Александр Федута Адсутнасць навінаў не азначае, што іх няма

паліткансультант

Пераходзячы з сайту на сайт, мімаволі ўсведамляеш, што навіны кудысьці сышлі. Цягам двух, трох, часам чатырох дзён завісаюць уверсе інтэрнэт-старонкі тыя ж самыя здымкі, загалоўкі, цытаты. Няма навінаў? Не можа такога быць!

Краіна – без малога дзесяць мільёнаў асобаў. Больш, чым Чэхія і Славакія разам узятыя. І – няма навінаў?
Ёсць, вядома. Проста, які пісаў класік, «мы ленивы и не любопытны». І сродкі масавай інфармацыі ў нас лянівыя і не цікаўныя. Таму навінамі становіцца тое, што адбылося ў журналіста пад носам, пра што ён прачытаў у другіх медыях, і, нарэшце, пра што яму паведамілі ў Фэйсбуку знаёмыя.

Ствараецца эфект дзіўна маленькай краіны. На дзесяць мільёнаў – адзіны свецкі леў, два блогеры (блогер і блогерка), пэўная колькасць апазіцыянераў, што вандруюць з аднаго артыкулу ў другі, прыкладна такая ж колькасць праўладных асобаў ды экспертаў. Усё. Трэба, каб кагосьці арыштавалі, пабілі, каб нехта зламаў руку, а нават і хрыбет, каб пра яго пісалі.

Прычым усё гэта – у Менску.

Іншыя населеныя пункты, што называюць ці то «глыбінкай», ці то «правінцыяй», выстройваюцца ў чаргу і з’яўляюцца ў зводцы навінаў медыяў, якія фармальна не залежаць ад улады, або тады, калі ў горадзе (ці пасёлку) кагосьці арыштавалі, судзілі, адабралі ўласнасць, збілі – ці раптам узнагарода знайшла там свайго героя.

Іншы класік (зрэшты, таксама не наш, і жыў ён не ў нашыя часы) калісьці напісаў:

«Мы живем, под собою не чуя страны…»

Сябры, мы яе сапраўды не адчуваем. Горад Барысаў – насельніцтва 143 тысяча асобаў, плошча – 46 квадратных кіламетраў. Калі апошнім разам вы цікавіліся, што там адбываецца? Ну так, – Печы. Пра гібель жаўнераў у Печах не напісаў толькі вельмі лянівы журналіст. А пра штодзённасць гораду з насельніцтвам амаль паўтары сотні тысячаў собаў не піша ніхто. Смерць нам цікавая, жыццё – не. Ці гэта прафесія такая ў вас, даруй Божа, шакаліная?

Смешна, але часцей за іншых пра беларускія рэгіёны піша «Советская Белоруссия». Можа, таму што інакш на яе з-пад палкі не падпішуцца. А тут усё проста выдатна. Пры гэтым яна ж – якая і «СБ-БС» – і найбольш крытычная што да мясцовай улады. А як жа! З ёй і яе карэспандэнтамі нічога не здарыцца, а блогера ці фрылансэра кожны чыноўнік ніжэйшага ўзроўню лёгка прыцісне да пазногця.

І мы пачынаем пісаць пра саміх сябе. Бо іншых навінаў, акрамя навінаў менскай каляапазіцыйнай тусоўкі, у нас няма. У мяне, дарэчы, іх таксама няма. Калі толькі ўлада не «квакне» нешта ўжо зашмат раздражняльнае.

Кожны піша тое, што чуе…

Краіны мы не чуем. А калі мы чагосьці не чуем, то гэта не трапляе ані ў аб’ектывы тэлекамеры, ані на старонкі газет і часопісаў. І чаго няма ў медыях, таго няма ў рэчаіснасці.
Дык ці ёсць краіна, сябры мае? Хацелася бы, каб была…

іншыя запісы
Каментары