«Звычайнае адпужванне» – амерыканскі эксперт пра вучэнні «Удар шаблі» і будучы саміт НАТО


Упершыню Польшча дасылае войскі з захаду на ўсход падчас вучэнняў «Удар шаблі» (Saber Strike).

Міжнародныя манеўры – не правакацыя супраць Расеі, а саюзныя вучэнні. Гэтак выглядае звычайнае адпужванне, заяўляе амерыканскі эксперт Рэй Вуйцік. У інтэрв’ю «Белсату» экс-вайсковы аташэ ЗША ў Польшчы, палкоўнік рэзерву, а цяпер дырэктар варшаўскага офісу ўплывовага вашынгтонскага Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA)* каментуе міжнародныя вучэнні пад камандаваннем Злучаных Штатаў. Яны праходзяць побач з межамі Беларусі з удзелам 18 тысяч вайскоўцаў з 19 дзяржаваў.

– Якая асноўная мэта вучэнняў «Удар шаблі» сёлета? Чым «Удар шаблі – 2018» адрозніваецца ад папярэдніх вучэнняў?

Рэй Вуйцік. Фота – Waldemar Młynarczyk, do.wp.mil.pl

– «Удар шаблі» – гэта працяглыя вучэнні, якія ЗША ладзяць ужо шмат гадоў. Іх кантралюе Пэнтагон, адказвае за іх аб’яднанае камандаванне Узброеных Сілаў ЗША у Еўропе, а задзеяныя ў іх сухапутныя войскі ЗША ў Еўропе, штаб-кватэра якіх месціцца ў нямецкім Вісбадэне.

«Удар шаблі» – буйныя вучэнні амерыканскай арміі, якія дэманструюць нашую рашучасць і гатоўнасць абараніць бяспеку і суверэнітэт нашых сяброў і саюзнікаў на ўсходнім флангу НАТО і ўвогуле ўсіх чальцоў Альянсу. «Удар шаблі» ладзіцца з 2010 года. Сёлета вучэнні ўключаюць значна большыя, нашмат хутчэйшыя і лепш сінхранізаваныя аперацыі. Яны скамбінаваныя з іншымі вучэннямі ў рэгіёне. Гэта ў тым ліку марскія вучэнні «Baltic Operations» у Балтыйскім моры, а таксама «Swift Response» – «Хуткае рэагаванне», таксама вучэнні амерыканскіх войскаў.

Да таго ж, унутраныя вучэнні Літвы і Латвіі ладзяцца ў той жа час, што і «Удар шаблі». У гэтым годзе каля 18 тысяч жаўнераў бярэ ўдзел ва «Удары», гэта трохі больш, чым летась. У гэтым сезоне ўвага на працягу вучэнняў будзе надавацца рэагаванню, узмацненню, лагістыцы, камандаванню і кантролю, а таксама тэхнічным і авіяцыйным аперацыям.

– А чаму такая вялікая колькасць жаўнераў? І з якой мэтай яны перасоўваюцца з Нямеччыны ў Польшчу і Літву?

– Адна з галоўных задачаў гэтых манеўраў – выкарыстаць іх у якасці тэставай пляцоўкі, праверыць нашыя магчымасці, убачыць, што варта змяніць ці абнавіць у тэхнічных сродках, інфраструктуры, прававым полі. Апошнія гады ЗША ўсё больш ўвагі надаюць мабільнасці і свабодзе перасоўвання. Калі казаць пра удзел 2-га палка, які мае на ўзбраенні бронемашыны «Stryker», роты накіроўваюцца з Фільсэка ў Нямеччыне праз Польшчу і сувальскі калідор да балтыйскіх краінаў, – я мушу падкрэсліць, што тут нашая галоўная мэта – зрабіць гэта хутка і зладжана.

Акрамя таго, іншыя сілы таксама будуць праходзіць праз Сувалкі, напрыклад, 12-я механізаваная дывізія ці аператыўная група са Шчэціну. Упершыню Польшча высылае войскі з захаду на ўсход падчас буйных вучэнняў. Такім чынам, гэта яшчэ адна трэніроўка нашых магчымасцяў і мабільнасці. Дадам, што паралельна мы маем падтрыманне з паветра, бо нашая баявая паветраная брыгада таксама бярэ ўдзел.

– Што прысутнасць амерыканскай арміі значыць для Польшчы?

– Для Польшчы і балтыйскіх краінаў вучэнні яшчэ раз дэманструюць гатоўнасць ЗША абараніць іх суверэнітэт праз стрымліванне агрэсіі. Пры дапамозе гэтых вучэнняў мы разлічваем павысіць нашую здольнасць да яшчэ большай сінхранізацыі нашых аперацыяў, сувязі, руху і такім чынам паказаць сур’ёзнае стаўленне да бяспекі ў гэтым рэгіёне і суверэнітэту гэтых краінаў.

– А якую ролю ва ўсім гэтым НАТО адводзіць Беларусі?

– Aні Беларусь, ані Расея не бяруць удзелу ў манеўрах. Існуе стандартная працэдура апавяшчэння пра такія рэчы. Што да праграмы вучэнняў, ЗША і НАТО прытрымліваюцца вельмі празрыстай палітыкі. Усе неабходныя паведамленні былі высланыя. Калі б Беларусь ці Расея папрасілі прысутнічаць як назіральнікі, мы б з радасцю пайшлі насустрач. Калі б так сталася, яны б маглі зразумець, што «Удар шаблі» не нясе пагрозы нікому ў рэгіёне, што гэта толькі дэманстрацыя нашых магчымасцяў, якая паказвае, што мы можам вельмі хутка адрэагаваць і ўзмацніць нашыя сілы.

Літва. Вайсковыя вучэнні «Удар шаблі» Фота – Sgt. Gregory T. Summers, dvidshub.net

– Набліжаецца чарговы саміт НАТО – чаго варта чакаць?

– У мяне няма канкрэтыкі адносна асноўных тэмаў, але я ведаю, што «рэагаванне і падмацаванне» зноў будуць сярод дыскусійных пытанняў. На саміце НАТО можа быць анансаванае стварэнне дзвюх новых вайсковых групаў генеральскага ўзроўню. Адна з іх будзе ў Нямеччыне, а другая – у ЗША (яна будзе сачыць за абаронаю берагавой лініі). У кампетэнцыю «нямецкай групы» будзе ўваходзіць арганізацыя падмацавання з Паўночнай Амерыкі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі ў НАТO або падтрыманне буйных вучэнняў – такіх, як цяперашнія.

– Што вы можаце сказаць пра рэакцыю Расеі на вучэнні?

– Нагадаю, першы раз мы правялі «Удар шаблі» ў 2010 годзе. Так, цяпер мы ладзім больш складаныя віды аперацыяў, надаем асаблівую ўвагу хуткасці рэагавання, хуткасці прыняцця рашэнняў, хуткасці арганізацыі падмацавання. Але гэта наўрад ці будзе чымсьці прынцыпова новым і нечаканым для Расеі ці Беларусі. Кіраванне і Кантроль (Command and Control, С2) з акцэнтам на шматнацыянальны склад – адзін з асноўных элементаў вучэнняў.

– Як бы вы падвялі вынікі прысутнасці арміі ЗША ў Еўропе за мінулы год?

– Бяспека краінаў НАТО і нашых партнёраў – нарожны камень нашых абавязальніцтваў. І ЗША і партнёры ў НАТО паказваюць на справе, з дапамогай вучэнняў, што мы клапоцімся пра бяспеку ў гэтым рэгіёне, і што будзе вялікай памылкай сумнявацца ў гэтым.

* CEPA – некамерцыйны і недзяржаўны экспертна-аналітычны цэнтр у Вашынгтоне, офіс якога працуе і ў Варшаве. Цэнтр вывучае праблемы бяспекі, якую даюць баявыя магутнасці (Hard Security) на ўсходнім флангу НАТО, таксама праблемы інфармацыйнай вайны, энергетычнай бяспекі і расейскае пытанне. У цэнтры ўвагі цэнтру – народы і краіны на ўсходнім флангу НАТО.

Глядзі таксама
Каментары