ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Венесуэлы


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ, які забараняе праводзіць аперацыі з новымі даўгавымі абавязацельствамі і дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі Венесуэлы. Гэты крок зроблены для аказання ціску на афіцыйны Каракас.

Указ Трампа забараняе праводзіць фінансавыя здзелкі з урадам Нікаляса Мадура і дзяржаўнай нафтавай кампаніяй PDVSA. Белы дом растлумачыў, што мэта яго дзеянняў – аднаўленне дэмакратыі ў Венесуэле. Для гэтага, Мадура павінен правесці сумленныя і свабодныя выбары і вызваліць усіх палітвязняў.

Амбасадар ЗША ў ААН Ніккей Хэйлі заявіла: «Мы не маем намеру мірыцца з дыктатурай, якую ён спрабуе стварыць, і мы не маем намеру паважаць яго ганебную асамблею». Хэйлі мае на ўвазе арганізаваную Мадура Канстытуцыйную асамблею, якой прысвоілі заканадаўчыя паўнамоцтвы – у абыход парламента, які кантралюе апазіцыя.

Міністр замежных спраў Венесуэлы Хорхе Арреаса назваў санкцыі «горшым актам агрэсіі супраць Венесуэлы за апошнія 200 гадоў». Ён таксама выказаў здагадку, што ЗША маюць намер дамагчыся пачатку ў краіне гуманітарнага крызісу і замарыць венесуэльскі народ голадам, паведамляе «Голас Амерыкі».

Мадура абвінаваціў Трампа ў парушэнні міжнароднага права. Дзеянні амерыканскага прэзідэнта прычыняць «велізарную шкоду» венесуэльскай эканоміцы і амерыканскім інвестарам, адзначыў ён. «Яны здзяйсняюць крадзеж, махлярства», – цытуе Мадуру РИА Новости.

Раней ЗША ўвялі абмежаванні адносна Нікаляса Мадуры асабіста. Пад санкцыі трапілі ўсе актывы прэзідэнта Венесуэлы, якія могуць знаходзіцца пад юрысдыкцыяй ЗША. Амерыканцам забаронена весці справы з венесуэльскім прэзідэнтам.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары