зменаў. І, што найгоршае, апазіцыя не можа дамовіцца і аб’яднацца. У гэтым усім ёсць вялікая доля праўды. Але і чыноўнік, і амапавец, і апазіцыянер – не прыляцелі у Беларусь з космасу, гэта ўсё мы. І ў кампаніі-2010 «не атрымалася» не ў Някляева, а ў нас усіх.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары