ЗША спынілі двухбаковыя кантакты з Расеяй па Сірыі


Пра гэта заявілі ў Дзярждэпартаменце Злучаных Штатаў.

У ведамстве патлумачылі, што такое рашэнне матываванае тым, што Расея не прытрымлівалася прынятага ў верасні пагаднення аб аднаўленні перамірʼя і бесперабойнай дастаўцы гуманітарнай дапамогі ў зону баявых дзеянняў.

Міністэрства замежных справаў Расеі на дэмарш амерыканскага боку заявіла, што «ЗША не выканалі шэраг ключавых палажэнняў па дамоўленасцям з РФ па Сірыі, а цяпер спрабуюць перакласці на Маскву адказнасць за гэта», перадае агенцтва «Інтэрфакс».

Рашэнне спыніць двухбаковую супрацу з РФ было прынятае ЗША неўзабаве пасля таго, як прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвясціў аб прыпыненні дзеяння расейска-амерыканскага пагаднення аб утылізацыі вайсковага плутонію. Прадстаўнік Белага дому Джош Эрнэст заявіў, што Вашынгтон «расчараваны» гэтым рашэннем.

У верасні Расея і ЗША ўзгаднілі чарговае перамірʼе ў Сірыі. Яно пачалося 12 верасня. 17 верасня міжнародная кааліцыя пад кіраўніцтвам ЗША па барацьбе з «Ісламскай дзяржаваю» абстраляла пазіцыі урадавых войскаў, у выніку чаго загінулі некалькі дзясяткаў жаўнераў і больш за сто атрымалі раненні.

19 верасня ўрад Сірыі абвясціў аб спыненні перамірʼя. У той жа дзень у раёне Алепа быў абстраляны гуманітарны канвой ААН. 20 асобаў загінулі. Больш за палову грузавікоў з гуманітарнай дапамогаю згарэлі.

ЗША і краіны ЕЗ упэўненыя, што гэта зрабілі ўрадавыя войскі Сірыі або Расея. РФ гэтыя абвінавачванні абвяргае.

Пасля спынення перамірʼя сірыйская армія пры падтрымцы Масквы пачала штурм усходніх кварталаў Алепа, якія знаходзяцца пад кантролем паўстанцаў. Падчас аперацыі загінула каля 400 мірных жыхароў.

ЮВ, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў