ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць Ірану з прычыны ракетаў


Фота topwar.ru

ЗША наклалі новыя санкцыі на іранскія кампаніі і прыватных асоб праз выпрабаванні балістычнай ракеты, якія нядаўна адбыліся ў краіне.

Санкцыі, якія тычацца 11-ці кампаніяў і асоб, забараняюць ім выкарыстоўваць банкаўскую сістэму ЗША.

Гэты крок быў зроблены на наступны дзень пасля таго, як з Ірану знялі міжнародныя санкцыі, звязаныя з яго ядравай праграмай.

«Значная пагроза»

Новыя абмежаванні былі справакаваныя тым, што ў кастрычніку 2015-га года Іран правёў выпрабаванні балістычнай ракеты, якая здольная несці ядравую боегалоўку. Гэтак краіна парушыла рэзалюцыі ААН.

«Праграма Ірану па распрацоўцы балістычных ракет уяўляе значную пагрозу для рэгіянальнай і глабальнай бяспекі. Яна і ў далейшым будзе падвяргацца міжнародным санкцыям», – заявіў намеснік дзяржсакратара ЗША ў фінансавай выведцы і процідзеяння тэрарызму.

Раней прэзідэнт Ірану Хасан Рухані (Hassan Rouhani) прывітаў адмену міжнародных санкцыяў, заявіўшы, што гэтае рашэнне «адкрывае новы раздзел» у адносінах Ірану і рэшты свету.

«Міжнародная дыпламатыя»

У суботу Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) абвясціла аб выкананні Тэгеранам усіх умоў, якія тычацца дэмантажу яго ядравай праграмы.

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама (Barack Obama) вітаў пагадненне з Іранам.

«Гэта добры дзень, паколькі мы зноў бачым, чаго можна дамагчыся міжнароднай дыпламатыяй», – сказаў лідар ЗША.

«Цягам дзесяцігоддзяў праз рознагалоссі нашыя ўрады практычна не мелі зносінаў, што ў канчатковым выніку не спрыяла прасоўванню нашых інтарэсаў», – адзначыў Оўбама.

МЯ, паводле bbc.com

Глядзі таксама
Каментары