ЗША выходзяць з Парыжскага пагаднення па клімаце


Прэзідэнт Дональд Трамп абвясціў аб выхадзе ЗША з Парыжскага пагаднення, ухваленага ў 2015 годзе, аб супрацьдзеянні глабальнаму пацяпленню.

Пры гэтым Трамп заявіў, што Вашынгтон пачне новыя перамовы аб заключэнні пагаднення па клімаце на справядлівых і выгадных для Злучаных Штатаў умовах, перадае Бі-бі-сі.

«Гэта пагадненне – не столькі пра клімат, колькі пра тое, што іншыя краіны атрымліваюць перавагу за кошт Злучаных Штатаў», – заявіў Дональд Трамп.

Выкананне абавязкаў у адпаведнасці з Парыжскім пагадненнем, заявіў Дональд Трамп, каштавала б ЗША да 2025 года 2,7 млн працоўных месцаў.

Парыжскае пагадненне прадугледжвае абавязак скараціць выкіды вуглякіслага газу ў атмасферу, а таксама выдзеліць да 2025 году 100 млрд долараў краінам, якія развіваюцца, на вырашэнне праблемаў экалогіі. Дакумент падпісалі больш за 170 дзяржаў – у тым ліку ЗША, Кітай і Расея.

Крытыкі Трампа лічаць, што выхад Вашынгтона з Парыжскага пагаднення нанясе ўдар па намаганнях сусветнай супольнасці ў барацьбе з глабальным пацяпленнем. Ілон Маск, амерыканскі мільярдэр і сузаснавальнік вядомых у свеце кампаніяў Tesla, SpaceX і PayPal, заявіў, што не бачыць у гэтай сітуацыі для сябе «іншага выйсця, акрамя як пакінуць раду пры Белым доме», перадае радыё «Свобода».

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў