Александр Федута Абаянне дробных злачынстваў

паліткансультант

Булат Акуджава спяваў некалі пра тое, наколькі абаяльныя – для тых, хто разумее – усе нашыя дурасці і дробныя ліхадзействы. Фонам, праўда, для гэтых абаяльных правіннасцяў аказваецца помнік Пушкіну, як нейкая кропка адліку Вечнасці.

Ну, варта прызнаць, што на фоне Вечнасці любы наш праступак зʼяўляецца глупствам ці свавольствам. Калі, вядома, гаворка не ідзе пра масавае забойства, якое глупствам не патлумачыш і свавольствам не назавеш. Яно называецца ці тэрарыстычным актам, ці вайной – калі трымацца тэрміналагічнай чысціні.

Уласна кажучы, пра тэрміналагічную чысціню і спрачаліся падчас другога паседжання Клубу Святланы Алексіевіч расеец Станіслаў Бялкоўскі і беларус Юрый Дракахруст.

Бялкоўскі сцвярджаў, што ўжо на ўсю моц ідзе чацвёртая сусветная вайна, а Дракахруст патрабаваў ад яго назваць колькасць тых, хто загінуў у ходзе трэцяй сусветнай вайны, пад якой Бялкоўскі меў на ўвазе «халодную вайну».

Трэба прызнаць – ахвяры ў «халоднай вайне» былі. Пачынаючы з пакараных членаў ураду Вугоршчыны на чале з Імрэ Надэм, загінулых прыхільнікаў «Пражскай вясны», расстраляных шахцёраў на польскай шахце Вуек, і заканчваючы ўсімі тымі, хто беспаспяхова спрабаваў пераадолець Берлінскі мур. Іншая справа – і тут Юры Дракахруст меў рацыю – што ўжо ніяк з лікам загінулых у любой еўрапейскай вайне старога і новага часу сумесную лічбу гэтых ахвяраў не параўнаеш.

І тут адбылося нечаканае. Дракахруст папрасіў не параўноўваць Пуціна з Гітлерам. Маўляў, не той маштаб, не тая колькасць загінулых. А запярэчыў яму гісторык Валянцін Голубеў, які спытаў:

«Дык вы, Юрый, выступаеце абаронцам Пуціна?»

Пытанне здалося мне недарэчным у вуснах гісторыка, які павінен ведаць: усялякая гістарычная паралель кульгае. А тут яна кульгала ўжо на абедзве нагі, паколькі Дракахруст аперыраваў сухой статыстыкай, а Голубеў заклікаў да эмоцыяў, і аб прымірэнні гэтых пунктаў гледжання гаворкі быць не магло.

Калі б не адно «але».

Я ўзгадаў сваю старую дыскусію з Валянцінам Голубевым пра аграгарадкі. Я спытаў яго, ці можна правесці гістарычную паралель паміж лукашэнкаўскімі аграгарадкамі і, скажам, аграрнымі рэформамі часоў Вялікага княства Літоўскага. Дэталяў не памятаю, але Валянцін Фёдаравіч – адзін з найвыдатнейшых спецыялістаў па аграрнай гісторыі Беларусі – прачытаў мне займальную лекцыю, з якой вынікала: можна! Мала таго, аграгарадкі гэтыя пры Лукашэнку адкрываліся там, дзе былі буйныя зямельныя гаспадаркі пры каралеве Боне.

Гэта значыць, атрымлівалася, што геаграфічна нашыя сучасныя аграналадчыкі патрапілі ў самую кропку. Шкада, што пры каралеве Боне сельская гаспадарка ВКЛ была ледзь не самай перадавой, а нашая сучасная, на жаль, жарэ крэдыты і ніяк не хоча прыносіць прыбытак у адносна вялікіх колькасцях.

Мы ж тады таксама гаварылі на розных мовах – толькі Голубеў аперыраваў фактамі, а я чакаў эмоцыяў. А зараз фактамі (гэта значыць, лічбамі) аперыраваў Дракахруст, а Голубеў патрабаваў ад яго эмацыйнай ацэнкі: Пуцін – Гітлер ці не Гітлер?

Не Гітлер, Валянцін Фёдаравіч, супакойцеся! Вялікі гонар для Пуціна. Вы яго яшчэ з Напалеонам параўнайце. Драбнаваты ён.

І што мы з вамі – як і Юры Дракахруст – яго не любім, яго больш значным у гістарычнай перспектыве не зробіць. Хаця… Вось пройдзе гадоў трыццаць прынамсі пасля сыходу Пуціна з гістарычнай арэны, і тады ўжо, на фоне Вечнасці, можна будзе даць нейкую больш-менш дакладную ацэнку ягонай дзейнасці. А пакуль – лічбы, лічбы і толькі лічбы. Статыстыка. Абаяльная статыстыка – для тых, хто разумее. Хоць злачынствы расейскай дзяржавы пры Пуціне, на жаль, не такія ўжо і дробныя.

Глядзіце таксама:

іншыя запісы
Каментары