Александр Федута Абмяркуем Алімпіяду або вайну?

паліткансультант

Перад будынкам МАК падчас нарады выканкаму наконт санкцыяў для расейскіх спартоўцаў. Лазана, Швейцарыя. 5 снежня 2017 года. Фота – Denis Balibouse/REUTERS/Forum

Пакуль прагрэсіўнае чалавецтва абмяркоўвала паядынак паміж Міжнародным Алімпійскім Камітэтам і Расейскай Федэрацыяй, свет апынуўся на мяжы трэцяй сусветнай вайны. Маленькі белы звярок, названы пясцом, падкраўся непрыкметна і падрыхтаваўся цапнуць нас за нагу.

Я не жартую.

Па-першае, я пра рашэнне Доналда Трампа перанесці амбасаду ЗША ў сталіцу Ізраіля горад Ерусалім. Так, рашэнне, як ужо шмат гадоў, абяцалі выканаць праз паўгады. І так, магчыма, будзе да канца праўлення Трампа. А можа – і не будзе. Мы ж гэтага не ведаем.

Арабы ўжо абурыліся. Пакуль на дыпламатычным узроўні.

Адзін з калегаў-аналітыкаў даслаў ліст з лінкам на тэкст, у якім кажа: Трамп прыняў рашэнне, каб не дапусціць вайны Ізраіля з Іранам. Дапускаю і гэта – як версію. А вось вайну я б таксама не дапусціў, але гэта не ад мяне залежыць. І нават не ад арабскай дыпламатыі. Першая сусветная вайна пачалася са стрэлу сербскага фанатыка Гаўрылы Прынцыпа. Тут цалкам можа быць выбух палестынскага фанатыка ў адным з ахоўных будынкаў ЗША. А што – у першы раз, ці што? Мы, беларусы, цешымся, што над намі каровы не лётаюць – а там павінны радавацца, што на Пентагон самалёты некаторы час не падаюць. Бо могуць і ўпасці – калі праз паўгады, напрыклад, амбасаду і сапраўды пачнуць пераносіць.

І – што тады? Бін Ладена няма, адстрэльваць няма каго. Бамбаванні? А на гэты раз – ці дапаможа? Каго бамбіць? Усіх арабаў разам? Дык нам таксама тады мала не падасца…

Па-другое, заява вар’яцкага Кім Чэн Ына пра тое, што свет знаходзіцца на мяжы ядравай вайны, усё больш паходзіць на праўду. Не ведаю, ці даляціць карэйская ракета да ЗША. Да Японіі можа. Але і Японія, хутчэй за ўсё, не будзе мэтай. Проста даўбануць людзі, якія вызнаюць міралюбівую ідэалогію чучхэ, па паўднёвакарэйскіх атамных станцыях – а іх там каля сотні. І атрымаецца такі ядравы гейзер за два крокі ад Кітая – мама, не бядуй!..

Вы гэта выключаеце? Я не выключаю.

А вы – Алімпіяда, Алімпіяда…

«Как обаятельны для всех, кто понимает, все наши глупости и мелкие злодейства на фоне Пушкина…», – спяваў Акуджава ў часы майго студэнцкага юнацтва. На фоне магчымай трэцяй сусветнай, пачнецца яна з тэракту ў Вашынгтоне ці з выбуху АЭС у Паўднёвай Карэі, пазбаўленне Расеі допуску да алімпійскіх гульняў здаецца такой дробяззю – не дробным зладзействам нават, – што проста хочацца ціха ўсміхнуцца.

Я не сапсаваў спадарству апетыт напярэдадні званай вячэры? Ну, вось і добра.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары