ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць Расеі


Амерыканскі амбасадар Джон Гантсмэн накіраваў у расейскае МЗС ліст, у якім гаворыцца, што ўлады ЗША рыхтуюць новыя санкцыі ў дачыненні Расеі. Гэтым разам проста «за падтрымку» сірыйскага прэзідэнта Башара Асада, якога Белы дом абвінавачвае ў арганізацыі хімічных нападаў на ўласнае насельніцтва.

У першай частцы ліста, накіраванага ў МЗС РФ, па інфармацыі газеты «Коммерсант», гаворыцца пра матывацыю сілавой аперацыі, што праведзена ў дачыненні Сірыі амерыканцамі і іх саюзнікамі. На думку ЗША, сірыйскія ўлады вінаватыя ва ўжыванні хімічнай зброі да насельніцтва, і міжнародная супольнасць абавязана зрабіць захады, каб спыніць Башара Асада.

У другой жа частцы свайго паслання Джон Гантсмэн паведамляе Маскве, што Вашынгтон мае намер увесці ў дачыненні яе новыя санкцыі. Гэтым разам – «за падтрымку сірыйскага рэжыму».

Нагадаем, учора а 4-й раніцы ЗША, Брытанія і Францыя выпусцілі больш за сотню крылатых ракетаў па ваенных аб’ектах Башара Асада. Доналд Трамп папярэдзіў Башара Асада аб гатовасці да новых авіяўдараў, калі асадаўцы зноўку правядуць хімічныя атакі.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў