Аляксандр Гелагаеў 100-годдзе БНР паказала, якімі будуць Царква і Касцёл у будучай Беларусі

гісторык, вайсковы аглядальнік

Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч і мітрапаліт Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Фота – Сяргей Сацюк/Белапан

«Жыве Беларусь!» ад каталіцкага мітрапаліта ў касцёле, «Жыве Беларусь!» ад афіцыйнага прадстаўніка БПЦ перад дзясяткамі бел-чырвона-белых сцягоў каля Опернага, святкаванні ў пратэстанцкіх суполках – учора можна было бачыць часцінку Беларусі, якой яна будзе праз нейкі час.

За некалькі дзён

Адзначым адразу, што ў Беларусі фактычна толькі Беларуская Праваслаўная Царква і, у меншай ступені, Каталіцкі Касцёл ёсць прызнанымі ўладамі «тварамі беларускага хрысціянства». Менавіта праваслаўныя і католікі складаюць прызнаны афіцыйна рэлігійна-культурны грунт беларускай культуры і рэпрэзентуюць, па меркаванні ўладаў, «сярэдняга беларуса».

Таму тое, на што не звярнулі б увагу ў выпадку значна менш буйных Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы ці пратэстанцкіх цэркваў, не прайшло б міма вачэй дзяржаўных органаў.

Спачатку Касцёл абвесціў святую Імшу за Беларусь зранку 25 сакавіка і апублікаваў тэкст спецыяльнай малітвы за краіну. Беларуская Грэка-каталіцкая Царква 25 сакавіка традыцыйна адзначае Дзень малітваў за Бацькаўшчыну.

25 сакавіка 2018 года. Святкаванне 100-годдзя БНР у Менску. Фота – Ірына Арахоўская

Са свайго боку БПЦ хутчэй адмаўчалася – мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі патрыяршы экзарх усёй Беларусі Павел заявіў, што ніякіх спецыяльных багаслужэнняў да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі не плануецца.

«На жаль, ёсць небяспека палітызаваць гэтае мерапрыемства. Мы за тое, каб малітва і богаслужэнне ніколі не палітызаваліся, – сказаў менш чым за тыдзень да свята праваслаўны мітрапаліт на прэс-канферэнцыі.

Цікава, пры гэтым, што амаль ніхто не адзначыў, што прэс-канферэнцыя 20 сакавіка была прысвечаная пытанню пра кананізацыю мітрапаліта Іосіфа Сямашкі, што разбурыў Грэка-каталіцкую царкву на тэрыторыі Беларусі. Мітрапаліт Іосіф Сямашка стаў у пэўнай ступені «іконай» для антыбеларускіх шавіністаў, бо ягоная асоба дазваляе пасварыць беларускіх праваслаўных і беларускіх католікаў.

Заклікі кананізаваць мітрапаліта Сямашку гучаць ужо даўно, аднак «казаць аб гэтай кананізацыі яшчэ рана», перадаў афіцыйны партал church.by словы праваслаўнага іерарха, што можна было б разумець як крок насустрач міжканфесійнаму міру, у якім зацікаўленыя і Касцёл, і беларускі нацыянальны рух, і беларускія дзяржаўныя ўлады.

Дзень Волі. Катэдра

Аднак сам дзень 25 сакавіка прайшоў для Касцёла і Царквы зусім на іншай ноце.

Зранку пасля святой Імшы з нагоды Пальмавай нядзелі надзвычай ярка і горача распавёў пра 25 сакавіка 1918 году ў Кафедральным касцёле ў Менску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

Беларускі арнамент на аблачэнні каталіцкага святара падчас асвячэння вербаў у Кафедральным касцёле ў Менску 25 сакавіка 1918 года. Фота – catholic.by

«Гэтым самым… абвясцілі свету аб заснаванні новай дзяржавы. Хоць яе далейшы лёс быў вельмі складаным і не прывёў да чаканага выніку, тым не менш сам факт з’яўляецца вельмі красамоўным, бо паказвае імкненне беларускага народа да незалежнасці. Таму сённяшняе свята 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта свята «Звеставання» беларускай незалежнасці і дзяржаўнасці».

«Беларусь жыве! Беларусь жыве! Беларусь жыве!» – усклікнуў на заканчэнне Імшы іерарх, на што вернікі з кожным разам усё больш гучна і масава адказвалі «Жыве Беларусь!» Напэўна, з пачатку 1990-х гадоў каталіцкія іерархі так яўна і яскрава не выказвалі сваёй прыхільнасці беларускай нацыянальнай ідэі.

Дзень Волі. Оперны

Тых, хто сабраўся на свята каля Опернага тэатру чакала, магчыма, яшчэ большая і важная нечаканасць. Тут выступілі адзін пасля другога два святары. З боку Касцёлу прачытаў тэкст каталіцкай малітвы за Беларусь айцец Францішак Рудзь.

Але асабліва ўзрушыў прысутных старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.

«Мы ўжо сёння добра ведаем, што кіраўнікі БНР сваймі ініцыятывамі змагаліся супраць акупантаў і патрабавалі свабоды для многіх тысяч беларусаў, якія пакутавалі ў турмах. Яны хацелі палажыць канец дзяльбе зямель з пераважным беларускім насельніцтвам паміж сумежнымі дзяржавамі, спрабавалі спыніць падзел і асіміляцыю беларусаў, выказваліся супраць прыгнёту праваслаўных»,сказаў святар.

Айцец Сяргей Лепін. Фота – sobor.by

«Няхай благаславіць Гасподзь Беларусь і няхай даруе ўсім нам мір, любоў, цяпло і пазнанне ісціны. Слава Хрысту! Жыве Беларусь!», – заключыў ён сваю прамову, на што тысячы людзей адказалі воплескамі.

Што гэта значыць

Не варта думаць, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі і Беларуская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату незалежна адзін ад аднаго вырашылі прыняць удзел у святкаваннях каля Опернага.

Як падаецца, дзве канфесіі часта дыпламатычна ўзгадняюць узровень прысутнасці на важных нерэлігійных мерапрыемствах – калі ідзе адзін мітрапаліт, то ідзе і іншы, калі ідзе каталіцкі святар, то ідзе праваслаўны. Хутчэй за ўсё праваслаўны і каталіцкі святары выступілі са сцэны 25 сакавіка невыпадкова – выглядае на тое, што гэта была ўзгодненая пазіцыя мітрапаліта Паўла і мітрапаліта Тадэвуша.

Таксама наўрад ці можна спадзявацца на тое, што перамовы іерархаў пра ўдзел у важным палітычным недзяржаўным мерапрыемстве не кантралююць адпаведныя спецслужбы і такія ўстановы як Камітэт па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў. І калі Касцёл у асобе мітрапаліта Кандрусевіча ўжо мае гісторыю даволі вострай адкрытай палемікі з гэтымі ўстановамі, то БПЦ гэтым асабліва ў апошнія 20 год асабліва не адрознівалася.

Такім чынам можна меркаваць, што адпаведныя аддзелы спецслужбаў і дзяржустаноў як мінімум не заміналі прадстаўнікам Касцёла і Царквы выступіць 25-га сакавіка са сцэны.

Што далей?

Дзеянні міліцыі, канешне, сапсавалі свята 25 сакавіка многім, хто, не выказваючы ніякай агрэсіі, хацеў прайсці вуліцамі Менску ў сонечны дзень з нацыянальнай сімволікай. Адбыліся затрыманні і ў іншых беларускіх гарадах.

Што гэта было – розная пазіцыя розных устаноў, няздольнасць прагназаваць больш чым на крок наперад ці запозненая рэакцыя на нечаканы поспех свята – сказаць пакуль цяжка.

Ці не спужаюцца ўлады свайго ўласнага «лібералізму»? Ці не спужаецца БПЦ сваёй уласнай смеласці?

Будзем глядзець, ці будуць прынятыя нейкія меры карнага характару супраць Касцёлу – адмова ў будаванні касцёлаў, напрыклад. Будзем глядзець, ці будуць прыняты з боку іерархаў БПЦ ці ўладаў нейкія меры карнага характару супраць святароў, якія прамаўлялі і маліліся ў памяць БНР і за будучыню Рэспублікі Беларусь.

Аднак без сумневу тэндэнцыя, якая пануе, – гэта рух ад БССР у бок БНР. Гучныя воклічы «Жыве Беларусь!» з боку праваслаўных і каталіцкіх іерархаў і святароў мы пачуем яшчэ не адзін раз, пакуль гэта не стане добрай традыцыяй.

Аляксандр Гелагаеў; фота анонсу – Сяргей Сацюк/Белапан

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

іншыя запісы
Каментары