Эдуард Пальчыс 5 самых гучных справаў 2016-га з удзелам міліцыянтаў

экстрэміст, былы палітвязень

Эдуард Пальчыс разважае наконт таго, чаму большасць беларусаў не паверыць доказам следства ў справе сяржанта, што страляў у менчука Андрэя Гаўроша.

Вось паступова і ідзе да лагічнага фіналу адна з самых гучных навінаў студзеня. Менчук, у якога страляў міліцыянт падчас навагодніх святаў, апынуўся ў турме. Сяржант, які страляў, – знаходзіцца ў адпачынку.

Зусім нядаўна міністр унутраных справаў праводзіў нараду, тэмай якой стала «інфармацыйная вайна супраць МУС». Вось што на ёй было сказана:

«Іранічныя і грэблівае выказванні не аказваюць глабальнага ўплыву на грамадскую думку, але яны ствараюць фон, падрываюць давер насельніцтва да міліцыі… Актуальнай задачай зʼяўляецца выпрацоўка выразнай пазіцыі ведамства ў гэтай сферы і адзінага алгарытму процідзеяння дэструктыўнаму інфармацыйнаму ўздзеянню».

Праблема ў тым, што грамадства менш за ўсіх зацікаўленае ў падрыве даверу да міліцыі. Кампраметацыя следства, пракуратуры і судоў вядзе да таго, што грамадская думка можа апраўдваць злодзеяў і ганьбіць невінаватых.

Але нельга быць «крышачку цяжарным». Калі ў краіне ёсць пераслед па палітычных матывах, гэта адразу сапсуе ўсю астатнюю працу сілавых структураў. Дастаткова адной гучнай справы, дзе несправядлівасць відавочна, каб на доўгі час падарваць рэйтынг сілавых структураў. У нас такія справы адбываюцца штогод. Вось толькі 5 самых гучных справаў за 2016-ы год, якія не звязаныя з палітыкай.

1. Матацыкліст і «даішнік»

У красавіку 2016-га адбыўся інцыдэнт: кіроўца матацыклу нанёс пашкоджанні інспектару ДАІ. У выніку матацыкліст атрымаў 5 гадоў калоніі. Але меркаванні падзяліліся. Шмат якія кіроўцы заўважылі, што на відэа аварыі, якое было апублікавана ў інтэрнэце, «даішнік» дзвюма рукамі трымаецца за руль матацыкла. Для шырокага кола грамадства так і засталося нявысветленым, хто насамрэч націснуў газ – кіроўца матацыкла, зрабіўшы гэта наўмысна, ці сам супрацоўнік ДАІ па неасцярожнасці.

2. Справа педыятра

Справа педыятра. Фота tut.by

У жніўні 2016-га ў кватэру педыятра Змітра Серады ўварваўся АМАП. Сам Серада быў жорстка збіты, яго цяжарная жонка і маленькая дачка шакаваныя. Як высветлілася, міліцыянты памыліліся. Змітра падазравалі ў эксгібіцыянізме, але штурмавалі яго кватэру памылкова. Потым Сераду выклікалі да высокага міліцэйскага кіраўніцтва, дзе казалі, навошта ён робіць «палітыку» з гэтай справы, бо рамонт маглі правесці і за кошт МУС.

3. Таямнічая справа міліцыянта з Гародні

Ужо ў гэтым годзе нешта зусім незразумелае адбылося ў Гародні. Міліцыянта Міхаіла Куско арыштавалі за хабар. Але сам Міхаіл заяўляе, што гэта звязана з расследаваннямі сувязяў гарадзенскіх памежнікаў і груповак самаабвешчанай ДНР. Адзін з афіцэраў вербаваў вайскоўцаў для ўдзелу ў вайне на баку сепаратыстаў. Які з бакоў кажа праўду, цалкам не зразумела, бо зараз Міхаіл у турме і даведацца, як было насамрэч, вельмі цяжка.

4. Як падлетак «амапаўца» збіў

Як падлетак АМАПаўца збіў. Фота Belapan.by

У кастрычніку 2016 стала вядома пра тое, што 17-ці гадовага хлопца абвінавачваюць у тым, быццам ён збіў супрацоўніка АМАП. Але маці хлопца распавяла зусім іншую гісторыю. Выглядае так, што ў ліпені 2016-га патруль затрымаў двух хлопцаў, Антона і Мікалая, якія пілі гарэлку. Аднаго з іх збілі, а потым сяброў кінулі ў аўтазак. У самім аўтазаку і адбыўся канфлікт. Ці то Антону стала дрэнна і ён зваліўся на аднаго з амапаўцаў, ці то ён быццам знянацку ўдарыў супрацоўніка міліцыі. Пасля гэтага на хлопцаў былі надзетыя кайданкі. МУС сцвярджае, што на гэтым усё скончылася. Але маці Антона кажа, што яе сына і сябра Мікалая збівалі, а потым нават і памачыліся ім на галовы. У выніку на Антона была заведзеная крымінальная справа і яму прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі».

5. Міліцыянт супраць 9-гадова хлопчыка

Як распавядаў «Белсат», у Століне работнік МУС Вадзім Прылуцкі нечакана збіў хлопчыка. 12 ліпеня сын міліцыянта палез па яблыкі і пашкодзіў руку. Але тату сказаў, што драпіны на руцэ яму зрабіў 9-гадовы Ўлад. Міліцыянт паваліў Улада і пачаў наносіць удары па нырках, жывату і ў грудзіну. Сведкамі гэтага сталі іншыя дзеці.

Сам Прылуцкі потым спрабаваў адкупіцца і прапанаваў бацькам Улада 2 мільёны недэмінаваных рублёў. Але бацькі вырашылі зняць пабоі і звярнуцца ў суд. Зварот пацярпелых быў праігнараваны, справа закрытая, а міліцыянт застаўся працаваць. А самога Ўлада паставілі на ўлік камісіі па справах непаўналетніх.

Так чаму міліцыянт страляў у жыхара Менску на Новы Год? Што б ні казалі на судзе, верагодна, значная частка насельніцтва не паверыць доказам следства.

Глядзіце таксама:

Эдуард Пальчыс

іншыя запісы
Каментары