Ну і гісторыя! «Са Скарынам мы пілі чырвонае віно, размаўлялі пра Беларусь»


Чалавек-легенда. «Кантрабандыст» незалежнага слова, якога двойчы хацелі забіць спецслужбы сацыялістычнай Польшчы. Герой фільма, прысвечанага яму самому. Пляменнік наваградскага ваяводы і сябра нашчадка Францыска Скарыны. Пётр Яглінскі (Piotr Jegliński), які ў 1970-я з’ехаў з ПНР у Парыж, цяпер жыве ў Варшаве і працягвае справу жыцця, распачатую на эміграцыі: выдае кнігі.

«Белсат» размаўляе з Пятром Яглінскім пра сакрэты канспірацыі, гістарычны лёс беларусаў і выпадковую сустрэчу з тым, хто мусіў удзельнічаць у ягоным забойстве.

Пётр Яглінскі (Piotr Jegliński) – выдавец, публіцыст, легендарны дзеяч дэмакратычнай апазіцыі ў часы сацыялістычнай Польшчы.

Нарадзіўся ў Варшаве, вывучаў гісторыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. У сярэдзіне 1970-х выехаў на студэнцкую стажыроўку ў Парыж, дзе заснаваў выдавецтва, якое друкавала забароненыя ў ПНР кнігі. Стварыў сетку кур’ераў, якія перавозілі літаратуру ў Польшчу. Спецслужбы сацыялістычнай Польшчы двойчы спрабавалі яго ліквідаваць. Пра адну з гэтых аперацыяў, якія мела кодавую назву «Рэшка», у 2009 годзе паўстаў аднайменны тэлевізійны спектакль.

Другая спроба ліквідацыі Яглінскага мела назву аперацыя «Відаль». Выканаўцам меў быць студэнт і альпініст, які эміграваў з Польшчы ў 1980 годзе. У якасці метаду ў дакументах фігуравалі «хімічныя сродкі» (хутчэй за ўсё, атручванне). Аперацыя не ўдалася, бо студэнт трапіў у рукі французскай паліцыі пасля нападу на кватэру нейкага амерыканца.

Пётр Яглінскі жыве ў Варшаве і займаецца выдавецкаю справай.

Вы прыехалі ў Парыж студэнтам. З адною валізкай, некалькімі доларамі ў кішэні і дыяпазітывамі здымкаў з палітычных працэсаў, схаваных у плаўленых сырках. Куды вы пайшлі ў абсалютна чужой краіне, да каго звярнуліся?

Я меў далёкага сваяка, які працаваў на Радыё «Свабода» і быў намеснікам Яна Новака-Езяранскага (Jan Nowak-Jeziorański), а таксама сваякоў у Лондане. Таму найперш я патэлефанаваў ім. І адразу паехаў у Мюнхен, дзе цягам месяца рыхтаваў пад псеўданімам эфіры Радыё «Свабода».

Пасля вярнуўся ў Парыж, дзе мой дзядзька перадаў мне розныя кантакты. Так я пазнаёміўся са спн. Марыяй Віноўскай (Maria Winowska), каталіцкаю пісьменніцай, якая была асістэнткаю кардынала Стэфана Вышынскага (падчас ягоных замежных выездаў – belsat.eu). І яна прапанавала мне першую пасаду: я стаў ейным нефармальным сакратаром. Я таксама вучыўся ў Сарбоне, таму першы час, каб неяк пракарміцца, па начах працаваў у піцэрыі Casa Nostra (іт. «наш дом» – belsat.eu), якую трымалі сіцылійцы. Змяніць адну літару – і была б Cosa Nostra (іт. «наша справа», вядомая мафіёзная арганізацыя). Там я спазнаў жыццё, бо раней я быў абсалютнаю лілеяй.

Першы час вы жылі ў кляштары.

Пяць гадоў. І ледзь да яго не прысох, хоць клірыкам я не быў. Гэта быў цудоўны будынак XVII ст. Арыстакрат, якому ён належаў, загінуў на гільятыне. З кляштару мяне вывела жанчына. Угадайце, як яе звалі?

Не ведаю. Марыя?

Польская рэвалюцыя. Я жартую. Калі колькасць пакункаў (з друкаванаю прадукцыяй – belsat.eu) вырасла настолькі, што мне давялося прыбраць ложак і спаць на матрацы, а колькасць тэлефанаванняў да мяне перакрочыла ўсе межы, калі проста ў кляштары арыштавалі Хажэўскага (агента, які мусіў «здаць» Яглінскага спецслужбам ПНР  beksat.eu), я вырашыў, што трэба прыняць рашэнне: або ў адзін бок, або – у іншы. Я пакінуў кляштар і распачаў маштабныя дзеянні.

Я пачаў высылаць сябрам кнігі, а пасля пераправіў у Польшчу першы капіявальны станок, на якім надрукавалі першыя, яшчэ перад чэрвенем 1976 года (хваляю пратэстаў у ПНР супраць павышэння коштаў на тавары – belsat.eu) улёткі. Так паўстала «Oficyna Wydawnicza» (падземнае выдавецтва «Niezależna Oficyna Wydawnicza NOWA» – belsat.eu).

На якія хітрыкі вы ішлі, каб тое, што друкавалася ў Парыжы, трапляла ў Польшчу?

Напрыклад, у 1980-я мы зрабілі малыя наклейкі, можа 5 на 6 см. На іх была выява факсіміле тэлеграмы, камуністычны герб і надпіс: «Застанься ўдома (стоп) і так Чарненка галасуе замест цябе (стоп)». І я падпісаўся: выслаў Рэшка. Мы запакоўвалі іх у бляшанкі з-пад cassoulet – французскага рагу з каўбасою і фасоляй. А каб вага супадала з тою, што на ўпакоўцы, падсыпалі цукар.

Тэлевізійны спектакль «Аперацыя “Рэшка”» распавядае пра тое, як спецслужбам ПНР удалося завербаваць паплечніка Пятра Яглінскага – Казіміра Хажэўскага (Kazimierz Charzewski), які вучыўся ў Дрэздэне і да якога ён перакідаў надрукаваную ў Парыжы літаратуру, каб адтуль яе забіралі кур’еры і перапраўлялі ў Польшчу. Наш суразмоўца, аднак, зарыентаваўся, што адбываецца нешта дзіўнае. У выніку Казімір прызнаўся, што ягоным заданнем было звабіць яго ў Польшчу або іншую краіну сацлагеру, спецслужбы якога мелі пераказаць яго польскім, а тыя – ліквідаваць. Пётр спрабаваў намовіць былога паплечніка пасяліцца ў кляштары, каб застацца ў Францыі і распачаць нармальнае жыццё, аднак з гэтага нічога не выйшла. Казімір трапіў у рукі французскіх спецслужбаў, якія абмянялі яго на французскага журналіста, арыштаванага ў Польшчы.

Ці сутыкнуліся вы калі-небудзь з Казімірам ужо ў незалежнай Польшчы?

Выпадкова, у гатэлі «Марыёт». Для яго гэта было вельмі нечакана. «Так, цяпер вецер дзьме ў тваю спіну», – сказаў ён. Самае цікавае, што Казімір Хажэўскі пасля 2000 года напісаў скаргу ў Міністэрства ўнутраных справаў, маўляў, на Захадзе ён знаходзіцца ў чорным спісе, і калі яны з жонкаю паехалі ў Грэцыю, іх знялі з летака і адправілі назад у Польшчу.

Пакуль вы жылі ў Парыжы, ці мелі вы там кантакт з беларускімі эмігрантамі?

Я спаткаў вельмі шмат палітычных эмігрантаў з Усходняй Еўропы, тым ліку беларусаў. Таксама я пазнаёміўся з чалавекам, які стаў маім вялікім сябрам. Ён жыў у Мексіцы і быў палякам з беларускімі каранямі. Спадар Скарына – нашчадак таго самага Скарыны. Хоць ён лічыў сябе палякам, сэрцам быў беларусам, бо гэтыя два народы непадзельныя, яны былі аб’яднаныя цягам многіх стагоддзяў, і ў сувязі з гэтым культуры пранікалі адна ў другую. Ён часта ўзгадваў Беларусь, асабліва падчас размоваў за келіхам чырвонага віна. Скарына быў вельмі актыўным дзеячам, змагаўся за вызваленне народаў з-пад савецкага ярма, перадусім словам: выдаваў розныя камбатанцкія часопісы (для былых вайскоўцаў – belsat.eu).

Час ад часу ён меў кантакты з Беларуссю. […] Я спатыкаў і іншых беларусаў, якія нешта выдавалі, але, я б не назваў гэта нечым моцным. Мне падаецца, з высыланнем літаратуры ў Беларусь было вельмі слаба. Ва Украіну – так, бо існавала моцная ўкраінская дыяспара. На Беларусь трапляла рэлігійная літаратура на польскай мове, і я ўдзельнічаў у гэтай справе, жывучы ў Парыжы. Спачатку гэта высылалася ў Польшчу, а пасля ішло кантрабандаю ў Беларусь пры дапамозе цягнікоў дружбы, каталіцкіх святароў, вернікаў, якія наведвалі сваякоў у Польшчы, арганізаваных экскурсіяў.

Ці шмат эмігрантаў з Беларусі было тады ў Францыі?

Тых, хто называў сябе беларусам, было вельмі няшмат. Пераважна былі людзі, якія або казалі, што яны расейцы ці ўкраінцы, або былі палякамі, якія нарадзіліся да вайны і ўсведамлялі, што маюць беларускія карані. Варта таксама акрэсліць паняцце народу, якое тады зусім інакш інтэрпрэтавалі. Узяць хоць бы Мікалая Каперніка, родныя якога былі асаднікамі і прыбылі з тэрыторыі сённяшняй Нямеччыны. Але яны пачуваліся падданымі караля Польшчы, і гэта было вельмі важна. І людзі ў Рэчы Паспалітай вельмі часта пачуваліся часткаю супольнасці, паколькі быў манарх, які іх аб’ядноўваў. Таму калі нехта казаў: я літвін або з Белай Русі, гэта не мела нацыянальнага значэння, а хутчэй, геаграфічнае.

А ў ХХ ст. нацыяналізмы на тэрыторыі даўняй Рэчы Паспалітай будзіліся і падтрымліваліся дзяржавамі, якія яе падзялілі. Перадусім, аўстрыйцамі напрыканцы ХІХ ст., каб пасварыць палякаў з русінамі, то бок сённяшнімі ўкраінцамі. Тое ж самае адбывалася з літоўцамі. Там немцы шмат чаго зрабілі. Яны падтрымлівалі літоўскія структуры, які амаль цалкам былі запоўнены сялянамі, паколькі літоўскія эліты пасля Люблінскай уніі аб’ядналіся з польскімі, атрымаўшы ідэнтычныя правы. Унія прызнала княжацкія тытулы, бо ў Польшчы такіх тытулаў не было: шляхта была роўная. Быў хіба што адзін выпадак: Любамірскія, якія мелі тытул прызнаных, бо ім яго надаў Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. […] І ўся арыстакратыя гэта былі літоўцы і беларусы, так насамрэч.

Літоўцы былі больш паспяховыя ў пабудове нацыянальнай дзяржавы.

Літоўцам страшэнна пашанцавала, што Пілсудскі перамог у 1920 годзе, бо гэта войска Пілсудскага вызваліла балтыйскія рэспублікі.

Cпроба стварыць Беларускую Народную Рэспубліку была. Чаму не атрымалася?

Бо не было так насамрэч свядомых элітаў, яны яшчэ не выкрышталізаваліся. Насельніцтва на гэтых тэрыторыях было страшэнна перамяшанае. Уявіце сабе, колькі гэта было стагоддзяў! Чатыры стагоддзі Рэчы Паспалітай. […] Вазьмі і падзялі чалавека: якая ягоная частка беларуса, літоўца, украінца ці паляка?

Вы рыхтуеце да друку кнігу пра свайго дзядзьку Адама Корвін-Сакалоўскага, які ў міжваенныя часы быў наваградскім ваяводам. 

Кніга будзе называцца «Успаміны палкоўніка Адама Корвін-Сакалоўскага». Маладым чалавекам ён з двума братамі ўцёк з земляў, якія пасля падзелаў сталі часткаю Расейскай імперыі, на землі, якія пасля падзелаў адышлі аўстрыйцам. Там паўставалі групы стральцоў, якія трэнаваліся пад камандаваннем Пілсудскага ў ваколіцах Закопанэ (Zakopane). Палякі, якія засталіся ў Расеі, глядзелі на іх як на вар’ятаў: хадзілі чуткі, што зброі ў іх няма і падчас вучэнняў яны носяць наперавес шчоткі ды мётлы. Выбухнула Першая сусветная вайна, і сфарміраваўся І Полк уланаў. І мой дзядзька прайшоў усю гэтую кампанію. За ўдзел у вызваленні балтыйскіх рэспублік ён атрымаў найвышэйшыя ўзнагароды латвійскія або, напрыклад, эстонскія (дзякуючы гэтаму, дарэчы, ён змог уратавацца ад саветаў).

З 1930 года ён быў кіраўніком адміністрацыі маршалка Пілсудскага, а пасля смерці апошняга прэзідэнт Масціцкі (Ignacy Mościcki) прызначыў яго наваградскім ваяводам. Калі пачалі наступаць cаветы, ён загадаў выплаціць заробкі чыноўнікам, каб у банках не засталося грошай. Частка сродкаў пайшла на дапамогу ўдзельнікам руху супраціву. Сам ён перасек мяжу і накіраваўся ў Латвію, адкуль вылецеў у 1940 годзе апошнім самалётам да Стакгольму. Савецкія агенты спрабавалі яго выкрасці, прыкінуўшыся рэпарцёрамі савецкага інфармацыйнага агенцтва.

Як ён узгадваў гэтыя пяць год у Наваградку?

Штогод саветы перакідвалі агентаў, якія ў перыяд жніва падпальвалі склады са збожжам. Мэтаю было справакаваць бунты. Так што гэтае ваяводства было мяжою ўяўнага спакою.

А «нацыянальнае пытанне» закранаў?

Ён казаў, што ў Беларусі былі вельмі цікавыя этнічныя вёскі. Напрыклад, татарскія, якія пасяліліся там пры Сабескім (кароль Рэчы Паспалітай Ян ІІІ Сабескі – belsat.eu). У ваколіцах Давід-Гарадка былі вёскі, якія спецыялізаваліся на шавецтве. Паколькі побач былі гэтыя славутыя балоты, яны мелі рэцэптуры, паводле якіх так ушчыльнялі скуру для ботаў, што ў ваду можна было заходзіць як у гумовых.

Якім быў лёс беларусаў у міжваеннай Польшчы?

Пілсудскі марыў пра ўнію для гэтых народаў.

Але гэтае жаданне знікла.

Мы ўсе павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб беларусы мелі нацыянальную самасвядомасць. Яе трэба будаваць, абапіраючыся перадусім на культуру і традыцыі. Самая важная рэч – гэта адукацыя. Паколькі насельніцтва на гэтай тэрыторыі не было гамагенным, трэба будаваць самасвядомасць на прыкладах выбітных людзей, якія любілі гэтую зямлю.

А як быць з закідамі аб прысабечванні польскіх герояў?

Народ, які шукае тоеснасці, мусіць схапіць такіх некалькі, выцягнуць з гісторыі. Такая ёсць праўда. Касцюшка пачуваўся палякам, але, хутчэй за ўсё, і грамадзянінам Рэчы Паспалітай. А Рэч Паспалітая была паняццем, якое аб’ядноўвала ўсе гэтыя народы. Ён быў мовы і культуры польскай, але быў глыбока ўкаранёны на гэтых абшарах, у гэтых звычаях, (бела)рускіх і літоўскіх. Шмат жа родаў паланізавалася. Добрым прыкладам будзе таксама Скарына. Ягоны нашчадак размаўляў па-польску, але казаў, што ён беларус, праўда, у сэнсе не палітычным, але больш геаграфічным.

Калі б не было БССР, ці мелі б беларусы сёння незалежную дзяржаву?

У 1920 годзе белыя мелі вялікія шанцы на перамогу. Але яны не маглі змірыцца з тым, што іншыя народы хочуць вызваліцца з-пад іхнага ярма. Яны казалі палякам: мы хочам, каб вы змагаліся разам з намі ў рамках пашыранай аўтаноміі. І з-за гэтага прайгралі. Бо на фронце, калі белыя пачыналі дзейнічаць, Пілсудскі спыняўся.

Паводле ягонай тагачаснай ацэнкі (гэта была памылка, хоць не вядома, як павярнулася б гісторыя), што бальшавікі – гэта меншая пагроза для польскай справы ў параўнанні з белымі, паколькі апошнія ніколі б не далі згоды на незалежнасць Польшчы. Бальшавікі ж праз сваю слабасць пагаджаліся на ўсё. Але калі яны ў Рызе прапанавалі, каб Польшча аднавілася ў межах першай Рэчы Паспалітай, Пілсудскі не згадзіўся. Шмат хто з прадстаўнікоў правых сілаў абвінаваціў яго ў здрадзе, паколькі па тым баку мяжы засталіся палякі.

Быць можа, калі б там (далей на ўсход – belsat.eu) пралягала мяжа Польшчы да 1939 году, беларуская самасвядомасць зусім бы інакш выглядала. Бо, звярніце ўвагу, яна вельмі адрозніваецца на тэрыторыях, якія да вайны ўваходзілі ў Польшчу, і на ўсходзе. Пілсудскі, у сваю чаргу, лічыў, што бальшавікі адмыслова гэта прапануюць, каб Польшча паглынула і потым падавілася, бо тады б на яе тэрыторыі пераважаў не польскі элемент.

Дзякую за размову.

Чытаць іншыя артыкулы з рубрыкі «Ну і гісторыя!»

іншыя запісы
Каментары