ЗША разглядаюць магчымасць дапамагчы Украіне зброяй


Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама вывучае розныя варыянты дапамогі Украіне, у тым ліку і абаронным узбраеннем, заяўляе дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

«Прэзідэнт паўторна пераглядае ўсе магчымасці (дапамогі Украіне – belsat.eu). Адна з магчымасцяў – наданне абароннай дапамогі Украіне», – заявіў Керы на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм’ер-міністрам Украіны Арсеніем Яцэнюком.

Паводле слоў дзяржсакратара, гэтыя дыскусіі зараз ідуць і Оўбама «прыме сваё рашэнне ў найбліжэйшы час», інфармуе interfax.by.

Керы адзначыў, што прэзідэнт ЗША спачатку выслухае ягонае меркаванне пасля вяртання з Украіны, будзе ўлічана меркаванне еўрапейскіх партнёраў пасля Мюнхенскай канферэнцыі, а таксама візіту ў Вашынгтон канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель.

«І калі прэзідэнт будзе лічыць неабходным або будзе гатовы, то ён прыме сваё рашэнне», – заўважыў кіраўнік амерыканскай дыпламатыі.

Разам з тым Керы падкрэсліў, што Оўбама лічыць найлепшым шляхам развязання канфлікту дыпламатычны шлях.

У сваю чаргу прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк адзначыў, што Украіна просіць дапамагчы ёй у павышэнні сваёй баяздольнасці не дзеля нападу, а для абароны.

«Расейская агрэсія – гэта пагроза агульнаму парадку, бяспецы Еўропы і краін-чальцоў НАТО. Мы хочам дамагчыся міру, але для таго, каб гэта зрабіць, трэба абараніць краіну і мы мусім стрымліваць расейцаў, не дазваляць расейскім Узброеным сілам рухацца ўсё далей і далей углыб краіны», – сказаў Яцэнюк.

Ён дадаў, што Украіна зрабіла ўсё, што ад яе залежыць, для рэалізацыі Менскіх дамоўленасцяў, але Расея насуперак сваім заявам не зрабіла нічога і працягнула эскалацыю канфлікту.

ЗША гатовыя даць Украіне $16,5 млн дзеля дапамогі пацярпелым у выніку канфлікту на Данбасе. Злучаныя Штаты гатовыя даць Украіне яшчэ адну гарантыю пазыкі на $ 1 млрд у выпадку паспяховага правядзення рэформаў, падае pravda.com.ua.

МЯ, паводле interfax.by, pravda.com.ua

Стужка навінаў