Зянон Пазняк: Вайна можа пачацца імгненна, вырашаць трэба будзе на працягу некалькіх хвілінаў


Беларускі палітык Зянон Пазняк у Брукліне выказаўся пра вучэнні «Захад-2017». Падаем словы палітыка ніжэй.

Яшчэ ў 2015-м годзе, калі ішла вайна Расеі з Украінай, я гаварыў аб тым, што наступнай можа быць Беларусь, і што трэба рыхтавацца загадзя. Таму што ў сітуацыі, якая ўзнікне, вырашаць будзе толькі беларускі народ. Як сябе павядуць беларусы – такая будзе і рэакцыя міжнароднай супольнасці, і такі можа быць вынік.

Зараз Ялцінскі свет ужо не існуе, Пуцін яго растаптаў, Хельсінскія пагадненні таксама растоптаныя. Зараз зусім іншы свет, і тыя нават пагадненні, якія існуюць у НАТО і ўсюды, ужо не дзейнічаюць, таму што вайна можа пачацца імгненна, і вырашаць трэба будзе на працягу некалькіх хвілінаў.

Існуе цэлая працэдура ў ААН, як арганізоўваецца адпор, калектыўная думка і гэтак далей. Гэтага ўжо не будзе. І вось гэтая новая сітуацыя, якая ўтварылася, настолькі сурёзная, што людзі не здаюць сабе справы, шмат хто яшчэ жыве тым светам, які быў некалі, але ён вельмі перамяніўся.

Таму ідзе гаворка пра тое, што можа быць акупацыя Беларусі, што можа быць акупацыя калідору праз Сувалкі. Гэта ніякая не фантастыка, гэта ўсё можа быць, таму што, калі б перад акупацыяй Данбасу і Крыму нешта падобнае гаварылі, то ніхто б не паверыў, а тым не менш гэта здарылася.

Сённяшнія падзеі паказваюць, што фактычна з юрыдычнага пункту гледжання міжнароднага і канстытуцыйнага права пачалася гібрыдная акупацыя Беларусі, яна ўжо ідзе. Вучэнні «Захад-2017» і папярэднія вучэнні былі абгрунтаваныя палітычнымі дамоўленасцямі і рашэннямі. Няма падставы канстытуцыйнай, юрыдычнай і падставы міжнароднага права для такіх вучэнняў.

Не можа быць чужы салдат і чужая бранятэхніка на нашай тэрыторыі. Гэта гвалт над суверэнітэтам.

На чым гэта палягае для Пуціна і для Лукашэнкі? Яны заключылі гэтак званую Саюзную дзяржаву. Гэтую дзяржаву ніхто ў свеце не прызнаў і ніхто сурёзна не ўспрымае, яе не існуе рэальна. Яна парушае ўсе канстытуцыі, якія ў нас былі і якая існуе. Гэта абсалютна нелегальная з’ява. Але ў палітыцы бываюць згвалчаныя канстытуцыя і закон, але ёсць і ўлада, яе ўспрымаюць дэ-факта. Лукашэнка 23 гады – які гэта прэзідэнт? Гэта ўзурпатар! Але ён валодае ўладай, падтрымкай Расеі, і дэ-факта ўспрымаецца як улада. Але гэта нелегальная ўлада: ні гэты нелегальны парламент, ні гэта прэзідэнт, ні гэтая ўся палітыка.

І таму з пункту гледжання гэтай іхнай палітыкі, якая з’яўляецца антынароднай, бо людзі не ведаюць, што адбываюцца, якія рашэнні прынятыя, ідуць гаданні экспертаў, што можа здарыцца ў выніку гэтых вучэнняў. Гэта ненармальна!

І вось у палітычны сэнсе Лукашэнка і Пуцін могуць рабіць што хочуць, яны не пытаюцца думкі беларускага народу і міжнароднай супольнасці, спасылаюцца на гэтую сваю нелегальную дамову і ўводзяць войскі ў Беларусь.

Больш – у відэа вышэй.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў