Зянон Пазняк: Планаў вярнуцца ў Беларусь няма. Гэта правакацыя


2 лютага на пошту «Радыё Рацыя» прыйшоў ліст нібыта ад Зянона Пазняка пра тое, што «сітуацыя ў Беларусі выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі, таму 25 сакавіка ён пачне вызваленне Беларусі».

pazniak_pravakacyja

«Гэта правакацыя спецслужбаў, прычым расейскіх», – так назваў ілжывыя звесткі пра вяртанне Пазняка намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі. Паводле яго, Пазняк знаходзіцца ў сакрэтным спісе расейскіх спецслужбаў, у якім ёсць прозвішчы асобаў, якія падлягаюць знішчэнню:

«Правакацыі супраць спадара Пазняка здзяйсняліся ў розных формах усе гэтыя гады. Інфармацыю атрымалі непасрэдна з КДБ, што была створана група на чале з Шэйманам, спецпадраздзяленне, якое складала дэталёвы план забойства Пазняка. Гэта Расея за гэтым стаіць, у спісах спецслужбаў былі: Чарнавіл, Гамсахурдзія, Паліткоўская і гэтак далей. У іх ёсць спіс асобаў, якія мусяць быць знішчаны. Зянона Пазняка ім знішчыць неўдалося».

Старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазняк пацвердзіў словы свайго намесніка Юрася Беленькага, які назваў звесткі пра вяртанне палітыка ў Беларусь з мэтай узначаліць новы рух і звергнуць Лукашэнку, ілжывымі.

«Планаў вяртацца ў Беларусь няма. Гэта правакацыя. Я пра гэта першы раз чую. Але я ведаю, што ў мае паштовыя скрынкі залазяць. Я часам атрымліваю спам са сваёй жа пошты. Таму ўвесь час хтосьці курыруе гэтай поштай, падрабляюць, рассылаюць бязглуздзіцу. Нават былі фіктыўныя інтэрнэт-старонкі, дзе нехта ад майго імя змяшаў там тэарэтычныя работы – нейкую лухту. Таму ўсё гэта – правакацыя. Ніякага дачынення я да гэтага не маю».

ДР, belsat.eu паводле racyja.com

Стужка навінаў