Зянон Пазняк спявае гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Відэафакт


Сёння, 24 красавіка, старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ і адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» Зянон Пазняк адзначае 72-годдзе.

Зянон Пазняк нарадзіўся ў мястэчку Суботнікі ў Заходняй Беларусі. Ягоны дзед Янка Пазняк быў беларускім дзеячам у міжваеннай Польшчы.

У 1988 годзе Зянон Пазняк адкрыў і археалагічна даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах. У чэрвені 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» апублікаваў артыкул «Курапаты – дарога смерці» аб расстрэлах у прадмесці Менску тысяч мірных грамадзянаў у сталінскую эпоху. Масавая дэманстрацыя памяці ахвяр сталінізму («Дзяды-88») была разагнаная ўладамі з ужываннем дручкоў і слезацечнага газу. Вынікам стаў рост апазіцыйных настрояў і ўзнікненне Аргкамітэту для стварэння Беларускага Народнага Фронту, на чале якога стаў Пазняк.

З траўня 1990 да студзеня 1996 Зянон Пазняк – дэпутат Вярхоўнага Савету XII склікання, кіраўнік фракцыі БНФ. Дабіваўся адкрыцця праўды пра маштабы чарнобыльскай катастрофы, зацвярджэння бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоні як дзяржаўных сімвалаў, удзельнічаў у распрацоўцы сацыяльна-эканамічнага заканадаўства.

У сакавіку 1996, пазбягаючы магчымага арышту, Зянон Пазняк пакінуў Беларусь, праз месяц вярнуўся ў Менск на «Чарнобыльскі шлях–96», затым зноў пакінуў краіну. Некаторы час жыў ва Украіне, Чэхіі, Польшчы, Вялікай Брытаніі, пасля яго запрасілі ў ЗША, дзе ўрад даў яму палітычны прытулак. У эміграцыі Зянон Пазняк займаецца палітычнай дзейнасцю, сустракаецца з грамадскасцю і журналістамі розных краін.

У інтэрнэце захаваўся відэаролік, на якім Зянон Пазняк разам з беларускімі актывістамі з ЗША праспяваў гімн БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Менавіта гэтую кампазіцыю дэпутаты БНФ прапаноўвалі зрабіць гімнам незалежнай Беларусі.

Зянон Пазняк неаднаразова быў госцем на тэлеканале «Белсат».

Незалежны тэлеканал віншуе шаноўнага спадара Зянона з Днём нараджэння ды жадае моцнага здароўя, вялікага шчасця, бадзёрасці ды ўпэўненасці, што святло пераможа.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў