ЗША ўключылі Рамзана Кадырава ў «спіс Магніцкага»


Мінфін ЗША ўнёс кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава ў санкцыйны «спіс Магніцкага», паведамляецца на сайце ведамства.

У ведамстве заявілі, што лічаць Кадырава «адказным за пазасудовыя пакаранні смерцю, катаванні і іншыя сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека».

«Як кіраўнік Чачэніі, Кадыраў кантралюе адміністрацыю, якая мае дачыненне да знікненняў і пазасудовых расправаў. Адзін з палітычных апанентаў Кадырава, як лічылася, быў забіты па яго ўказанні пасля абвінавачванняў у катаваннях і кепскім абыходжанні ў Чачэніі», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Пра якога апанента Кадырава ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Пад санкцыі таксама патрапілі грамадзяне РФ Юлія Маёрава, Андрэй Паўлаў і Аляксей Шашэня.

Акт Магніцкага быў прыняты ў ЗША ў снежні 2012 года. Ён прадугледжвае санкцыі ў дачыненні да расейцаў, якія, на думку чальцоў Кангрэса, датычныя да парушэнняў правоў чалавека і карупцыі.

Акт прадугледжвае адмову ў візах, а таксама фінансавыя санкцыі ў дачыненні да расейскіх чыноўнікаў, якія, як мяркуюць у Вашынгтоне, датычныя да смерці юрыста фонду Hermitage Capital Сяргея Магніцкага ў СІЗА у 2099 годзе і іншых парушэнняў правоў чалавека.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў