Александр Федута 500 долараў, кажа ўлада? Пачынайце запасацца грэчкай

паліткансультант

Аднойчы гэта ўжо было ў нашым жыцці – 500 долараў у месяц. Здавалася: вялікія грошы. Але атрымлівалі. Напярэдадні выбараў 2010 года.

А пра тое, што ўсё ляснулася, увесь гэты дуты перадвыбарны дабрабыт, мы даведаліся ў турме па тым, што з рацыёну знікла грэчка. І рысавая каша зʼяўлялася ўжо не два разы на тыдзень. Нават на складзе ўнутранай турмы КДБ запасы скончыліся. Так у лютым 2011 года краіна ўвалілася ў крызіс. Не ўвайшла – увалілася! Як пʼяны мужык у мазаных ботах уваліўся – пісаў адзін з крытыкаў з нагоды «Руслана і Людмілы» – у высакародны сход.

Так, я – пушкініст, і гэтага не вытруціш. Але ж у 2011 годзе было менавіта так. І пах таго абвалу дагэтуль стаіць у носе – як пах іржавага турэмнага селядца.

Я памятаю адну з выбарчых кампаніяў – здаецца, 2001 года, калі інфляцыя яшчэ давала пра сябе ведаць. Тады бабуля дзесьці ў Ваўкавыскім раёне сказала:

– Хай пенсію не павышаюць – Толькі каб кошты на лекі не раслі.

Уласна кажучы – так. Твой заробак – гэта не колькасць паперак у гаманцы, а тое, што ты можаш на іх купіць.

Я памятаю сваю студэнцкую стыпендыю. Павышаную – пяцьдзясят савецкіх рублёў. За дзве стыпендыі я купіў кніжную шафу. Тую, што да гэтага часу стаіць у мяне ўдома. Не падае – у адрозненне ад пакупніцкай здольнасці беларускага рубля. Што сёння можа купіць за дзве стыпендыі беларускі студэнт? Дай Бог, каб пару красовак. Кніжная шафа яму не патрэбная.

Абяцанне пяцісотдоларавага заробку сведчыць пра тое, што краіна ўваходзіць у перадвыбарчы віраж. Датэрміновы – але ўсёж-такі. І абяцанне прывесці Магілёў у перадпрадажны парадны выгляд – з таго ж рэпертуару.

Там толькі, хіба што, заяву аб невыкарыстанні лядовых палацаў у асабістых прэзідэнцкіх мэтах (ну – для гульні) і просьба да ўсіх шклавіцянаў клапаціцца пра здароўе сваё і сваіх дзяцей гучаць ну амаль як палітычнае завяшчанне. Так бы мовіць, як загад усім землякам доўга жыць.

Але мы не першы дзень жывем на свеце і не першы дзень слухаем выступ кіраўніка беларускай дзяржавы. Таму дазвольце на гэты раз не паверыць. Раней гаварылася выразней: беларускі народ будзе жыць цяжка, але – не доўга. І гэта цешыла – што не доўга. Зараз тая даўняя радасць здаецца нейкім дзіцячым, амаль цялячым аптымізмам. Жыццё неяк зацягнулася, а цяпер зацягваюцца і паясы.

500 долараў, кажа ўлада? Пачынайце запасацца грэчкай і рысам, сябры мае. Абвал хутка.

іншыя запісы
Каментары