ЗША ўпершыню выкарысталі «маці ўсіх бомбаў», забілі дзясяткі ісламістаў


Фота list25.com

Амерыканская авіяцыя ўпершыню скінула ў баявых умовах самую вялікую неядравую бомбу ў свеце, у выніку чаго загінулі як мінімум 36 баевікоў «Ісламскай дзяржавы», заяўляе Пентагон.

Міністэрства абароны Афганістану паведаміла, што ў гіганцкім выбуху цывільныя жыхары не пацярпелі.

Фрагмент відэа з выпрабаваннямі бомбы GBU-43.

Амаль 10-тонную бомбу GBU-43, якая нясе 8.500 кілаграм выбухоўкі, выкарысталі супраць падземнай базы баявікоў-ісламістаў у усходняй правінцыі Нангарар, якая мяжуе з Пакістанам. Тут групоўка баевікоў «ІД-Х», якую аперацыі амерыканскіх і афганскіх войскаў прымусілі абараняцца ў гарах, стварыла сапраўдны лабірынт падземных тунэляў, бункераў і мінных пастак.


Мапа Афганістана. Зоркай пазначаная кропка, куды скінулі бомбу. Інфаграфіка Reuters.

«ІД-К» называюць групоўку «ІД» у Харасане – вялікай гістарычнай вобласці, якая зараз падзеленая паміж Іранам, Таджыкістанам, Афганістанам, Узбекістанам і Туркменістанам.

«Гэта як раз правільны баепрыпас для знішчэння гэтых перашкодаў і вытрымлівання хуткасці нашага наступу супраць »ІД-Х«», – заявіў камандуючы сіламі ЗША ў Аўганістане генерал Джон Нікалсан.


Інжынеры, якія распрацоўвалі бомбу GBU-43, стаяць побач з яе першай версіяй.

Бомбу GBU-43 скінулі з самалёта Lockheed MC-130, які звычайна выкарыстоўваецца як транспартны і дэсантны. Баепрыпас мае GPS-навядзенне і ніколі раней не выкарыстоўваўся ў баі пасля выпрабаванняў у 2003 годзе. Тады выбух стварыў грыбападобнае воблака бачнае з адлегласці больш за 32 кіламетры.

GBU-43 называюць «маці ўсіх бомбаў» не толькі за памеры, але і за скарот MOAB у афіцыйнай класіфікацыі – Massive Ordnance Air Blast (цяжкі баепрыпас фугаснага дзеяння), што вайскоўцы і інжынеры прыдумалі расшыфраваць як Mother Of All Bombs.

Амерыканскія вайскоўцы паведамілі, што трымалі бомбу ў Афганістане «на ўсякі выпадак» яшчэ з часоў прэзідэнта Барака Оўбамы.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары