ЗША збіваюць у Сірыі самалёты Асада і Ірану, каб паказаць Пуціну ягонае месца


Амерыканскі знішчальнік F-15 пускае ракету класа "паветра-паветра". Фота wikipedia.org

За некалькі дзён амерыканская авіяцыі збіла ўжо два лятучыя апараты хаўруснікаў расейскага прэзідэнта ў Сірыі. Спачатку гэта быў знішчальнік Су-22 сіл прэзідэнта краіны Башара Асада, потым – узброены іранскі беспілотнік Shahed-129. Піша Аляксандр Гелагаеў.

У аўторак іранскі ўдарны дрон набліжаўся да пазіцый у сірыйскім горадзе Танф, які амерыканскія, брытанскія і нарвежскія падраздзяленні спецыяльнага прызначэння выкарыстоўваюць як базу для падрыхтоўкі паўстанцаў, якія ваююць супраць Асада і тэрарыстаў з «Ісламскай дзяржавы». У выніку амерыканскі знішчальнік F-15 знішчыў цэль.

Сілы міжнароднай кааліцыі пад кіраўніцтвам ЗША заявілі, што не збіраюцца ваяваць супраць арміі Асада, расейскіх войск ці іх хаўруснікаў, аднак будуць бараніць сябе ці сваіх партнёраў ад любой пагрозы.

«Вайна за спадчыну ІД»

Эскалацыя напружанасці адбылася на фоне вялікіх аперацый, якія міжнародная кааліцыя праводзіць супраць «ІД» – заканчэння штурму гораду Масула ў Іраку і паступовага акружэння гораду Рака ў Сірыі, які лічыцца сталіцай ісламістаў.

Мапа Сірыі. Жоўтае – СДС, ружовае – сілы Асада, шэрае – “Ісламская дзяржава”. Чырвоная лінія – рака Еўфрат, на захад ад якой Масква не хоча бачыць самалётаў кааліцыі.

Калі ў Іраку няма палітычных сілаў, якія ваююць і супраць ісламістаў, і супраць антыісламісцкай кааліцыі на чале з ЗША, то ў шматбаковай грамадзянскай вайне, якая адбываецца ў Сірыі, сітуацыя іншая. У Сірыі ЗША падтрымліваюць Сірыйскія Дэмакратычныя Сілы – шматэтнічны і шматрэлігійны кангламерат палітычна-вайсковых фарміраванняў, якія змагаюцца адначасова супраць сірыйскага дыктатара Башара Асада і ісламістаў.

Асноўную ролю ў СДС граюць курды, аднак прысутнічаюць таксама мусульмане іншых этнасаў (арабы, туркмены, чэркесы, чачэнцы) і хрысціяне (армяне і асірыйцы). Усе яны абвесцілі сваёй мэтай пабудову секулярнай дэмакратычнай Сірыі з федэратыўным дзяржаўным ладам.

Баевікі «ІД», якія ваююць адначасова і з Асадам і з СДС, паступова адцягваюцца да Ракі, каб ваяваць з СДС. У выніку войскі Асада, якія карыстаюцца падтрымкай расейскай і іранскай авіяцыі, без вялікіх баёў наступаюць і ўваходзяць ва ўсё больш шчыльны кантакт з сіламі СДС. Паміж двума бакамі пачынаюцца ўзброеныя сутыкненні.

Лінія сутыкнення войск Асада і СДС можа стаць у будучым мяжой двух новых дзяржаўных утварэнняў на месцы Сірыі – такім чынам абодва бакі зацікаўленыя ў тым, каб максімальна прасунуцца наперад, не даць канкурэнту захапіць зашмат зямлі, з якой адступаюць ісламісты.

Яшчэ адзін «нож у спіну»?

Такім чынам, праціўнікі, за якімі стаяць ЗША і Расея, рызыкуюць увязацца ў канфлікт ужо паміж сабой, дзелячы скуру яшчэ не да канца дабітай «Ісламскай дзяржавы». Аднак на больш высокім узроўні сітуацыя сведчыць пра правал палітыкі Уладзімера Пуціна выкарыстаць сірыйскую вайну як пляцоўку для вялікіх перамоваў з ЗША.

Пасля анексіі Крыму і арганізацыі вайны супраць Украіны на Данбасе ў 2014 годзе адпраўка расейскіх войск у Сірыю ў 2015 годзе была ацэненая амаль усімі аналітыкамі як заяўка на нармалізацыю адносін з Захадам, як спроба праз сумесную барацьбу з ісламістамі дамовіцца пра падзел сфер уплыву – перш за ўсё дамагчыся прызнання анексіі Крыма і хаця б частковага зняцця санкцый.

Амерыканскі штурмавік А-10 падтрымлівае аперацыі супраць “ІД”. Верагодна, унізе Еўфрат. Фота – Michael Battles / U.S. Air Force.

Дзеянні амерыканскай авіяцыі, як і больш ранні ўдар ракетамі Tomahawk па сірыйскай авіябазе Шайрат, дэманструюць нежаданне прызнаваць расейскі экспедыцыйны корпус у Сірыі роўнай сабе сілай, а пазіцыі Масквы ў Сірыі – аргументам у вялікай геапалітычнай гульне.

Вясной, хоць Масква заяўляла пра намер бараніць сірыйскія войскі ад бамбёжак, расейскія зенітныя комплексы С-300 і С-400 не зрабілі аніводнага стрэлу па 59 «тамагаўкаў», якія каралі Башара Асада за хімічную атаку супраць мірнага насельніцтва.

Цяпер, хоць Масква пагражае зрабіць самалёты міжнароднай кааліцыі цэлямі для сваіх зенітных комплексаў, Вашынгтон адкрыта кажа, што не пераменіць сваю палітыку ў паветранай вайне.

Пуціну застаецца альбо адступіць, альбо рызыкаваць эскалацыяй канфлікту з Захадам там, дзе ён збіраўся з Захадам мірыцца. Пры гэтым забеспячэнне расейскіх сіл у Сірыі можа быць у любы момант перарэзанае сіламі кааліцыі, што азначае хуткую і маштабную паразу Масквы пры любым варыянце развіцця падзеяў у бок эскалацыі.

 

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары