Фота з сацсетак. Усевалад Чаплін плюнуў на пост і замовіў у «McDonaldʼs» бургер
Намеснік кіраўніка Сусветнага расейскага народнага сабору протаіерэй Усевалад Чаплін лічыць, што адсутнасць ідэйнай свабоды і шырокай грамадскай дыскусіі прывядзе да катастрофы ў Расеі. Паводле протаіерэя, чакаць засталося нядоўга. Катастрофа можа адбыцца ўжо ў 2017 годзе.
«Некаторыя лічаць, што трэба звузіць грамадскую дыскусію, не заўважаць таго, што адбываецца ў розумах людзей, у сферы зносінаў паміж людзьмі, і так мы спакайней дажывем да 17-га ці 18-га года. Спадарства, так не будзе», – заявіў Чаплін на прэс-канферэнцыі ў Маскве.
«Калі мы будзем спрабаваць замоўчваць нейкія праблемы, мы можам адкласці катастрофу на год ці на два, але гэтым мы зробім яе непазбежнай», – мяркуе былы кіраўнік аддзелу РПЦ па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства.
Усевалад Чаплін упэўнены, што павінны сысці ў мінулае «усё тыя амаральныя эліты, якія сёння перашкаджаюць краіне развівацца», каб палепшыць уладу ў краіне і «не даць шанцаў рэвалюцыі, нам трэба актыўна прапаноўваць мадэлі мірнай перабудовы краіны, у тым ліку маральнай перабудовы».
«Улада памянялася, улада больш не знаходзіцца ў руках сілавых структураў, фармальных дзяржаўных або рэлігійных іерархіяў, камерцыйных структураў. Улада сёння фармуецца ў свеце ідэяў. Першы, хто сфармулюе і выкажа ідэі, якія найбольш адэкватна адлюструюць будучыню, у таго будзе і ўлада», – зазначыў падчас прэс-канферэнцыі святар.
24 снежня стала вядома, што Усевалада Чапліна звольнілі з пасады кіраўніка аддзелу па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам. Протаіерэй патлумачыў сваю адстаўку рознагалоссямі з патрыярхам і заявіў, што кіраўнік РПЦ доўга не пратрымаецца.
Чаплін працуе настаяцелем маскоўскага Храма Свяціцеля Мікалая на Трох Гарах.
ЮВ, belsat.eu, паводле interfax.by