ЗША спусцілі Лукашэнку на зямлю

video

Аляксандр Лукашэнка ў дзень парламенцкіх выбараў выказваў вялікія спадзевы на паляпшэнне дачыненняў са Злучанымі Штатамі.

«Ці будзе амбасадар? Абавязкова будзе! Мы пра гэта ў прынцыпе дамовіліся»

У Белым Доме разбілі мары кіраўніка Беларусі

У Вашынгтоне хоць і заўважылі некаторыя паляпшэнні на парламенцкіх выбарах, але адзначылі, што лічыць іх сумленнымі і дэмакратычнымі немагчыма. Больш за тое, прадстаўнік Дзярждэпартаменту даў зразумець афіцыйнаму Менску, што, калі сітуацыя з правамі чалавека будзе пагаршацца, санкцыі застануцца.

«Рэжым санкцыяў увялі дзеля таго, каб паспрыяць развіццю дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, і калі Беларусь зробіць істотныя крокі ў гэтых сферах, то ЗША аблегчыць санкцыі. Але, калі Беларусь зробіць крокі, што будуць супярэчыць яе міжнародным абавязкам, тады мы пакідаем за сабою права ўзмацняць санкцыі або спыніць працэс іх паслаблення», – зазначыў Марк Тоўнэр, прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША.

Рэпрэсіі ўзмацніліся

Улады чакаюць паслаблення санкцыяў, але пры гэтым самыя не паслабляюць ціску на актывістаў. Трое сутак пачынаючы з выбарчага вечара правялі на «Акрэсціна» незалежныя назіральнікі ды апазіцыйныя актывісты Леанід Кулакоў і Сяргей Мацкойць.

«На нас з некалькіх бакоў, пад відэазапіс супрацоўнікаў 6 ці 8 міліцыі з відэакамерай, якія не прадставіліся, заломваюць рукі, пачынаецца вобшук», – распавёў Сяргей Макойць, актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Абсалютна цвярозых назіральнікаў змясцілі… у выцвярэзнік, дзе алкатэсты заканамерна пацвердзілі адсутнасць алкагольнага ап’янення. І тады іх асудзілі… за непадпарадкаванне міліцыі.

Сёння ж у Цэнтральны суд сталіцы выклікалі лідара АГП Анатоля Лябедзьку, а справу Міколы Статкевіча разглядалі нават не паведаміўшы палітыку.

Грамадскага актывіста Алега Корбана той жа суд аштрафаваў на Br 420 за ўдзел у святочнай акцыі з нагоды 25-годдзя Незалежнасці Беларусі.

Прэсу таксама кранаюць

Не забывае ўлада і пра незалежныя медыі. Газеце «Новы час» міністр інфармацыі Лілія Ананіч адмовіла ў распаўсюдзе праз кіёскі і «Белпошту».

Магчыма, яна не любіць беларускую мову, магчыма яна не любіць нармальную ўдумлівую, сурʼёзную газету, якая не проста друкуе навіны і паведамленні, якія нікога не чапляюць, а якая друкуе сурʼёзныя аналітычныя артыкулы», – упэўненая Аксана Колб, галоўная рэдактарка газеты «Нова Час».

Тым часам, як мяркуюць аналітыкі, улады, што адносна стрымліваліся ў часе выбарчай кампаніі, цяпер вернуцца да стану рэгулярнага пераследу актывістаў ды незалежных медыяў. Але, каб не пагаршаць дачыненняў з Захадам, рабіць гэта будуць без залішняй жорсткасці.

«Трэба не дапускаць эксцэсаў. Можна фальсіфікаваць выбары, можна ціснуць на апазіцыю, можна адміністратыўна арыштоўваць, даваць штрафы, разганяць акцыі, але не брутальна»., – патлумачыў палітолаг Андрэй Ягораў.

Гэтак адразу пасля выбараў рэпрэсіўная машына на сярэдніх абаротах ізноў запрацавала

Вольга Старасціна, «Белсат», фота – belprauda.org

Глядзі таксама
Каментары