ЗША, Вялікая Брытанія і Францыя ўдарылі па Сірыі


14 красавіка 2018 года. Зенітны агонь бачны над Дамаскам. Фота – Feras Makdesi/Reuters

Гэтая атака стала найбуйнейшым умяшаннем Захаду ў сірыйскі канфлікт ад ягонага пачатку.

14 красавіка а 4-й раніцы па сірыйскім часе (супадае з менскім) вайсковыя сілы ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі супольна нанеслі ракетны ўдар па Сірыі. Цэлямі ўдару былі навуковы цэнтр у Дамаску, склад хімічнай зброі ў Хомсе і камандны пункт побач.

Прэзідэнт ЗША абвясціў пра ваенныя дзеянні з боку Белага дому, заявіўшы, што трое саюзнікаў «ужылі сваю праведную сілу супраць варварства і жорсткасці». Доналд Трамп прыняў рашэнне атакі без згоды Кангрэсу, у адпаведнасці з 2-м артыкулам канстытуцыі.

Вядома, што ЗША выкарысталі караблі і ваенна-паветраныя сілы. У атацы браў удзел прынамсі адзін карабель вайсковага флоту ЗША, які базуецца ў Чырвоным моры. Пры нападзе ўжылі таксама бамбавальнікі B-1. Міністр абароны ЗША генерал Джэймз Мэтыс заявіў, што ўдар быў у два разы мацнейшы за папярэдні ракетны ўдар год таму.

Падчас сённяшняй атакі былі ўжытыя ракеты «Тамагаўк», чый дыяпазон складае ад 1,2 да 2,5 тыс. км, а хуткасць – 880 км у гадзіну. Яны ляцяць на нізкай вышыні, каб пазбегнуць выкрыцця радарамі.

Упершыню амерыканцы выкарысталі «Тамагаўкі» падчас вайны ў Персідскім заліве ў 1991 годзе.

Непасрэднай прычынай нападу стала хімічная атака ўва Усходняй Гуце пад Дамаскам у мінулую суботу. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у шпіталі з сімптомамі ўздзеяння хімічных рэчываў трапілі каля 500 пацыентаў.

І ўрад Сірыі і Расеі зняпраўджваюць гэтыя звесткі і абвінавачваюць паўстанцаў у Думе ў фабрыкаванні доказаў хімічнага нападу.

Расея заявіла, што яна будзе перахопліваць ракеты, якія атакуюць Сірыю. Пасля ўдару міністэрства абароны Расеі паведаміла, што ні адна з выпушчаных ракетаў не трапіла ў зону адказнасці супрацьпаветранай абароны, якая абараняе расейскія базы ў Тартусе і Хмейміме.

Сірыйскае тэлебачанне паведаміла, што ракеты, якія атакавалі Хомс, былі захопленыя сірыйскім войскам. «Нашая абарона зенітны дае супраціў амерыканскай агрэсіі», – сказалі ў навінах.

Анатоль Антонаў, амбасадар Расеі ў ЗША, абвінаваціў Захад у рэалізацыі загадзя падрыхтаванага сцэнару.

«Мы папярэджвалі, што такія дзеянні не застануцца без наступстваў. Уся адказнасць ляжыць на Вашынгтоне, Лондане і Парыжы. Абразу прэзідэнта Расеі непрымальна. ЗША – уладальнік самага вялікага арсенала хімічнай зброі – не мае ніякага маральнага права вінаваціць іншыя краіны», – гаворыцца ў паведамленні амбасады Расеі ў ЗША.

Прэсавая сакратарка расейскага МЗС Марыя Захарава напісала, што ЗША ўдарылі па Сірыі ў той момант, калі краіна нарэшце атрымала шанец на мірную будучыню, і абвінаваціла Белы дом тым, што пры прыняцці такіх рашэнняў там вельмі давяраюць медыям.

Беларусь асудзіла ўдар па Сірыі.

«Ужыванне забароненых відаў зброі масавага паражэння не павіннае заставацца без наступстваў. Аднак крокі ў адказ павінныя грунтавацца на адназначных і правераных фактах і прымацца ў строгай адпаведнасці з нормамі міжнароднага права. Ні адзін з гэтых крытэрыяў не быў выкананы тымі, хто сёння нанёс удар па Сірыі», – гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.

ДД

Глядзі таксама
Каментары