Александр Федута Адкуль бярэцца дзедаўшчына, і прычым тут міністар Раўкоў

паліткансультант

Чытаючы ў інтэрнэце заклікі блогераў адправіць у адстаўку міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова, я здзіўляюся не самому гэтаму закліку: зразумела, што грамадская думка, якую ўзбаламуціла гісторыя з гібеллю (забойствам?) жаўнера ў славутай «вучэбцы» у Печах, патрабуе неадкладна знайсці адказнага. Здзіўляе выбар кандыдатуры на «ахвярнага казла».

Даражэнькія, ці вы сапраўды перакананыя, што сістэма, якая забіла (што бы там ні адбылося – забіла, так!) жаўнера Аляксандра Коржыча, склалася падчас кіравання Раўковым?

Ці перад Раўковым усё было зашыбіся, а вось прыйшоў гэты міністр – і ўсё сапсаваў?

Сістэму стварыў не Раўкоў. Так, кажуць, што яе стварылі яшчэ ў савецкія гады. Але потым, калі абвалілася дзяржаўная камуністычная ідэалогія, калі войска дэпартызавалі, а замест палітрукоў увялі пасады намеснікаў па выхаваўчай (!!!) працы, усе гэтыя, прабачце, выхавальнікі мусілі чымсьці займацца? Нашыя генералы і палкоўнікі абаранялі дысертацыі па сацыялогіі і псіхалогіі – гэта значыць, яны лічацца спецыялістамі зусім не па жалезках, а па людзях! І галоўны выхавальнік беларускага войска Аляксандр Мікалаевіч Гура – ён таксама вялікі вучоны і таксама па людзях! І ўсе гэтыя адмыслоўцы па людзях былі ўпэўненыя, што нестатутных адносінаў у даручаным ім войску няма? Станіслаўскі бы проста вылаяўся – у яго ніякіх словаў не хапіла бы.

Чаму вучылі ў беларускім войску? Якую дзяржаўную ідэалогію прапаноўвалі? Ідэалогію абароны?

Але возьмем другую частку нашых «чалавекаў са стрэльбамі» – тых, каго адмыслова выхоўваюць для нападаў з дручкамі ў руках. На каго? На мірных дэманстрантаў. На дзяўчынак і старых. На тых, хто выходзіў на акцыю пратэсту ў 2010 годзе, і тых, хто прыйшоў святкаваць Дзень Волі ў 2017 годзе. Гэтым людзям даюць жыллё па-за чаргой, будуючы дамы так, што гэта абурае жыхароў навакольных двароў. Гэтых людзей узводзяць у афіцэрскія чыны як мага хутчэй, як мага вышэй. Іх апранаюць у форму без апазнавальных знакаў, каб яны цешыліся са сваёй беспакаранасці – і заахвочваюць, падштурхоўваюць, навучаюць парушаць закон. Гвалт стаў культам – калі ён здзяйсняецца па загаду звыш.

Вы думаеце, што жаўнеры ды прапаршчыкі ў войску гэтага не бачаць? Яны ідыёты – або сляпыя? Так, яны занадта маладыя, каб памятаць, як «эвакуявалі» дэпутатаў парламента ў 1995 годзе, што трымалі галадоўку, – але ў 2010 годзе, калі збівалі кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева – а краіна галасавала яшчэ, у тым ліку і за яго – яны ўжо ўва ўсю глядзелі беларускае тэлебачанне. Тады яны засвойвалі простую ісціну: я мацнейшы – я маю рацыю! Адсюль пачынаецца дзедаўшчына. І афіцэры, якіх прыніжаюць непасрэдныя начальнікі; і генералы, якія церпяць «тыканні» людзей, куды менш пісьменных і адукаваных, чым яны самыя – што яны будуць рабіць? Нічога. Яны будуць садзейнічаць дзедаўшчыне. Ім хамяць – яны будуць садзейнічаць гвалту.

Бо хамства, узведзенае ў культ дзяржаўнай ідэалогіі, – таксама гвалт. Беззаконне, якому спрыяе сама дзяржава, спараджае беззаконне – і, у выніку, забойства. Бо забойства ёсць вяршыня беззаконня.

Адхілілі кіраўніцтва ААЦ? За што? За тое, што не даклалі галоўнакамандуючаму пра дзедаўшчыну? Цікава, ці ААЦ ствараўся дзеля дакладвання пра дзедаўшчыну? Або для нечага іншага? Толькі не кажыце, што для барацьбы з тэрарызмам.

Краіна, у якой функцыі МУС зводзяцца да паліцыянтаў, дзе міністр апранае форму сталінскага ката, дзе сіла дручка вышэйшая за сілу закона – такая краіна асуджаная на гвалт.

Прычым тут міністр Раўкоў? Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты ад найстарэйшай дэмакратычнай партыі кажа: «Гэта нармальна, што ў войску здараюцца надзвычайныя сітуацыі, і што нават гінуць людзі». Падчас вучэнняў гінуць? Абясшкоджваючы міны? І ў гэтым таксама міністр Раўкоў вінаваты?

Наша дзяржава цягам усіх гэтых гадоў намагалася ўсядзець на двух крэслах. Першае – забеспячэнне палітычнай лаяльнасці шляхам прапагандысцкай хлусні ды сацыяльнага подкупу. Другое – забеспячэнне палітычнай лаяльнасці сілай. Цяпер не дзейнічае ні першае, ні другое.

Абодва крэсла вырвалі – прыкладна як ува Уладзіміра Пуціна падчас аднаго з наведванняў ім Менску. Заставаўся зэдлік – міф пра выдатнае беларускае войска, прапагандысцкія ролікі пра якое пачалі здымаць і круціць таксама задоўга да прыходу ў міністэрскі кабінет Андрэя Раўкова. Цяпер і гэтага зэдліку няма.

Што засталося? Што застаецца паміж двух крэслаў?

І прычым тут Раўкоў?

На прадпраглядзе – кадр з фільма «Жыве Беларусь!»

іншыя запісы
Каментары