ЗША ўпершыню паставяць смяротную зброю Украіне


Адміністрацыя Доналда Трампа ўпершыню санкцыянавала камерцыйныя пастаўкі смяротнай зброі ва Украіну.

Як паведамляе The Washington Post, раней у снежні Дзярждэпартамент выдаў ліцэнзію на пастаўкі снайперскіх вінтовак M107A1 і спадарожнай амуніцыі на суму 41,5 мільёна долараў. Пры гэтым улады ЗША не далі згоды на пастаўкі процітанкавых ракет Javelin і другога цяжкага ўзбраення, як таго прасіў урад Украіны. Напрамую ўрад ЗША прадаваць зброю або займацца пастаўкамі не будзе.

Кангрэс ЗША прыняў закон, які заахвочвае пастаўкі смяротнай зброі ва Украіну яшчэ ў 2014 годзе, аднак адміністрацыя Барака Абамы ні разу гэтым не скарысталася, адзначае выданне.

Старшыня камітэта па міжнародных адносінах Сената ЗША Коркер, які ўдзельнічаў у распрацоўцы закона, вітаў рашэнне адміністрацыі Трампа.

«Гэтае рашэнне адлюстроўвае нашу даўнюю прыхільнасць Украіне перад тварам расейскай агрэсіі», – заявіў ён.

«Мы перасеклі Рубікон, гэта смяротная зброя, і думаю, далей пастаўкі толькі пашырацца», – кажа іншы высокапастаўлены кангрэсмен.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў