Аляксандр Гелагаеў Адказалі за Рагнеду: расейскі фільм «Вікінг» праваліўся ў беларускім пракаце

гісторык, вайсковы аглядальнік

Кінастужка пра наўгародскага і кіеўскага князя Уладзімера «Вікінг», у якой паказаная і полацкая князёўна Рагнеда, не стала хітом беларускага кінапракату. Шырока разрэкламаваны блокбастар, паводле дадзеных «Кінавідэапракату», быў толькі на 4-м месцы нават у першы ўік-энд паказу.

«Вікінг», які выйшаў у найлепшы час навагодніх святаў і атрымаў багаты піяр на расейскім тэлебачанні, сабраў усяго 25 тысяч беларускіх рублёў, моцна саступіўшы нават дзіцячаму мультфільму «Тры багатыры і Марскі цар».

У той жа час у Расеі фільм, які атрымаў пазітыўны водгук ад прэзідэнта РФ Уладзімера Пуціна, стаў лідарам кінапракату і нават паставіў рэкорд па зборах у першы дзень новага года.

Фільм здымаўся каля 7 год, а ягоны бюджэт склаў $19 мільёнаў, аднак гэта не дапамагло яму ў Беларусі, дзе яго раскрытыкавалі гісторыкі і гледачы.

Абурэнне выклікаў найперш вобраз Рагнеды – народжанай каля 960 года полацкай князёўны, якую Уладзімер гвалтуе і прымусам на нейкі час бярэ ў жонкі.


Замах Рагнеды на Уладзімера. Радзівілаўскі летапіс.

У беларускай гістарыяграфіі і культуры Рагнеда зʼяўляецца нечым кшталту маці нацыі, моцнай і ганарлівай жанчынай – якая змагаецца за сваю годнасць і імкнецца адпомсціць гвалтаўніку, гадуючы сына-мсціўца.

Паводле летапісу, Рагнеда паспрабавала забіць Уладзімера, а потым яе сын Ізяслаў абараніў маці ад пакарання, падняўшы меч супраць бацькі. Адасланы разам з маці на землі будучай Беларусі Ізяслаў і ягоныя нашчадкі аднавілі самастойную полацкую дынастыю і дзяржаву.


Ізяслаў бароніць Рагнеду. Помнік у Заслаўі.

Нават летапісны назоў дынастыі паходзіць ад імя бацькі Рагнеды – «Рагвалодавы ўнукі».

«З князёўны нарвежскага паходжання, якая добра ведала свой сацыяльны статус, свой стан, свае абавязкі, яны зрабілі нейкую плаксівую дзеўку, якая кудысьці ідзе за тым, хто яе вядзе. Пры гэтым па сюжэце яе вядуць розныя людзі. Я ўжо не кажу пра тое, што Рагнеда, відаць, усё ж такі была хрысціянкай – яшчэ да паказаных у фільме падзеў», – распавёў “Белсатугісторык-медыявіст Сяргей Емельянаў.

Многія палічылі абразлівым для Беларусі тое, што Рагнеда ў фільме паказаная закаханай у свайго гвалтаўніка – Уладзімера, які забіў яе бацьку і братоў.

«Дзеці ў школе ведаюць, якім быў Уладзімер на самой справе… Таму мне было проста агідна глядзець, што быццам бы Рагнеда закаханая ва Уладзімера. Гэта проста абраза беларускай гісторыі. Не рэкамендую гэтае «кіно», – піша адна з удзельніц абмеркавання фільму.

«Рагнеда адлюстравана нейкай шлёндрай бязглуздай… а не дзяўчынай з гонарам і розумам! Полацк там – усе паганцы – што таксама поўная лухта! Такое адчуванне, што аўтары наагул не выкарыстоўвалі ў якасці падмурку для стужкі гістарычныя крыніцы», – піша іншы каментатар.


Рагнеда спрабуе забіць Уладзімера. Ілюстрацыя з кнігі для беларускіх дзяцей «Аповесць пра князёўну Рагнеду» Уладзімера Ягодзіка.

Негістарычна і нерэалістычнымі, часам узятымі з нейкага секс-шопу, таксама выглядаюць даспехі і касцюмы герояў.

Да таго ж чамусьці нават князі і дружыннікі амаль увесь час нямытыя, а іхныя слугі зусім не выконваюць сваіх абавязкаў – не чысцяць узбраенне і вопратку гаспадароў.

Абсурднасцю адрозніваюцца многія баявыя сцэны. Гэтак, напрыклад, на раўніне адбываецца бой пяхоты з конніцай. Відавочная калька з амерыканскага фільма «Гладыятар», дзе былы рымскі ваяр вучыць недасведчаных гладыятараў біцца з коннікамі. Аднак тут бʼюцца дасведчаныя дружыннікі, эліта войска, а ў «Гладыятары» былі ў асноўным былыя нявольнікі. Дружыннікі не ведаюць самых простых рэчаў?

Усе заслугі па хрысціянізацыі Русі – то бок падпарадкаваных вікінгам (згодна з найбольш абгрунтаванай версіяй, словам «русь» называлі як раз скандынаваў, якія збіралі даніну са славянаў, фінаў і балтаў) усходнеславянскіх земляў прыпісваюцца ў фільме Уладзіміру.

Аднак многія вікінгі і славяне, у тым ліку ў Полацку і Кіеве, ужо былі хрысціянамі. Хрысціянкай магла быць і Рагнеда.


Карціна Віктара Маркаўца «Рагнеда і Ізяслаў» адлюстроўвае сінтэз скандынаўскага і славянскага чыннікаў у беларускай культуры.

Рэакцыя беларусаў на падобны фільм сведчыць, што аўдыторыя хоча глядзець беларускія фільмы пра беларускую гісторыю, у якіх стваральнікі ставяцца да нацыянальнай мінуўшчыны і здаровага розуму гледачоў з павагай.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары