Аляксандр Гелагаеў Адплата: Што бывае, калі свядома збіваюць грамадзянскія самалёты

гісторык, вайсковы аглядальнік

Публіцыст Belsat.eu Аляксандр Гелагаеў прааналізаваў выпадкі, калі вайскоўцы збівалі цывільныя самалёты. І наступствы, якія гэта мела для цэлых краінаў.

Не так часта лайнеры рабіліся ахвярамі наўмысных злачынстваў людзей у пагонах, не так часта гэтыя злачынствы і постфактум атрымлівалі падтрыманне дзяржавы. Магчыма, больш цывільных самалётаў загінула ў выпадку памылак вайсковай авіяцыі ці сістэм супрацьпаветранай абароны. Гэтак у 1962 годзе выпадкова быў падбіты савецкай зенітнай ракетай і загінуў лайнер Ту-104 пад расейскім Краснаярскам, а ў 2001 годзе падчас расейска-украінскіх вайсковых вучэнняў у Чорным моры быў збіты ўкраінскай ракетай лайнер «Ту-154».

Аднак былі выпадкі, калі лайнеры з дзясяткамі і сотнямі пасажыраў гінулі ў выніку свядомых дзеянняў дзяржаў, якія сталі на шлях тэрору.

Самы вядомы падобны інцыдэнт блізка ад Беларусі адбыўся 17 ліпеня 2014 году, калі быў збіты баявой ракетай самалёт Boeing 777-200ER, які выконваў рэйс MH17 авіякампаніі Malaysia Airlines. Загінулі ўсе 283 пасажыры і 15 чалавек экіпажу.

Самалёт быў збіты над паўднёва-ўсходняй Украінай, дзе ў той час украінская армія пачала вызваляць раёны захопленыя расейскімі баевікамі.

28 верасня 2016 году міжнародная Сумесная следчая група паведаміла, што «Боінг» збілі зенітна-ракетным комплексам «Бук» з тэрыторыі, якая кантралявалася расейскімі баевікамі, а сам «Бук» быў дастаўлены з Расеі.

Матывы і абставіны масавага забойства невядомыя, бо Расея не дазваляе апытаць падазраваных і перакладвае віну за знішчэнне самалёта на Украіну.

Паглядзім на гісторыю выпадкаў свядомага тэрору супраць цывільнай авіяцыі за апошнія 100 год.

Вайна перад Вайной

Хіба што першы вядомы выпадак знішчэння цывільнага авіялайнера з цывільнымі пасажырамі – гэта так званы «інцыдэнт з Квейлінам», які адбыўся 24 жніўня 1938 году.

У Еўропе вялікія дзяржавы яшчэ захоўвалі мір, аднак на другім канцы свету Японія ўжо напала на Кітай у 1937 годзе і вяла не толькі супраць войскаў, але і супраць насельніцтва гэтай краіны жорсткую вайну.

Японскі бамбавальнік над Кітаем. wikipedia.org

Самалёт Douglas DC-2 кітайскай дзяржаўнай авіякампаніі меў амерыканска-кітайскі экіпаж з 3 чалавек і перавозіў 14 пасажыраў – пераважна кітайскіх бізнесоўцаў. Японскія баявыя самалёты дагналі цывільную машыну і адкрылі па ёй агонь. Пілот Хью Вудз здолеў пасадзіць машыну на ваду, аднак потым японцы пачалі абстрэльваць самалёт і пасажыраў з кулямётаў – паляванне на бяззбройных людзей працягвалася з гадзіну. Загінулі 14 чалавек.

Амаль роўна праз 7 год 6 і 9 жніўня 1945 году на японскія гарады Хірасіма і Нагасакі ўпадуць амерыканскія атамныя бомбы. 15 жніўня 1945 году Японія абвесціць пра сваю капітуляцыю.

Паміж войнамі

Вясной 1940-га году Фінляндыя пасля ўпартай вайны абараніла сваю незалежнасць ад СССР, аднак была вымушаная пайсці на тэрытарыяльныя саступкі, заключыўшы з Масквой перамірʼе. Летам таго ж году Масква пачала акупацыю і анексію балтыйскіх дзяржаў – Эстоніі, Латвіі і Літвы.

14 чэрвеня 1940 году цывільны лайнер Ju 52 «Kaleva» фінскай авіякампаніі Aero O/Y падняўся з аэрадрому пад Талінам і накіраваўся да Хельсінкі з 7 пасажырамі і 2 чальцамі экіпажу. Фінскі Самалёт дагналі савецкія патрульныя тарпеданосцы ДБ-3Т і расстралялі яго з кулямётаў над Балтыйскім морам. Загінулі ўсе 9 чалавек – у тым ліку амерыканскі дыпламат, французскія дыпламатычныя курʼеры, грамадзяне Эстоніі, Нямеччыны Швецыі. Дыпламатычная пошта была падабраная савецкай падводнай лодкай Щ-301.

Фота Ju 52 «Kaleva» з экіпажам і пасажырамі.

Масква пагрозамі прымусіла Фінляндыю не распавядаць пра інцыдэнт, аднак з пачаткам нямецка-савецкай вайны ў 1941 годзе інфармацыя зʼявілася ў фінскіх газетах і зараз ужо не аспрэчваецца гісторыкамі – дакументы пра злачынства былі знойдзеныя і ў савецкіх архівах.

Цікава, што шукаючы самалёт месца ягонага падзення ў той жа дзень аглядаў з паветра фінскі пілот Ілмары Юцілайнен – у наступнай вайне ён знішчыць як мінімум 93 савецкія баявыя самалёты.

Юцілайнен стане нацыянальным героям Фінляндыі, патрапіць у японскія коміксы, напіша ўспаміны «Я біў «сталінскіх сокалаў», дажыве да 1999 году і ўбачыць банкруцтва і крах савецкай супердзяржавы.

Халодная вайна на гарачым кантыненце

Падчас Другой сусветнай вайны збівалі цывільныя самалёты і нямецкія, і японскія знішчальнікі, і нічога добрага гэта ім не прынесла. З пачаткам Халоднай вайны паміж Захадам і СССР, на фоне вайны ў Карэі, з пачаткам канфліктаў на Бліжнім Усходзе падаць пачалі новыя цывільныя самалёты – аднак яны звычайна збіваліся пасля таго, як не рэагавалі на папярэджанні, а інцыдэнты не замоўчваліся.

Ці не самы жудасны выпадак адбыўся ў гэтыя часы ў Афрыцы – дзе на тэрыторыі сучаснага Зімбабве непрызнаная дзяржава Радэзія ваявала з прасавецкімі ўзброенымі рухамі. Падчас гэтай партызанска-антыпартызанскай вайны камуністычныя групоўкі рэгулярна выкарыстоўвалі тэрарыстычныя метады.

Ахвяры этнічных чыстак арганізаваных пракамуністычнымі тэрарыстамі ў Радэзіі.

Ахвярай аднаго такога тэракту 3 верасня 1978 году стаў цывільны лайнер Vickers Viscount 782D кампаніі Air Rhodesia – хутка пасля таго, як самалёт з 56 чалавекамі на борце падняўся ў паветра, ён быў падбіты савецкім пераносным зенітна-ракетным комплексам Стрела-2. 38 чалавек загінулі адразу, потым на месцы падзення камуністычныя баевікі расстралялі яшчэ 10 ахвяраў катастрофы.

Падзенне Радэзіі ў 1979 годзе мала каму прынесла радасць – паўстала дзяржава Зімбабве, якую ўжо 37 год узначальвае дыктатар і былы камуністычны тэрарыст Роберт Мугабе. Краіна перажыла некалькі хваляў этнічных і палітычных чыстак, пакутуе ад перманентнага эканамічнага крызісу.

Дзяржаўны тэрор

21 снежня 1988 году выбухнула бомба ў самалёце Boeing 747–121 кампаніі Pan American World Airways. Загінулі 243 пасажыры і 16 чалавек экіпажа. Вялікія часткі лайнера ўпалі на горад Локербі ў Шатландыі, у выніку чаго на зямлі загінулі яшчэ 11 чалавек.

Кокпіт знойдзены пад Локербі. wikipedia.org

Пасля трох год высвятлення абставінаў трагедыі высветлілася, што бомбу пранеслі два грамадзяніна Лівіі, адзін з якіх быў афіцэрам лівійскіх спецслужб.

У 2003 годзе лівійскі дыктатар Муамар Кадафі пад ціскам міжнародных санкцый быў вымушаны прызнаць сваю адказнасць за тэрарыстычны акт і выплаціў некалькі мільярдаў долараў кампенсацыі ахвярам. Матывам для тэракта магла быць помста дыктатара амерыканцам за некалькі ваенна-марскіх інцыдэнтаў у Міжземным моры.

У 2011 годзе ў выніку пройгрышу ў грамадзянскай вайне Кадафі быў захоплены і жорстка забіты.

Аляксандр Гелагаеў

Тэгі: 
іншыя запісы
Каментары