Аляксандр Гелагаеў 7 лістапада. Рудыментарнае «свята» гістарычнай недарэчнасці памірае само сабой

гісторык, вайсковы аглядальнік

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі застаўся ў Беларусі святочным і выходным днём у 1990-я дзякуючы, хутчэй за ўсё, сацыялістычным перакананням Аляксандра Лукашэнкі. Напэўна, тады ён яшчэ лічыў, што дзяржаўны дыктат – эфектыўны спосаб кіравання эканомікай, а можа адначасова і хацеў згуляць на савецкай настальгіі часткі беларускага дый расейскага электарату.

Аднак з тых часоў шмат што змянілася ў эканамічнай палітыцы беларускай дзяржавы, і ў настроях беларусаў, і ў паводзінах усходняга суседа.

У мінулым годзе «дарагіх суайчыннікаў» Лукашэнка павіншаваў з днём Кастрычніцкай рэвалюцыі кароткім тэкстам фактычна на тры абзацы.

Чаму ж прапануецца адзначаць дзень, калі не на тэрыторыі Беларусі і не беларусы, а расейскія бальшавікі нешта зрабілі, і больш за тое, потым хутка і цалкам афіцыйна аддалі Беларусь нямецкім войскам? Не зразумейце мяне няправільна, кайзераўскія войскі для Беларусі былі значна лепшым варыянтам, чым бальшавікі, тут я бальшавікоў цалкам падтрымліваю.

Берасцейская мірная дамова, згодна якой бальшавікі аддавалі Нямеччыне асноўную частку Беларусі, стала адным з галоўных чыннікаў да абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Крыніца wikipedia.org

У першым абзацы прэзідэнцкага віншавання адзначалася, што гэта асаблівая падзея, якая аказала значны ўплыў на сусветную гісторыю і лёсы многіх народаў. З гэтым не паспрачаешся – аднак, падзенне Рымскай імперыі, якая існавала сотні год, яшчэ больш важнае для сусветнай гісторыі, але мы яго не адзначаем.

Потым Лукашэнка згадаў пра «сацыяльныя даброты, ідэалы раўнапраўя, міру, міжнацыянальнай згоды, якія склаліся ў савецкую эпоху». Аднак у гэтым годзе галоўная прэзідэнцкая газета, якая здала ў архіў свой назоў «Советская Белоруссия», адкрыта абмяркоўвала і пісала матэрыялы пра «даброты», якія зведалі прадстаўнікі ўсіх сацыяльных групаў Беларусі пад савецкай акупацыяй – у расстрэльных ямах у Курапатах ды каля іншых беларускіх гарадоў. Няхай па разнарадцы, але бюджэтнікі і актывісты дзяржаўнага нашчадку камсамолу праводзяць суботнікі на месцы камуністычных забойстваў.

Што датычыць «ідэалаў раўнапраўя», то кожны, хто застаў СССР, памятае народную прымаўку: «народ и партия едины, раздельны только магазины». Прымаўка аб’яднала савецкі лозунг з адваротнай рэчаіснасцю – татальны дэфіцыт у спалучэнні са спецразмеркавальнікамі, спецпайкамі і астатнім спецзабеспячэннем для партыйна-савецкай наменклатуры. Звычайны доктар, афіцэр, настаўнік за свае сумленна набытыя рублі не мог набыць тое, што па зніжаным кошце ці ўвогуле бясплатна атрымліваў камуністычны функцыянер.

Пустыя паліцы ў савецкіх крамах для звычайных людзей. Крыніца lenta.ru

Зрэшты і цяпер – пра якое раўнапраўе размова, калі мы параўнаем магчымасці юнака ці дзяўчыны з вёскі ці малога гарадка з магчымасцямі дзяцей менскіх урадоўцаў? У іх роўны доступ да адукацыі, фізічнага развіцця, да магчымасці атрымаць працу з добрым заробкам? Адказы відавочныя.

Што да «міру» і «міжнацыянальнай згоды», то менавіта міжнацыянальныя канфлікты, фінансаванне войнаў па ўсім свеце, а потым і непасрэдны ўдзел СССР у вайне ў Афганістане ў выніку і разбурылі «непарушны саюз». Сумнеўныя дасягненні.

У выніку ў мінулагоднім віншаванні Лукашэнку застаецца гаварыць нам пра справы даўно мінулых дзён – «магутны штуршок у прамысловасці», савецкі космас, навуку і, канешне, «ваярскі гераізм».

Фінская баявая машына пяхоты Patria. Фота wikipedia.org.

Прычым тут Кастрычніцкая рэвалюцыя незразумела – Фінляндыя і без улады камуністаў стварыла (і захавала дагэтуль, дарэчы) моцную і сучасную прамысловасць, астранаўты США і без камуністаў хадзілі пяшком па Месяцы, а ваярскі гераізм праяўлялі жаўнеры ўсіх дзяржаў свету незалежна ад прысутнасці бальшавікоў у арміі.

Хутчэй наадварот, савецкая дзяржава і Чырвоная Армія падчас Другой сусветнай вайны, дзякуючы бальшавікам, паказалі нечуваны ўзровень дэзертырства і пераходу на бок праціўніка. І гэта афіцыйныя савецкія дадзеныя, ніякай «антысавеччыны» – за гады вайны толькі савецкімі вайсковымі трыбуналамі было асуджана больш за 994 тысячы савецкіх жа жаўнераў, афіцэраў і генералаў. Прычым 135 тысяч з іх былі расстраляныя.

Кліп гурта Dzieciuki «Сумнае рэгі»

Гэта прыкладна ў 15 разоў больш, чым нацысты расстралялі сваіх жаўнераў і афіцэраў за час вайны. Пры тым, што ў вермахце на самой справе існавала і была раскрытая ў 1944 годзе маштабная змова супраць Адольфа Гітлера.

Я пішу гэты тэкст увечары 6 лістапада – і пакуль на сайце кіраўніка Беларусі няма віншавання з 7 лістападам гэтага году. Спадзяюся, яго і не будзе. Калі не ў гэтым годзе, то ў наступным.

Толькі некалькі дзён таму на каталіцкае свята Усіх святых мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асабліва адзначыў, што прыход бальшавікоў да ўлады быў трагедыяй, і прапанаваў выходным днём зрабіць лістападаўскія Дзяды – гэтаксама як ужо выходнай ёсць Радаўніца. За чатыры дні петыцыю на карысць гэтай прапановы падпісалі 1409 чалавек – і думаю, што подпісаў будзе значна больш, калі да меркавання іерарха далучацца ўсе беларускія каталіцкія біскупы.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас вячэрняя Імшы на Дзень Усіх Святых у Менскай катэдры. Фота catholic.by

Беларусь стала іншай, змянілася эканамічная палітыка, змяніліся людзі. Савецкая настальгія знікае, а патрыятычныя каштоўнасці незалежнасці і беларускай культуры пашыраюцца.

Беларусь нават пад уладай Аляксандра Лукашэнкі не хоча быць калоніяй Масквы і другім Прыднястроўем.

Так, калі вы не ведалі, то нікім не прызнаная «ПМР» ёсць адзіная ў свеце «дзяржава», дзе 7 лістапада таксама выходны дзень. Давайце зробім яе ўнікальнай.

Аляксандр Гелагаеў

іншыя запісы
Каментары