Зянон Пазняк пра Валерыя Панамарова


Зянон Пазняк напісаў пра беларускага рэжысёра і сцэнарыста, які пайшоў з жыцця 8 студзеня.

Добрае слова ў вянок памяці

Прачытаў у сродках масавай інфармацыі сумнае паведамленне аб зыходзе з жыцця Валерыя Панамарова.

Калі ўспамінаю пра гэтага чалавека, у памяці нечакана ўсплывае выказванне Кан-Фу-Цы аб тым, што мудрасць прыходзіць ад назірання за тым, як растуць дзеці. У 1962-63 гг. Панамароў, праўда, ня быў ужо дзіцём. Яму, як і мне, было каля дваццаткі, калі мы вучыліся на першым курсе акторства ў Беларускім Дзяржаўным Тэатральна-Мастацкім Інстытуце. Я абсалютна не ўспрымаў ягонай асобы сурёзна. Для мяне гэта быў маскалёк маленькага росту, гэтакі жыўчык, які падскокваў. Пасля першага курсу ён недзе знік (здаецца, яго адлічылі па прафесійным крытэры), і я назаўсёды забыўся пра існаванне гэтага шустрага маладзёна з Расеі.

Мінула 32 гады. На Дзяды 1995 года ў пачатку лістапада я быў на франтаўскім мітынгу ў Лошыцы каля Крыжа ў памяць ахвяраў расстраляных энкавэдзістамі беларусаў. Пасля мітынгу я з жонкай Галінай і вялікая група фронтаўцаў паехалі ў кінатэатр «Змена» на прагляд кінафільма «На Чорных Лядах», знятага паводле апавядання Васіля Быкава нейкім Панамаровым.

У фае нас чакаў ужо Васіль Уладзімеравіч і дырэктар кінатэатра – прыемная жанчына, якая арганізавала гэты прагляд. (Дадам, што пазней лукашысцкая адміністрацыя разграміла і зачыніла гэты беларускі кінатэатар, а дырэктара зволіла.)

Мы сядзелі ў першым радзе і глядзелі з хваляваннем. Нарэшце, думаю, ёсць беларускае кіно, дзе маскоўскія бальшавікі паказаныя, як і належыць – акупантамі Беларусі.

Фільм усім спадабаўся. Былі доўгія воплескі і абмен думкамі. У фільме ёсць выдатныя сцэны і добра зробленыя эпізадычныя ролі, хаця я адразу ўбачыў і недахопы, пра якія тут казаць ня буду, тым больш, што (як на маю думку) тут праблема ў самым творы Быкава.

Пасля прагляду да мяне падышоў рэжысёр – ціхі сціплы чалавек з павольнымі рухамі, нягучным голасам, з крыху вінаватым выглядам твару і загаварыў на слабой беларускай мове. Я прыгледзеўся і агаломшаны выгукнуў:

– Валерык, гэта ты?
– Я, – усміхаецца ціхі чалавек, які ў юнацтве запомніўся мне заношчывым шустрым маладзёнам. – А што, непадобны? – пытае Панамароў.

Мы з ім тады сардэчна пагаварылі. Я быў крануты да глыбіні душы. Вось табе і Валерык. Як здорава (думаю), што ён стаў асобай і не ператварыўся ў «вату». Валеры распавёў, як душаць яго фільм і яго асабіста. Прасіў дапамагчы. Я, памятаю, тады сказаў даволі рэалістычна, у сэнсе, што ва ўладу прыйшло такое «драньства», якое будзе нішчыць усё беларускае, і што расейскае паходжанне Валерыя тут яго не ўратуе. Трэба быць гатовым да ўсяго і ня мець ілюзіяў. Але будзем змагацца.

Цяпер я прачытаў, што кінакрытык спадарыня Фральцова параіла тады Валеру пасля гэтага ягонага фільма самому застрэліцца.

Праўда, невядома, у якім кантэксце былі сказаны тыя словы, але, відаць, у дрэнным кантэксце, інакш бы Валеры ня быў бы так моцна ўражаны.

І вось тут другі сюжэт. У 1969-70 гг. у сектар тэатру і кіно Інстытуту Мастацтвазнаўства, Этнаграфіі і Фальклору Акадэміі Навук БССР, дзе я праходзіў аспірантуру, прынялі маладую аспірантку Ніну Фральцову. Гэтая дзяўчына з абліччам тыповым для сярэдняй паласы Расеі (як напісалі б расейскія этнографы) здзівіла мяне сваім вырабленым практычным рацыяналізмам.

Мэта была адна – скончыць асьпірантуру і абараніць дысэртацыю. Ні ў якіх размовах пра палітыку, ідэалогію, культуру, праблемы яна ня ўдзельнічала, ацэнак не давала, і калі нешта пачыналі такое гаварыць – проста знікала. У выніку Ніна хуценька абаранілася з усімі цытатамі класікаў марксізму, а я, прайшоўшы праз допыты КГБ, апынуўся на вуліцы з кляймом «буржуазнага нацыяналіста» і абараніўся толькі праз дзевяць гадоў у Ленінградзе, змагаючыся з сістэмай.

Фральцова ніякім бокам не была ўлучана ў праблемы беларускай культуры, і пасьля абароны дысертацыі знікла з далягляду і з кантэксту грамадскай інфармацыі. Я думаў, што можа яна выехала куды-небудзь. А ж не, цяпер аказваецца, што яна жыла сабе тут, нават прафесарам стала, Панамарова кусала.

А Валеры мяне тады здзівіў, па-добраму здзівіў. Вось табе і навучка, як няпроста бывае ў жыцці, і як моцна ўплывала тады веліч Беларускага Адраджэння на людзей таго часу. Вялікая і светлая будучыня магла быць у Беларусі. Кан-Фу-Цы праўду казаў пра мудрасць.

Цяпер я даведаўся, што Валеры памёр у 73 гады. Ранавата, як на сучасны свет. У камандзе Трампа такія хлопцы яшчэ будуць рабіць палітыку Злучаных Штатаў. Але, відаць, кожнаму – яго.

Добрае слова мне хацелася б сказаць пра гэтага чалавека і падзякаваць. Дзякуй, дарагі Валеры, што ў цяжкі час ты не кідаў каменне ў наш бок, не зневажаў наш народ, як іншыя, але спрычыніўся душой і чынам з падтрымкай для вялікай Беларускай нашай культуры. Вечная памяць.

Зянон Пазняк

Стужка навінаў