Святлана Калінкіна 8 сакавіка прысвячаецца…

публіцыстка

Днямі стала сведкаю красамоўнага дыялогу пра Украіну. Не магу не падзяліцца.

Дзядок-баравічок ледзьве цягне вялізную торбу з цыбуляй-сяўком. Раптам яго пераймае жвавенькая немаладая кабета і запытвае, узіраючыся на торбу:

– Куды цягнеш? Можа, на продаж?

– Ды не, сабе набыў, – адказвае мужчына.

– Няўжо сам садзіць будзеш?

– Буду.

– Дык ты і хату маеш, і жонку?

– Не, жонкі ўжо не маю, – адказвае дзед. – Памерла…

Пасля гэтых ягоных словаў жанчына працягнула размову, нібы свежага паветра глытнуўшы:

– То прыходзь да мяне. Я таксама хату маю. Пад Паставамі. Сюды, у Менск, толькі на зіму да дзяцей прыехала. А на вёсцы, у гаспадарцы, мне мужык вельмі патрэбны.

Дзед спыніўся, апусціў на зямлю сваю торбу і, можа, з хвіліну ўважліва ўзіраўся на кабету. Але пасля гэтага – як адрэзаў:

Не! Не пайду! Ты старая ўжо, зубоў не маеш.

– Маю, – не засмуцілася «немаладая маладая». – Зараз у стаканчыку пакінула, але зубы сабе зрабіла. Як адзену – то добра выглядаю.

– Не пайду, – настойвае дзед.

– Чаму?.. – у сваю чаргу не адступаецца жанчына. – Ты не бойся. Я моцная яшчэ, працавітая.

– Да цябе не пайду. Бо да мяне яшчэ і маладыя сватаюцца.

– Маладыя?.. здзівілася цётачка. – Да цябе?

– Да мяне! – дзед расправіў плечы і з-за гэтага нібы стаў вышэйшы ростам. – Добрая жанчына, крыху больш за сорак гадоў…

– Маніш…

– Ды навошта мне маніць?! Добрая жанчына, маладая, прыгожая. Праўда, не я ёй патрэбны, а хата мая. Яна з Украіны, не мае дзе жыць. Я разумею…

– З Украіны?.. Тады паверу. Там жа такое нарабілася! Страшна! Бедныя гэтыя ўкраінскія бабы, гаротныя. Шкода іх, вельмі шкода!

І пайшла ў задуменні цётачка некуды па сваіх справах. Ды й дзед сваю торбу з сяўком далей дадому пацягнуў. А я вось думаю, ці пра Украіну была гэтая «сцэнка»? Можа, ўсё-ткі пра Беларусь …

Святлана Калінкіна, belsat.eu

іншыя запісы
Каментары