Аляксандр Гелагаеў Адмена прызыву «здаровага чалавека». Ці можа Беларусь паўтарыць досьвед арміі ЗША?

гісторык, вайсковы аглядальнік

У сувязі з трагедыяй у 72-м вучэбным цэнтры Узброеных Сіл у Печах, дзе хутчэй за ўсё быў забіты жаўнер тэрміновай службы Аляксандр Коржыч, у беларускім грамадстве зноў сталі гучаць заклікі цалкам адмовіцца ад прызыву ў войска. Давайце паглядзім, як і чаму на гэта пайшлі Злучаныя Штаты ў 1970-х гадах, і перспектывы Беларусі ў гэтым рэчышчы.

Беларускія жаўнеры

В’етнамская вайна і парадокс высокай нараджальнасці

Шмат хто лічыць, што Амерыка перайшла на цалкам добраахвотніцкі прынцып камплектавання арміі з прычыны пройгрышу ў непапулярнай Вʼетнамскай вайне. Аднак гэта міф – яшчэ ў 1963 годзе, калі страты амерыканскіх войск былі мінімальнымі, а перамога антыкамуністычных сіл у Вʼетнаме лічылася абсалютна рэальнай – прэзідэнт Ліндан Джонсан абвесціў, што Мінабароны будзе вывучаць магчымасць рэфармавання сістэмы камплектавання.

Справа ў тым, што ў ЗША самі вайскоўцы ставілі пытанне аб адмене прызыву. І гэта адбывалася па некалькіх прычынах. Першая з якіх – пакаленне «бэбі-буму» было занадта вялікім. Столькі людзей амерыканскім Узброеным Сілам было не трэба нават у самыя небяспечныя гады Халоднай вайны.

Амерыканскія марскія пехацінцы ў джунглях Вʼетнама. Фота wikimedia.org

У выніку прыкладна праз 18-20 год пасля заканчэння Другой сусветнай вайны прызыў у амерыканскую армію перастаў быць усеагульным – а ў выніку страціў легітымнасць у вачах грамадства. Калі ў канцы 1960-х гадоў у Вʼетнаме пачалі гінуць тысячы амерыканскіх жаўнераў, яны ў вачах суайчыннікаў часта былі толькі не надта справядліва прымусова набранай часткай тых, хто на самой справе павінен служыць.

Напрыклад, у 1968 годзе ў Узброеныя Сілы ЗША можна было паклікаць больш за 2,5 млн маладых людзей. Пры гэтым на самой справе армія прыняла ў свае шэрагі толькі 455 176 чалавек – прыкладна кожнага шостага.

Такім чынам і ў Пентагоне сталі лічыць прызыў непатрэбным цяжарам, які толькі змяншае аўтарытэт вайсковай службы, дысцыпліну і эфектыўнасць дзеянняў войскаў.

Пад сцягамі Вашынгтона

Акрамя таго сам прынцып добраахвотнага набору ў армію быў старой традыцыяй у ЗША – менавіта з арміяй добраахвотнікаў краіна дамаглася перамогі падчас Вайны за незалежнасць. Наступныя 100 год амерыканцы ў штыкі прымалі любыя спробы прымусіць сябе служыць, хоць пры гэтым саму абарону краіны лічылі абавязкам мужчыны, а вайсковую прафесію – гонарам для сябе.

Мел Гібсан у фільме «Патрыёт» увасабляе амерыканскі вобраз свядомага ваяра-добраахвотніка.

Гэтак, нават у амерыканска-брытанскую вайну 1812 году, калі ангельскія войскі спалілі Вашынгтон, спроба ўвесці прызыў правалілася.

Праз 50 год падчас Грамадзянскай вайны прызыў быў ненадоўга ўведзены, але таксама быў абсалютна неэфектыўным і выклікаў у Нью-Ёрку самы маштабны і жорсткі гарадскі бунт за гісторыю краіны. У 21 стагоддзі менавіта гэты бунт будзе фонам для сюжэту фільма Марціна Скарсэзэ «Банды Нью-Ёрку».

Амерыканскія войскі залпамі разганяюць той самы бунт супраць прызыву ў Нью-Ёрку. Малюнак таго часу

Паспяхова атрымалася ўвесці прызыў падчас Першай сусветнай вайны (толькі на два гады), а потым падчас Другой сусветнай (і гэтая мера пратрымалася да 1973 году). Такім чынам, прызыў у армію ніколі не быў нормай, часткай нацыянальнай культуры ЗША. У той час як у народнай свядомасці існаваў папулярны вобраз добраахвотніка, які самастойна вырашае ісці абараняць незалежнасць і справядлівасць.

Моцная эканоміка

Яшчэ адной умовай адмены прызыву стала эканамічная магутнасць ЗША і яе імклівы стабільны рост. Калі прызыў быў своеасаблівым падаткам на моладзь, якая аддавала некалькі год свайго жыцця вайсковай справе за мінімальную аплату (хоць і на поўным пансіёне), то цяпер цяжар гэтага падатку цалкам падаў на дзяржаўны бюджэт.

Цяпер урад мусіў наўпрост канкураваць за моладзь на працоўным рынку з камерцыйнымі ўстановамі, прапануючы больш прывабныя заробкі і гарантыі людзям, якія будуць рызыкаваць здароўем і жыццём. Акрамя таго грошы былі патрэбныя на саму рэкламу, пастаянную маркетынгавую кампанію вайсковай службы.

Толькі дадатковы рэкламны бюджэт на набор 6 тысяч новых добраахвотнікаў у войска ЗША складзе $ 300 млн.

Больш за тое, цяпер нават кожны шараговы жаўнер станавіўся занадта дарагім, каб выкарыстоўваць яго не па спецыяльнасці, у якасці таннай працоўнай сілы. У выніку гэтыя задачы (кшталту ў любой арміі прысутнага фарбавання плотаў) трэба было перадаваць цывільным кантрактнікам – і адпаведна аплочваць гэтыя працы.

У сваю чаргу жаўнер, які амаль увесь час займаецца вайсковай падрыхтоўкай, патрабуе значна большых выдаткаў – ад патронаў, паліва і снарадаў да парванай уніформы і медычнай дапамогі. Таксама жыццё, якое цалкам аддадзенае войску і ваеннай прафесіі, таксама патрабуе адпаведных умоваў – як мінімум забеспячэння кожнай сямʼі жытлом каля вайсковай базы. І гэта таксама патрабавала новых грошаў.

Кропка набору навабранцаў у Сухапутныя войскі ЗША. Фота Rodger Mallison/Star-Telegram

У выніку нават спыненне ў пачатку 1970-х гадоў дарагой Вʼетнамскай вайны не прывяло да заўважнага зніжэння выдаткаў ЗША на абарону. Пры тым, што толькі Сухапутныя войскі ЗША скараціліся з 1968 па 1974 год амаль у два разы, фінансаванне арміі засталося прыкладна на тым жа ўзроўні.

Такім чынам вялікая па абʼёме эканоміка і яе высокі шматгадовы рост забяспечылі літаральна жывымі грошамі забяспечылі ЗША пераход да значна больш дарагой цалкам добраахвотнай арміі.

Вучыцца ў ЗША ці малпаваць?

Якія ж умовы для адмены прызыву склаліся ў Беларусі? Шчыра кажучы – іх амаль няма. Дэмаграфічна Беларусь вельмі моцна адрозніваецца ад ЗША 1970-х – у нас няма такой колькасці моладзі, каб толькі невялікай часткі яе хапала на камплектаванне арміі.

Больш за тое, калі ў ЗША з 1970-х гадоў таксама сталі заклікаць у армію жанчын, а потым і мігрантаў, якія хочуць атрымаць амерыканскае грамадзянства, то ў Беларусі жанчыны ўжо займаюць многія вайсковыя пасады, а мноства мігрантаў, якія імкнуцца за беларускім грамадзянствам мы не бачым. Хутчэй беларуская моладзь схільная пакідаць сваю краіну ў пошуках лепшых заробкаў.

Беларусь, у адрозненні ад ЗША 1970-х, не можа скараціць сваю існую армію – наш рэгіён кіпіць, і пагрозы для суверэнітэту краіны надта вялікія, каб можна было спадзявацца на перамогу ў верагоднай вайне, маючы армію ў 10-20-30 тысяч чалавек.

Мы не маем таксама вялікай і здаровай эканомікі, рост якой прафінансаваў бы рэзкае падаражэнне «паслугаў» чыста прафесіянальнай арміі – пастаянную вайсковую падрыхтоўку, канкурэнтаздольныя заробкі, маштабную разбудову вайсковых гарадкоў.

Калі шчыра, то нават афіцэрам Мінабароны Беларусі цяпер не можа прапанаваць больш-менш адэкватных умоваў службы, што адбіваецца ў тым ліку на конкурсе ў вайсковыя ВНУ. Што ўжо казаць пра сяржантаў і жаўнераў.

Такім чынам, незразумела, на што спадзяюцца людзі, якія хочуць адмяніць прызыў – наша сітуацыя радыкальна адрозніваецца ад амерыканскай.

Армія абароны Беларусі

Што ж можна на самой справе зрабіць, каб пазбавіцца «дзедаўшчыны»? Па-першае, адзначым, што нестатутныя адносіны існуюць і ў цалкам добраахвотных арміях. У амерыканскай ці канадскай арміі, напрыклад, прыніжэнне навабранцаў, якое часам даходзіць да збіцця і нават катаванняў, называецца «hazing».

Такім чынам, рашэнне не ў адмене прызыву, бо прызыў захоўвае такая вельмі еўрапейская армія як швейцарская, ці такія краіны як Фінляндыя і Ізраіль, дзе пра «дзедаўшчыну» практычна не чуваць.

Аповед расейскамоўнага хлопца пра ягоны прызыў у фінскае войска.

Рашыць праблему «дзедаўшчыны» можна і варта шэрагам арганізацыйна-юрыдычных захадаў, якія зробяць гэтую зʼяву мінімальнай, жорстка за яе будуць караць, а таксама зменай культурнай парадыгмы не толькі ў арміі, а ва ўсім грамадстве.

Апошняе – гэта і гадаванне адказных грамадзянаў, якія могуць і хочуць абараняць свае правы, і падвышэнне прэстыжу вайсковай службы, і зварот да ідэяў ваярскай годнасці, да беларускіх нацыянальных сімвалаў.

Нехта трапна сказаў, што ў нас ва ўсёй дзяржаве чынавенства – гэта «дзяды», якія здзекаваюцца з грамадзянаў. Армія ў дадзеным выпадку толькі адлюстроўвае хваробы ўсёй краіны, і адмена прызыву гэтыя хваробы не вылечыць.

Аляксандр Гелагаеў

іншыя запісы
Каментары